Сустрэча з членамі Савета Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу

  • 1
Улада павінна быць сумленнай, адкрытай і даступнай для ўсіх грамадзян. Аб гэтым 29 верасня заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з членамі Савета Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што сустрэча з дэпутатамі праходзіць напярэдадні адкрыцця пятай сесіі Палаты прадстаўнікоў пятага склікання. Прэзідэнт адзначыў, што работа парламента дала магчымасць стварыць у краіне ўстойлівыя традыцыі заканатворчасці, забяспечыць адзінства прававой базы, павысіць прававую культуру грамадства. За мінулыя два гады дэпутатамі гэтага склікання прынята амаль 200 заканадаўчых актаў. Акрамя таго, прыкметна ўзмацнілася міжнародная дзейнасць парламента, у Авальнай зале ратыфікавана нямала важных міжнародных дакументаў.

"Вы вопытныя, аўтарытэтныя, адказныя людзі, з актыўнай жыццёвай пазіцыяй, сапраўдны рэзерв кадраў. Таму некаторыя парламентарыі ўжо назначаны на адказныя, у тым ліку вышэйшыя, дзяржаўныя пасады. Ваша плённая праца і ў далейшым будзе ўлічвацца пры прыняцці кадравых рашэнняў", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт адзначыў, што наперадзе ўсіх чакае напружаная работа, у тым ліку і па ўдасканаленні заканадаўства.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што прыярытэтным напрамкам заканадаўчай дзейнасці павінна стаць вырашэнне пытанняў мадэрнізацыі эканомікі. "Многія гавораць, што не трэба мадэрнізавацца, грошай няма і іншае. Але тое, што нельга адкласці на заўтра, - гэта якраз пытанні мадэрнізацыі і ўдасканалення нашых прадпрыемстваў. Калі мы сёння стары станок не заменім на новы, які вырабляе канкурэнтаздольную прадукцыю, - нечага гаварыць аб дыверсіфікацыі рынкаў, канкурэнтаздольнасці на міжнародных рынках, мы проста прадукцыю гэту не прададзім", - адзначыў Прэзідэнт. "Таму без мадэрнізацыі нікуды, калі мы хочам далей жыць, канкурыраваць і прадаваць сваю прадукцыю", - дадаў ён.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што хутка трэба будзе прыняць закон аб бюджэце на 2015 год. "Праект закона, я так разумею, як дамаўляліся, урадам разам з дэпутатамі на гэтай стадыі дапрацоўваецца. Вельмі хацелася б, каб мы сур'ёзна падышлі да гэтага праекта закона, каб бюджэт не быў марнатраўным, каб лічылі кожную капейку - лішніх грошай няма", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт адзначыў, што з 2015 года беларуская эканоміка будзе дзейнічаць ва ўмовах Еўразійскага эканамічнага саюза. "Нам з вамі, можа, нават у бліжэйшы час, гэтымі днямі, трэба будзе працаваць над ратыфікацыяй адпаведных міжнародных пагадненняў. І ваша задача - з прымяненнем усіх парламенцкіх інструментаў садзейнічаць фарміраванню дагаворна-прававой базы Саюза, пры гэтым трэба стаяць на варце нашых інтарэсаў", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

"І калі вы будзеце бачыць, што недзе дапушчана памылка пры падрыхтоўцы гэтага дакумента, а ён вельмі важны, вы, калі ласка, інфармуйце і мяне ў тым ліку і не спыняйцеся ні перад чым, абараняючы інтарэсы беларускай дзяржавы", - адзначыў Прэзідэнт. Ён дадаў, што заўвагі і прапановы дэпутатаў заўсёды будуць падтрыманы.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што дэпутаты павінны знайсці здаровы баланс паміж стабільнасцю заканадаўства і дынамізмам жыцця. "Пажадана, вядома, каб закон быў на стагоддзі, але жыццё вельмі змяняецца, асабліва ў нас і апошнім часам. Не трэба прымаць паспешныя змяненні, пладзіць шматлікія папраўкі. У той жа час актуальныя сацыяльныя і эканамічныя пытанні павінны разглядацца ў парламенце без усялякай валакіты", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы лічыць, што ўжо на стадыі прапрацоўкі  ў пастаянных камісіях дэпутатам неабходна ўяўляць, як закон будзе прымацца і як выконвацца. "Заканадаўчая база ў нас у цэлым сфарміравана. Настаў час прымаць законы, якія не толькі адпавядаюць патрэбнасцям дня, але і вывераны ў плане іх практычнай каштоўнасці, - сказаў Прэзідэнт. - Закон не павінен з дапамогай шматлікіх адсылак перакладаць вырашэнне магчымых праблем яго прымянення на ўрад або выканаўцаў на месцах".

