Сустрэча з генеральным дырэктарам кампаніі Stadler Rail Group Петэрам Шпулерам
- 1
Беларусь гатова працаваць з кампаніяй Stadler Rail Group і рэалізоўваць яе новыя прапановы. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 1 жніўня на сустрэчы з генеральным дырэктарам і ўладальнікам кампаніі Петэрам Шпулерам.
"Вы ў нас стварылі амаль 500 вельмі высокапрадукцыйных рабочых месц, вы займаецеся інавацыямі - гэта, як модна сёння казаць, у трэндзе. Гэта нашы задачы, якія мы будзем вырашаць у бягучую пяцігодку. І ў гэтым плане вы павінны быць упэўнены, што мы гатовы працаваць з вамі і рэалізоўваць усе вашы прапановы", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт звярнуў увагу, што кампанія за гады работы ў Беларусі паспела зрабіць шмат. "Зразумела, калі працуеш, з'яўляюцца новыя пытанні, магчыма, новыя інтарэсы, - дадаў Кіраўнік дзяржавы. - Я знаёмы з вашымі прапановамі наконт пашырэння вытворчасці ў Беларусі. Давайце абмяркуем увесь комплекс пытанняў".
На сустрэчы было адзначана, што міжнародная кампанія мае намер пашыраць вытворчасць у Беларусі і выконваць тут як мага большую колькасць заказаў, паколькі краіна з'яўляецца вельмі добрым месцам для размяшчэння індустрыяльных магутнасцей. Так, ЗАТ "Штадлер Мінск" атрымала заказ сабраць паязды для Нарвежскіх чыгунак і трамваі для гарадскіх ліній Санкт-Пецярбурга. Плануецца, што ў далейшым усе заказы, што паступаюць у Stadler Rail Group ад краін СНД, будуць выконвацца ў Беларусі.
Пры гэтым завод прадоўжыць супрацоўнічаць з холдынгам «Белкамунмаш», закупляючы там дэталі для вытворчасці. Кампанія разглядае магчымасць узаемадзеяння і з іншымі беларускімі прадпрыемствамі, напрыклад, з Магілёўскім заводам «Строммашына». Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што завод «Штадлер Мінск» павінен максімальна лакалізаваць вытворчасць у Беларусі.
У час сустрэчы таксама абмяркоўвалася магчымасць вытворчасці на ЗАТ «Штадлер Мінск» вагонаў для трэцяй лініі сталічнага метрапалітэна.
![]()