Сустрэча з генеральным пракурорам Аляксандрам Канюком

    Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка 17 лютага сустрэўся з генеральным пракурорам Аляксандрам Канюком.

    Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся вынікамі аптымізацыі органаў пракуратуры. "Мы з вамі дамаўляліся, што да 1 студзеня скончым гэту ўсю рэформу арганізацыйнай структуры пракуратуры. На што мы сёння выйшлі? Што ў нас на самай справе атрымліваецца?" – сказаў Кіраўнік дзяржавы.

    Паводле слоў Аляксандра Канюка, працэс аптымізацыі органаў пракуратуры завершаны. Створана кампактная сістэма, што складаецца з трох ступеней: пракуратуры раёна, пракуратуры вобласці і Генеральнай пракуратуры.

    Прэзідэнт таксама закрануў пытанні, што датычацца стану крымінагеннай абстаноўкі ў краіне. Ён нагадаў, што за апошнія гады ў Беларусі колькасць зняволеных скарацілася напалавіну: з прыкладна 60 тыс. да крыху больш як 30 тыс. "У сувязі з гэтым ці няма ў нас пагаршэння крымінагеннай абстаноўкі?" - пацікавіўся Кіраўнік дзяржавы. Як далажыў генеральны пракурор, назіраецца зніжэнне колькасці правапарушэнняў.

    Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў бліжэйшы час мае намер прыняць справаздачы аб рабоце ўсяго сілавога блока. "У бліжэйшы час мы знойдзем і форму, і магчымасць паслухаць увесь сілавы блок, а магчыма, нават у пракуратуры збяромся, паколькі многія пытанні зводзяцца на вас, на пракуратуры, вы, увогуле, кантралюеце законнасць дзеянняў", - сказаў Прэзідэнт.

    Кіраўніка дзяржавы праінфармавалі, што Генеральная пракуратура мае намер больш актыўна заняцца дэбіторскай запазычанасцю экспарцёраў. Адносна гэтага існуе прынцыповая дамоўленасць з генеральным пракурорам у Расіі аб сумесных дзеяннях.
    Генпракуратура Беларусі мае намер таксама актывізаваць работу адносна праверкі эфектыўнасці выкарыстання абсталявання, набытага за кошт бюджэту і дзяржпадтрымкі. Плануецца, што ў бліжэйшы час Генпракуратура і Камітэт дзяржаўнага кантролю правядуць нараду, дзе будуць выпрацаваны асноўныя напрамкі гэтай работы.

    Яшчэ адным прыярытэтным відам дзейнасці Генеральнай пракуратуры ў 2015 годзе стане нагляд у сферы падатковага заканадаўства.