Акрамя таго, кожны нарматыўны акт павінен быць зразумелым і даступным не толькі юрысту, але і звычайнаму чалавеку.

"Ваш практычны вопыт работнікаў вытворчасці, аграрыяў, інжынераў, урачоў, настаўнікаў, спартсменаў, прадстаўнікоў многіх іншых прафесій, а таксама цесная сувязь з выбаршчыкамі павінны стаць фундаментам падрыхтоўкі законапраектаў, якія адпавядаюць патрэбнасцям нашага грамадства", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт падкрэсліў, што дэпутаты не павінны знаходзіцца ўбаку ад праводзімай работы па дэбюракратызацыі. "Калі вы бачыце праблему простага грамадзяніна, які не можа прабіцца праз чыноўніцкія перашкоды, дапамажыце яе вырашыць", - сказаў Кіраўнік дзяржавы. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што як чалавек, які прайшоў парламенцкую школу, ведае, што менавіта дэпутат, працуючы непасрэдна з людзьмі, можа адчуць іх настроі, убачыць набалелыя праблемы, недахопы на месцах, задзейнічаць рэзервы. "Улада павінна быць сумленнай, адкрытай і даступнай для ўсіх грамадзян", - падкрэсліў Прэзідэнт.

На думку Кіраўніка дзяржавы, парламент з'яўляецца ідэальнай пляцоўкай для таго, каб весці адкрыты грамадскі дыялог па самых вострых тэмах. "Таму трэба больш шырока ўкараняць у практыку парламенцкія слуханні, абмяркоўваць набалелыя пытанні на сустрэчах з членамі ўрада, выступаць у СМІ, больш актыўна выкарыстоўваць інтэрнэт", - лічыць Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка таксама адзначыў, што кожны дэпутат Палаты прадстаўнікоў павінен па магчымасці аказваць дапамогу сваім калегам, дэпутатам мясцовых саветаў, выступаць з прапановамі, парадамі, падтрымліваць іх.

Звяртаючыся да прысутных на сустрэчы дэпутатаў, Прэзідэнт адзначыў, што хацеў бы пачуць аб'ектыўную ацэнку дзейнасці Палаты прадстаўнікоў на сучасным этапе: "Магчыма, нешта перашкаджае паўнацэннаму функцыянаванню парламента? Якія паўнамоцтвы народных выбраннікаў рэалізуюцца не ў поўным аб'ёме або не запатрабаваны наогул? Якія перспектывы развіцця парламенцкай дзейнасці вы бачыце? Наколькі работа ўрада, мясцовых органаў улады і кіраўнікоў прадпрыемстваў апраўдвае чаканне людзей?" Аляксандр Лукашэнка дадаў, што гатовы выслухаць усе праблемныя пытанні, якія патрабуюць прыняцця рашэння, а таксама чакае прадуманых і ўзважаных прапаноў, што адпавядаюць патрабаванням часу і інтарэсам грамадзян. Пры гэтым ён падкрэсліў, што ні ў якім разе не павінна быць ведамаснага падыходу.

Парламентарыі падзяліліся з Прэзідэнтам сваім бачаннем асноўных напрамкаў работы Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі на будучы перыяд. У цэнтры ўвагі ўдзельнікаў сустрэчы былі праблемы заканадаўчага рэгулявання сацыяльнай сферы, эканамічнага развіцця краіны, выкарыстанне парламенцкай дыпламатыі ў развіцці супрацоўніцтва Беларусі з замежнымі дзяржавамі і міжнароднымі арганізацыямі.

У сваіх выступленнях дэпутаты таксама ўзнялі злабадзённыя пытанні, на якія Кіраўнік дзяржавы даў падрабязныя і шчырыя адказы. Адно з пытанняў закранала работу ў парламенце над дагаворам аб Еўразійскім эканамічным саюзе.

"Мы разумеем усе перавагі эканамічнай інтэграцыі, але пры ўмове безумоўнага захавання нацыянальных інтарэсаў, - адзначыў старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Андрэйчанка. - У той жа час, як нам стала вядома са СМІ, у Расійскай Федэрацыі прадугледжваецца ўнесці змяненні ў падатковае заканадаўства, якія датычацца нафтавай галіны. Іх прыняцце, паводле ацэнак спецыялістаў, прывядзе да зніжэння паступлення сродкаў у бюджэт Беларусі, пагоршыць фінансава-эканамічную сітуацыю на нафтаперапрацоўчых прадпрыемствах краіны".

