Сустрэча з генеральным дырэктарам карпарацыі "ДзіПі Уорлд" Султанам Ахмедам бен Сулеймам

  • 1

Беларусь гатова рэалізоўваць з ААЭ сумесныя лагістычныя праекты. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка 4 мая на сустрэчы са старшынёй савета дырэктараў - генеральным дырэктарам карпарацыі "ДзіПі Уорлд" (ААЭ) Султанам Ахмедам бен Сулеймам.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў важнасць візіту ў Беларусь аднаго з самых уплывовых у свеце бізнесменаў. "Думаю, што прыезд у Мінск чалавека, які ведае практычна ўсё аб лагістыцы ў свеце, не выпадковы, - адзначыў Прэзідэнт. - Вы цудоўна разумееце, што Беларусь, якая знаходзіцца ў цэнтры Еўропы, з'яўляецца важным транзітным звяном паміж Усходам і Захадам, Поўначчу і Поўднем. І мне вельмі хацелася б, каб за перыяд візіту вы ўбачылі свой інтарэс у Беларусі".

На думку Аляксандра Лукашэнкі, вельмі важна, каб інтарэсы Беларусі і эмірацкай карпарацыі супалі. "У нас ёсць шмат ідэй, у вас - нямала магчымасцей, - заўважыў Кіраўнік дзяржавы. - Таму хацелася б, каб гэта супадзенне прывяло да ўзнікнення новых кампаній, у тым ліку на тэрыторыі Беларусі, а, адпаведна, і новых рабочых месц".

Прэзідэнт запэўніў, што гатовы абмяркоўваць з Султанам Ахмедам бен Сулеймам любыя пытанні, і калі эмірацкая карпарацыя вырашыць інвесціраваць у Беларусь, то для яе будуць створаны максімальна добрыя ўмовы.

У сваю чаргу Султан Ахмед бен Сулейм выказаў меркаванне, што Беларусь адыгрывае важную ролю ў развіцці транспартнай сістэмы ў Еўропе. Замежны госць адзначыў, што прыехаў у Мінск з мэтай разгляду магчымасцей наладжвання двухбаковага супрацоўніцтва. На яго думку, Беларусь з'яўляецца вельмі прывабнай краінай з лагістычнага пункту гледжання, у тым ліку і як член ЕАЭС. У ліку аднаго з важнейшых аспектаў кіраўнік эмірацкай карпарацыі назваў стабільную і бяспечную абстаноўку ў Беларусі.

Ён расказаў, што ў яго ўжо адбыліся перагаворы з кіраўніцтвам Міністэрства транспарту. "У Беларусі высокі ўзровень развіцця транспартнай і лагістычнай сістэмы, і мы прыйшлі да разумення важнасці вашай краіны ў цэлым у транспартнай сістэме ў Еўропе", - падкрэсліў Султан Ахмед бен Сулейм.

Праграма візіту эмірацкай дэлегацыі ў Беларусь вельмі насычаная, паколькі госці маюць намер больш дэталёва азнаёміцца з дзейнасцю лагістычных цэнтраў Беларусі. "ДзіПі Уорлд" - перспектыўны для Беларусі партнёр, які мае намер рэалізоўваць доўгатэрміновыя ўзаемавыгадныя праекты. Карпарацыя "ДзіПі Уорлд" уваходзіць у холдынг "Дубай Уорлд", які належыць ураду эмірату Дубай, і валодае 77 грузавымі тэрміналамі на тэрыторыі 40 дзяржаў.

Султан Ахмед бен Сулейм быў праінфармаваны аб тым, што Беларусь мае развітую сучасную інфраструктуру. Неабходнасць развіцця лагістычнай сістэмы Беларусі абумоўлена існаваннем глабальных тэндэнцый у сусветным гандлі і інтэграцыі краіны ў агульнасусветныя таварныя патокі.

На перагаворах размова ішла аб тэмах інвестыцый і магчымасці рэалізацыі сумесных доўгатэрміновых праектаў, выгадных для абодвух бакоў.