Сустрэча з дэлегацыяй кангрэсменаў ЗША
- 1
Беларусь была і будзе зацікаўлена ў падтрыманні са Злучанымі Штатамі Амерыкі паўнацэннага супрацоўніцтва. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы 3 жніўня ў Мінску з дэлегацыяй кангрэсменаў ЗША.
"Мы ўвогуле ад гэтай пазіцыі ніколі не адыходзілі, нават у самы горшы час нашых адносін", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
"І ў гэты ж складаны час беларуска-амерыканскія адносіны не спыняліся. Узаемадзейнічалі мы заўсёды па пытаннях забеспячэння глабальнай і рэгіянальнай бяспекі, што вельмі актуальна сёння, прадухілення незаконнага транзіту ядзерных матэрыялаў", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што беларускі бок цэніць падтрымку сваіх ініцыятыў у ААН і гатоўнасць Злучаных Штатаў садзейнічаць далучэнню Беларусі да Сусветнай гандлёвай арганізацыі.
"Лічу, што нам трэба будаваць адносіны паміж ЗША і Беларуссю не па сродках масавай інфармацыі, а непасрэдна вывучаючы абстаноўку ў краінах, і рабіць з гэтага адпаведныя высновы", - лічыць беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка папрасіў амерыканскіх кангрэсменаў выказаць свае заўвагі. "Мы не любім, калі нас штурхаюць у спіну, мы ніколі не пагадзімся з тым, калі нам навязваюць сілай нейкую волю. Але мы добрыя вучні. Калі вы нам прапануеце варыянты, якія будуць рухаць нашу краіну да суверэнітэту, большай незалежнасці, калі вы нам прапануеце варыянты, якія будуць паляпшаць жыццё беларускага народа, мы будзем вам вельмі ўдзячны і неадкладна возьмем іх на ўзбраенне", - сказаў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка лічыць, што праблемных пытанняў у адносінах Беларусі і ЗША менш, чым збліжаючых фактараў.
"Нягледзячы на наяўнасць некаторых рознагалоссяў у палітычнай сферы, я ўпэўнены, што праблемных пытанняў, якія нас раздзяляюць, менш, чым збліжаючых станоўчых фактараў", - сказаў беларускі лідар.
Кіраўнік беларускай дзяржавы адзначыў, што апошнім часам кантакты паміж Беларуссю і ЗША, уключаючы абмен візітамі афіцыйных і дзелавых дэлегацый, значна актывізаваліся. Прадаўжаецца ўзаемадзеянне паміж беларускімі і амерыканскімі праваахоўнымі органамі, наладжваюцца міжрэгіянальныя сувязі, развіваецца супрацоўніцтва ў галіне навукі, культуры і адукацыі. Паступова расце двухбаковы тавараабарот. "Мы разумеем, што без яго ніякіх адносін паміж дзяржавамі быць не можа, таму што эканоміка - гэта фундамент любых адносін", - упэўнены ён.
"ЗША для нас - шматабяцальны гандлёвы партнёр і інвестар, і мы гэта не ўтойваем. Мы зацікаўлены ў атрыманні доступу беларускіх вытворцаў да плацежаздольнага, ёмістага амерыканскага рынку. Узаемна гатовы зрабіць усё для таго, каб камфортна было працаваць вам тут, у Беларусі", - адзначыў Прэзідэнт.
Ён падкрэсліў таксама зацікаўленасць беларускага боку ў прыцягненні інвестыцый, развіцці вытворчай кааперацыі, атрыманні крэдытных рэсурсаў. Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, амерыканскія карпарацыі праяўляюць да Беларусі ўсё большую цікавасць, у тым ліку ў сувязі з пэўнымі перавагамі, якія даюць стварэнне Мытнага саюза і ўдзел Беларусі ў Еўразійскім эканамічным саюзе. На сённяшні дзень у Беларусі працуюць амаль 400 прадпрыемстваў з амерыканскім капіталам. "Аднак упэўнены, што патэнцыял нашага эканамічнага супрацоўніцтва значна большы", - сказаў Кіраўнік беларускай дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка выказаў надзею, што знаходжанне амерыканскіх кангрэсменаў на беларускай зямлі пакіне ў іх добрае ўражанне аб краіне, людзях, а сустрэчы, запланаваныя ў час візіту, дапамогуць бакам бліжэй даведацца адзін аб адным.
"Мы абсалютна нічога не ўтойваем ад вас. Усё, што вы жадаеце ўбачыць у Беларусі, тая магчымасць, якая будзе вам прадастаўлена, дасць магчымасць скласці цэласнае ўражанне аб нашай краіне. Вы можаце знаходзіцца ў Беларусі столькі, колькі вам захочацца, пакуль сапраўды ў вас не складзецца цэласнае ўражанне: няхай у чымсьці негатыўнае, у чымсьці пазітыўнае, але гэта будзе ваша ўражанне аб нашай краіне", - адзначыў беларускі лідар.
Член Палаты прадстаўнікоў Кангрэса ЗША ад штата Каліфорнія Дана Рарабакер адзначыў, што гэта першы за доўгія гады візіт кангрэсменаў ЗША ў Беларусь. "І гэты перыяд зацягнуўся. Мы павінны былі абменьвацца візітамі часцей. Я спадзяюся, што гэты візіт проста першы з многіх, і ён адкрые новыя магчымасці для нашых узаемаадносін", - сказаў кангрэсмен.
"Я сапраўды быў рады ўбачыць у Беларусі тое, што я ўбачыў. І тая карціна, якая мне адкрылася, аддае належнае вашым намаганням і намаганням вашай краіны, якія былі прыкладзены для народа. І я спадзяюся, што ў вас ёсць яшчэ многія рэчы, якімі можна ганарыцца. І што ў нас сапраўды існуе мноства сфер для супрацоўніцтва. І я гатовы атрымаць новыя ўражанні праз многія гады пасля папярэдняга візіту", - сказаў Дана Рарабакер.
![]()