"Вы закранулі вельмі важнае пытанне, якое датычыцца так званага падатковага манеўру ў Расійскай Федэрацыі. Ён якраз увязаны з ратыфікацыяй нашага дагавора", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы пры гэтым нагадаў, што яшчэ пры падпісанні дагавора аб ЕАЭС гаварыў, што ўступленне ў тыя ці іншыя арганізацыі павінна несці выгаду дзяржаве і яе народу: "Мы павінны ад гэтага атрымаць больш, чым мы маем на сённяшні дзень. Я не кажу аб нейкіх грашах ад Расіі і гэтак далей. Мы павінны рабіць такія захады, якія прыносяць карысць. У адваротным выпадку, навошта, калі гэта нічога не дае?"

Паводле слоў Прэзідэнта, падатковы манеўр Расіі прывядзе да значных фінансавых страт для Беларусі. "Мы накіравалі групу спецыялістаў на чале з Уладзімірам Сямашкам, які вядзе перагаворы на гэту тэму. Калі такі крок будзе зроблены з боку Расійскай Федэрацыі, гэта стане вельмі вялікай праблемай у функцыянаванні цяперашняга саюза. Па-першае, таму, што мы дамаўляліся аб іншым. Па-другое, калі робяцца нейкія дзеянні ў адным напрамку, значыць, трэба, каб у іншым была кампенсацыя. Гэта добрыя грошы, якія мы ні ў якім разе не павінны страчваць", - падкрэсліў беларускі лідар.

"Калі нас пачынаюць папракаць, тады давайце так: мы задумалі Мытны саюз, потым Еўразійскі саюз - давайце яго пабудуем на класічных прынцыпах. Недзе мы страчваем, недзе Расія, Казахстан. Але гэта арганізацыя наогул класічна не церпіцьніякіх выключэнняў і абмежаванняў, - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. - Зразумела - камусьці нявыгадна. Многае камусьці нявыгадна. Але мы дамовіліся, і гэтыя дамоўленасці трэба выконваць. Гэта наша пазіцыя".

Старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па адукацыі, культуры і навуцы Генадзь Пальчык у сваім выступленні зрабіў акцэнт на пытаннях прадаўжэння сацыяльна арыентаванай палітыкі дзяржавы. Аляксандр Лукашэнка запэўніў у нязменнасці адпаведнага курсу, але падкрэсліў, што грамадзян неабходна ў большай меры арыентаваць і на выкарыстанне ўласных магчымасцей.

"Я, як і вы, вельмі зацікаўлены ў тым, каб падтрымліваць насельніцтва. Але я публічна і часам у жорсткай форме звяртаю ўвагу на тое, што дзяржава не ствараецца для таго, каб карміць каго-небудзь, хто не вельмі хоча на сябе працаваць, - заявіў Прэзідэнт. - Нашы людзі, хто хоча, могуць жыць добра. Трэба паступова беларусаў схіляць да таго, што дзяржава дапаможа, але лепш разлічваць на сябе".

Аляксандр Лукашэнка таксама адзначыў, што ў цяперашняй сітуацыі не трэба разлічваць на вялікі рост зарплат. "Трэба мець на ўвазе, што мы цяпер перажываем не лепшыя часы ў сувязі з зацяжным эканамічным крызісам. Гэта нават не крызіс - асобныя дзяржавы нахіляюць увесь свет,  каб вырашыць некаторыя праблемы. Безумоўна, нам цяжка супраціўляцца. Нам трэба прыстасавацца і выжыць у гэтай сітуацыі. Таму весці сёння размову аб масіраваным павелічэнні заработнай платы не даводзіцца. Гэты перыяд трэба спакойна перажыць. Хаця пакрыху мы спрабуем у гэтых адносінах дапамагчы людзям", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка таксама закрануў тэму навядзення парадку ў сферы ЖКГ і кошту адпаведных паслуг для насельніцтва. "Камісія папрацавала. У бліжэйшы час мы разгледзім гэта пытанне. Але мы ўбачылі, што калі палічыць сабекошт камунальных паслуг так, як павінна быць, то наша насельніцтва не 30% і не 20% кампенсуе ад іх кошту, а, магчыма, і больш як 50%", - адзначыў беларускі лідар.

