Сустрэча з генеральным дырэктарам дзяржаўнай карпарацыі па атамнай энергіі "Расатам" Сяргеем Кірыенкам

  • 13

Сёння адбылася сустрэча Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі з генеральным дырэктарам дзяржаўнай карпарацыі па атамнай энергіі "Расатам" Сяргеем Кірыенкам.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ў Беларусі будуецца самая бяспечная і сучасная АЭС у свеце. "І мы дамовіліся, што пабудуем самую лепшую станцыю. І будзем яе будаваць, як прыклад іншым, на найвышэйшым узроўні", - сказаў беларускі лідар.

"Спецыялісты, якіх мы запрасілі не толькі з Беларусі, з усяго свету, робяць адно заключэнне, што нідзе так не будавалася станцыя, як у нас", - адзначыў ён.

Прэзідэнт падзякаваў Сяргею Кірыенку за чулае стаўленне да Беларусі і абавязковасць. "Думаю, што беларусы атрымаюць цудоўную станцыю. І гэта будзе нават нейкі новы этап у будаўніцтве атамных станцый і для Расійскай Федэрацыі, якая з'яўляецца вядучай краінай па мірным атаме", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што пры будаўніцтве атамнай электрастанцыі задзейнічаны не толькі будаўнічыя арганізацыі, але і прамысловыя прадпрыемствы, што з'яўляецца для іх добрай падмогай у няпросты час.

Сяргей Кірыенка ў сваю чаргу пацвердзіў, што Беларуская АЭС будзе самая бяспечная, у першую чаргу, і самая сучасная атамная станцыя пакалення 3+. "Аналагаў гэтай станцыі няма пакуль у свеце, гэта самая сучасная, самая бяспечная, - сказаў ён. - Абсалютны прыярытэт аддаецца бяспецы, якасці".

Сяргей Кірыенка адзначыў добрую работу беларускіх падрадных арганізацый. "Гэта цяжкая работа, але яны моцна набралі кваліфікацыю, вопыт", - канстатаваў ён. Пры гэтым кіраўнік "Расатама" дадаў, што беларускія арганізацыі, і будаўнічыя, і тыя, якія вырабляюць абсталяванне, будуць запатрабаваны ў далейшым пры будаўніцтве іншых атамных электрастанцый у свеце, заказы на якія ўжо існуюць у гэтай расійскай кампаніі.