Сустрэча з генеральным сакратаром АДКБ Мікалаем Бардзюжам
- 1
Сесію Савета калектыўнай бяспекі Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы плануецца правесці 23 снежня. Аб гэтым ішла размова 4 лістапада на сустрэчы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі з генеральным сакратаром АДКБ Мікалаем Бардзюжам.
"Я лічу, недзе 23 снежня, калі не будзе надзвычайных сітуацый, мы правядзём гэта пасяджэнне. Напярэдадні, я думаю, будуць засядаць міністры абароны, замежных спраў, дзяржсакратары", - сказаў Аляксандр Лукашэнка. "Мне хацелася б ведаць асноўныя пытанні, якія мы будзем разглядаць, наколькі яны важныя, наколькі падтрымліваюцца членамі нашай Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы. Тым больш што, напэўна, супакойвацца не час", - адзначыў Кіраўнік беларускай дзяржавы.
![]()
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што ў Аб'яднаных Арабскіх Эміратах, адкуль ён нядаўна вярнуўся, былі праведзены сур'ёзныя перагаворы з кіраўніцтвам гэтай краіны. "Я зразумеў, што і там далёка ад стабільнасці, асабліва ў Егіпце, Лівіі, з так званай Ісламскай дзяржавай не ўсё ў парадку. Карацей, ідзе вайна па ўсім Усходзе. Ну, што гаварыць аб Усходзе, калі ў нас каля парога сёння неспакойна. Хто б падумаў, што ва Украіне некалі нам давядзецца сутыкнуцца з такім канфліктам", - сказаў Прэзідэнт.
"Таму наша бяспека перш за ўсё, і мы ў Беларусі вельмі сур'ёзна ўспрымаем усе працэсы, якія адбываюцца і паблізу нашых граніц, і далей. І ў гэтым напрамку мы будзем дзейнічаць, падтрымліваючы нашых сяброў па АДКБ, наколькі мы гэта можам, і, зразумела ж, надаючы сур'ёзную ўвагу абароне ўласных рубяжоў, у тым ліку разам з Расійскай Федэрацыяй на гэтым заходнім напрамку ў зоне нашай адказнасці", - падкрэсліў кіраўнік беларускай дзяржавы.
У сваю чаргу Мікалай Бардзюжа лічыць, што пасяджэнне Савета калектыўнай бяспекі АДКБ будзе праходзіць у вельмі няпростай сітуацыі. "Ацэньваючы сёння ў цэлым абстаноўку на прасторы дзеяння Дагавора аб калектыўнай бяспецы, мы адзначаем некалькі вельмі трывожных фактараў, і перш за ўсё гэта, вядома, Афганістан", - сказаў ён, звяртаючы ўвагу на тое, што сітуацыя там трансфармуецца ў горшы бок.