Сустрэча з дэлегацыяй Камітэта па палітыцы і бяспецы Савета ЕС
- 1
Беларусь і ЕС маюць унікальны шанц для развіцця ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 21 лістапада на сустрэчы з дэлегацыяй Камітэта па палітыцы і бяспецы Савета ЕС.
"Ваш візіт і наша сённяшняя сустрэча яшчэ раз сведчаць аб пазітыўных змяненнях у беларуска-еўрапейскіх адносінах. Хоць і пытанняў нямала", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што спрыяльная сітуацыя для супрацоўніцтва склалася з адменай у адносінах да Беларусі большасці абмежавальных мер. Ёсць і іншыя пазітыўныя вынікі ў розных сферах. "Мы ўсе гэтыя крокі вітаем", - заявіў Прэзідэнт.
Ён канстатаваў, што у сваіх адносінах Беларусь і Еўрасаюз па-ранейшаму кіруюцца прававымі асновамі, якія закладзены больш як чвэрць стагоддзя таму і не ўлічваюць новыя геапалітычныя рэаліі. Давайце разам падумаем, як мы можам рушыць наперад у гэтым пытанні", - прапанаваў беларускі лідар.
Значным укладам ЕС ва ўмацаванне эканамічнай незалежнасці Беларусі могуць стаць устараненне абмежаванняў у гандлі, забеспячэнне рэальнага доступу беларускіх тавараў на рынак Еўрасаюза, аказанне садзейнічання ў выбудоўванні адносін з МВФ і павышэнні пазіцыі Беларусі ў крэдытным рэйтынгу Арганізацыі эканамічнага супрацоўніцтва і развіцця, актывізацыя перагавораў аб уступленні Беларусі ў СГА.
Прэзідэнт на сустрэчы таксама расказаў аб найбольш важных момантах палітыкі Беларусі, заснаванай на прынцыпах шматвектарнасці супрацоўніцтва, міралюбнасці і добрасуседства.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што Беларусь усё больш успрымаецца як полюс стабільнасці ў рэгіёне. "І ў гэтым няма нічога дзіўнага. Наша краіна - адзіная з шасці ўдзельніц "Усходняга партнёрства", дзе адсутнічаюць ваенныя і замарожаныя канфлікты, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Мне здаецца, што гэта вельмі цікава для Еўрапейскага саюза, і вельмі выгадна, і вельмі патрэбна". Ён выказаў упэўненасць, што ў сучасных умовах каштоўнасць Беларусі як стабілізуючага фактару ў Еўропе будзе толькі ўзрастаць.
Паводле слоў Прэзідэнта, перад Беларуссю не стаіць і не можа стаяць выбар паміж Усходам і Захадам, краіна імкнецца наладжваць узаемавыгаднае супрацоўніцтва з многімі дзяржавамі і рэгіёнамі свету. Пры гэтым асновай устойлівага развіцця Аляксандр Лукашэнка лічыць моцную эканоміку.
"Мы ўсё больш думаем аб спосабах павышэння канкурэнтаздольнасці айчынных тавараў і паслуг. Беларусь - краіна экспартна арыентаваная, па некаторых пазіцыях - моназалежная ад аднаго ці некалькіх рынкаў. Задача на сучасным этапе - дыверсіфікаваць экспарт у роўных прапорцыях па асноўных напрамках: Еўразійскі эканамічны саюз - Еўрасаюз - краіны далёкай дугі", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы выказаў заклапочанасць нарастаючым антаганізмам паміж ЕС і Расіяй. "Нам у Беларусі назіраць за гэтым і балюча, і трывожна. Разумеючы, што ні вам, ні Расіі, тым больш нам, гэта не патрэбна пры тых вялікіх праблемах, якія сёння існуюць у свеце, і якія трэба вырашаць разам", - заявіў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка прапанаваў запусціць міратворчы "мінскі працэс" для ўрэгулявання адносін паміж Усходам і Захадам. "У свой час для разрадкі ў адносінах паміж Захадам і Усходам спатрэбіўся Хельсінкскі працэс, які ў выніку прывёў да стварэння АБСЕ. Давайце, каб палепшыць атмасферу ўзаемаадносін дзяржаў, падумаем аб абнаўленні Хельсінкскага працэсу і паспрабуем запусціць міратворчы працэс, магчыма, "мінскі працэс", - заявіў беларускі лідар. У беларускай сталіцы магла б адбыцца сустрэча ключавых міжнародных экспертаў з мэтай абмяняцца думкамі аб урэгуляванні адносін паміж Усходам і Захадам, лічыць Кіраўнік дзяржавы.
"Упэўнены, што ніхто не зацікаўлены ў чарговай халоднай вайне. Неабходна пакласці пачатак працэсу асэнсавання новых правіл міжнародных адносін, заснаваных на шматпалярнасці і павазе інтарэсаў адзін аднаго", - падкрэсліў Прэзідэнт.
Сустрэча з дэлегацыяй Камітэта па палітыцы і бяспецы Савета ЕС прадаўжалася каля дзвюх гадзін. На ёй падрабязна і ў максімальна адкрытым ключы закраналіся самыя розныя тэмы, пачынаючы ад гандлёвых і інвестыцыйных пытанняў да сітуацыі ва Украіне.
Старшыня Камітэта Уолтэр Стывенс падзякаваў Кіраўніку беларускай дзяржавы за магчымасць сустрэцца і абмяняцца думкамі па шырокім коле пытанняў. "Дазвольце мне ад імя ўсёй дэлегацыі сказаць, што мы вітаем пазітыўныя тэндэнцыі ў адносінах з Беларуссю, - сказаў ён. - Мы сапраўды суседзі. Беларусь мяжуе з трыма краінамі ЕС, вы з'яўляецеся вельмі важным членам "Усходняга партнёрства". Мы хацелі б далей развіваць адносіны з Беларуссю".
![]()