Сустрэча з дэлегацыяй Народнага ўрада правінцыі Хунань (КНР)

  • 1
Беларусь і Кітай сталі стратэгічнымі партнёрамі і прадаўжаюць рухацца далей. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 29 жніўня на сустрэчы з дэлегацыяй Народнага ўрада правінцыі Хунань (КНР) на чале з мэрам урада цэнтральнага горада Чанша Ху Хэнхуа і прэзідэнтам кампаніі Zoomlion Чжань Чуньсінем.

"Нашы краіны і народы звязваюць шчырая дружба і плённае супрацоўніцтва ў розных сферах дзейнасці. За 25 гадоў з моманту ўстанаўлення дыпламатычных адносін паміж Беларуссю і Кітаем пройдзены вялікі шлях насустрач адзін аднаму. Паміж намі няма закрытых тэм. Мы сталі стратэгічнымі партнёрамі і прадаўжаем рухацца далей", - заявіў Прэзідэнт.

Паводле яго слоў, вялікую ролю ў гэтым працэсе адыгрываюць цесныя міжрэгіянальныя сувязі, што пацвярджаецца прыбыццём дэлегацыі з правінцыі Хунань у Беларусь. "Ваш цяперашні візіт мае асаблівы характар. Ён праходзіць напярэдадні запланаванай на верасень нашай сустрэчы на вышэйшым узроўні са Старшынёй КНР Сі Цзіньпінам. Гэтыя перагаворы павінны пакласці пачатак якасна новаму этапу кітайска-беларускага партнёрства - рэалізацыі поўнамаштабных інвестыцыйных праектаў. Не сумняваюся, што гэта спрыяльна паўплывае на работу дзелавых колаў правінцыі Хунань і рэгіёнаў Беларусі", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка прывёў у якасці прыкладу станоўчых вынікаў супрацоўніцтва стварэнне доследных узораў будаўнічай і камунальнай тэхнікі буйной кітайскай кампаніі Zoomlion на базе шасі МАЗ.

Пачата рэалізацыя сумесных праектаў з удзелам Мінскага трактарнага завода і "Гомсельмаша" па пашырэнні мадэльнага рада вырабаў як для еўрапейскага, так і азіяцкага рынкаў, у тым ліку самога Кітая.

"У Магілёўскай вобласці ёсць прамысловы патэнцыял, які можна рэалізаваць з прыцягненнем вядучых прадпрыемстваў правінцыі Хунань, тым самым пашырыўшы вашу прысутнасць у краінах Еўразійскага саюза і Еўропы. І пры гэтым мы гарантуем кітайскім кампаніям максімальна спрыяльныя ўмовы гаспадарання", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

"Ведаю, што ў вас ёсць свае прапановы па пашырэнні двухбаковага супрацоўніцтва. Гатовы іх выслухаць і пры неабходнасці прыняць рашэнне. Давайце іх абмяркуем", - прапанаваў Прэзідэнт.

У сваю чаргу Ху Хэнхуа падкрэсліў, што паміж Беларуссю і Кітаем неабходна развіваць міжрэгіянальнае супрацоўніцтва, і работа кампаніі Zoomlion гэтаму садзейнічае.

У цэлым кітайскі бок на сустрэчы адзначыў добрыя перспектывы для развіцця ўзаемадзеяння і гатоўнасць інвесціраваць у Беларусь. У ліку прыярытэтных партнёраў, з якімі плануецца развіваць супрацоўніцтва, - МАЗ, МТЗ, "Гомсельмаш", "Строммашына". Пры гэтым разглядаецца магчымасць стварэння сумеснага інжынернага цэнтра.