Сустрэча з генеральным сакратаром АБСЕ Ламберта Заньерам і дырэктарам БДІПЧ АБСЕ Міхаэлем Георгам Лінкам

  • 1
Беларусь выступае за павелічэнне ролі АБСЕ ў нармалізацыі сітуацыі ва Украіне. Аб гэтым сёння заявіў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з генеральным сакратаром АБСЕ Ламберта Заньерам і дырэктарам БДІПЧ АБСЕ Міхаэлем Георгам Лінкам.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што ў свой час Беларусь разам з іншымі партнёрамі па постсавецкай прасторы прапанавала сваё бачанне рэфармавання АБСЕ. "Але, на жаль, да гэтага часу ці то вывучаюцца гэтыя прапановы, ці то блакіруюцца асобнымі дзяржавамі гэтыя прапановы. Але ўкраінскі крызіс якраз сведчыць аб тым, што нам не патрэбна сёння дадатковая аргументацыя, каб дамовіцца аб узмацненні ролі нашай арганізацыі", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт адзначыў, што пазіцыя Беларусі адносна функцыянавання АБСЕ вядома. "Мы адназначна за ўзмацненне ролі Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе. Мы за такое рэфармаванне арганізацыі, якое значна ўзмацніла б яе ролю", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што зусім не хоча сказаць, што АБСЕ не адыгрывае ніякай ролі ў нейтралізацыі сітуацыі ва Украіне. "Якраз наадварот. Гэта адзіная арганізацыя, якая адыгрывае значную ролю ва ўрэгуляванні канфлікту і спыненні ваенных дзеянняў ва Украіне. Але факт застаецца фактам, мы хацелі б бачыць большую ўключанасць АБСЕ, большую ролю гэтай арганізацыі ў нармалізацыі сітуацыі ва Украіне", - заявіў Прэзідэнт.

Што датычыцца ролі Беларусі, то ў АБСЕ, якая з'яўляецца маторам ва ўрэгуляванні і ўключэнні краіны ў гэты працэс, яна вядома, заўважыў беларускі лідар. Кіраўнік дзяржавы растлумачыў, чаму Беларусь зацікаўлена ў хутчэйшым урэгуляванні сітуацыі ва Украіне. "Гэты канфлікт, гэта вайна практычна ўжо ў нас. Гэта ні недзе там далёка, у Лівіі, Сірыі або Іраку - гэта ў нас. Таму мы вельмі насцярожана да гэтага ставімся і вельмі не хацелі б, каб адбылася эскалацыя канфлікту", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

У час сустрэчы быў закрануты такі напрамак дзейнасці АБСЕ, як назіранне за выбарчымі кампаніямі. У бягучым годзе ў Беларусі павінны прайсці прэзідэнцкія выбары. "Лічыце, што мы запрасілі ўсіх вашых прадстаўнікоў, якіх вы лічыце патрэбным накіраваць для назірання за выбарным працэсам", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што беларускі бок не можа быць задаволены тым, як арганізавана назіранне за выбарамі з боку АБСЕ. "Не скажу, што мы задаволены, як гэта адбываецца. Не таму, што вы часцей нас крытыкуеце, чым адзначаеце штосьці станоўчае. Не, не таму, а таму што ў нас да гэтага часу няма адзіных падыходаў, правіл у рамках АБСЕ да назірання за выбарамі", - сказаў Прэзідэнт. Кіраўнік дзяржавы дадаў, што Беларусь разам з постсавецкімі рэспублікамі ў свой час прапанавала свае варыянты такіх падыходаў. "Думаю, што яны хоць калі-небудзь будуць разгледжаны і прыняты. Але жыццё ідзе. Можна пагаджацца з чымсьці - не пагаджацца, крытыкаваць адзін аднаго - не крытыкаваць. Але тым не менш мы маем абавязацельствы перад АБСЕ ў гэтай частцы", - падкрэсліў беларускі лідар.

Двухбаковае супрацоўніцтва Беларусі і АБСЕ, на думку Аляксандра Лукашэнкі, мае даволі інтэнсіўны характар. Рэалізаваны праекты, што датычацца процідзеяння гандлю людзьмі, пагранічнай бяспекі, аховы навакольнага асяроддзя. На чарзе праекты па ўтылізацыі вадкага ракетнага паліва, а таксама па праблемах з наркатрафікам. Кіраўнік дзяржавы выказаў упэўненасць, што Беларусі і АБСЕ ўдасца дамовіцца па рэалізацыі гэтых праектаў, таму што яны жыццёва важныя для Еўропы ў цэлым.

У сваю чаргу генеральны сакратар АБСЕ Ламберта Заньер заявіў, што арганізацыя прызнае важную ролю Беларусі ў працэсе мірнага ўрэгулявання канфлікту ва Украіне. Гаворачы аб стане спраў у АБСЕ, ён адзначыў, што ў арганізацыі склалася няпростая сітуацыя, якая праяўляецца ў абмежаванні свабоды дзеянняў. Ламберта Заньер лічыць, што гэта звязана з крызісам, але не самой арганізацыі, а ў цэлым сістэмы забеспячэння бяспекі ў Еўропе.