Паводле слоў Прэзідэнта, цяпер вывучаецца сітуацыя і ў сферы сярэдняй адукацыі, дзе таксама ёсць недахопы. У якасці прыкладу Аляксандр Лукашэнка прывёў школьную праграму, у якой рускай і нават англійскай мове адводзіцца больш гадзін, чым беларускай. "Добра, на рускай мове мы практычна ўсе размаўляем. Але на беларускай мове, шчыра кажучы, у побыце, дома мы размаўляем менш. Дык, можа, трэба ў школе на карысць беларускай мовы даць адну гадзіну, а не англійскай?" - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

Нараканні ў Прэзідэнта ёсць і да школьнай праграмы па літаратуры, у якую па незразумелых прычынах уключаюцца тыя ці іншыя творы.

"Няўжо мы не можам тут навесці парадак?! Абуральная работа Міністэрства адукацыі! Шмат ёсць нараканняў", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт пры гэтым адзначыў, што размова не ідзе аб карэннай ломцы ў сферы адукацыі, а толькі аб неабходнасці навядзення парадку і ўдасканаленняў па тых ці іншых напрамках. "Пастаўлена пытанне аб аптымізацыі ў адукацыі. У нас столькі лішняга, і абсалютна ніхто не лічыць грошы", - сказаў ён.

Старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па бюджэце і фінансах Людміла Дабрыніна звярнула ўвагу на неабходнасць аблягчэння для пенсіянераў і сем'яў з невысокім узроўнем даходаў умоў прыватызацыі жылля. Ад імя выбаршчыкаў яна таксама выказала занепакоенасць, ці не паўплывае на ўнутраны рынак павялічаны экспарт прадуктаў харчавання ў Расію.

"Не скажу, што паглыблены ў праблему прыватызацыі жылля, але мне аб гэтым дакладвалі. І я даручыў ураду, калі магчыма, знайсці кампраміс. Адзінае, чаго не будзе, - гэта ўтрыманскага падыходу. Але павінны быць такія патрабаванні, каб людзі маглі заплаціць" , - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Што датычыцца сітуацыі з прадуктамі харчавання, Прэзідэнт падкрэсліў, што пагрозы для ўнутранага рынку няма. Тым больш што ў выпадку няхваткі сыравіны яе можна закупіць за мяжой.

"У нас няма гэтай праблемы і быць не можа. Прадуктаў харчавання хопіць. Што датычыцца цэнаўтварэння, я таксама даручыў, і мы цяпер за гэтым сочым. Прадуктамі мы сваё насельніцтва забяспечым", - запэўніў Кіраўнік дзяржавы.

З іншага боку, Прэзідэнт адзначыў, што неабходна больш акуратна падыходзіць да пытання аб стварэнні дадатковых магутнасцей па перапрацоўцы сельгаспрадукцыі, паколькі ў выпадку адмены Расіяй забароны на імпарт прадуктаў харчавання з шэрага краін яны могуць стаць незапатрабаванымі.

Пра міжнародную дзейнасць дэпутатаў на сустрэчы расказаў старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па міжнародных справах Мікалай Самасейка, які ў тым ліку прапанаваў вярнуцца да прапрацоўкі пытання аб магчымасці аднаўлення для беларускага парламента статусу спецзапрошанага ў ПАСЕ. На яго думку, гэта дало б магчымасць больш эфектыўна выкарыстоўваць парламенцкую дыпламатыю пры пашырэнні нацыянальных інтарэсаў, у развіцці двухбаковых кантактаў.

Аляксандр Лукашэнка падтрымаў гэту прапанову, але падкрэсліў, што ў любым выпадку неабходна дакладна прытрымлівацца выпрацаванай у Беларусі пазіцыі. "У нас ёсць свая пазіцыя. Мы павінны дакладна яе прытрымлівацца, і мы ні ў якім разе не павінны вагацца", - падкрэсліў беларускі лідар.

Гаворачы аб міжнародных кантактах у цэлым, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што Беларусь паважаюць за яе прадказальную палітыку і строгае прытрымліванне абяцанняў. У гэтым плане ён лічыць паказальным узаемадзеянне з Кітаем. "Наша стабільнасць у адносінах іх падкупляе. Калі мы пачнём віляць, або, не дай бог, гаварыць адно, а рабіць іншае, - мы страцім свой твар. Алгарытм нашых паводзін на міжнароднай арэне выпакутаваны, і гэтым шляхам нам трэба ісці, падабаецца гэта камусьці або не".