Сустрэча з членам брытанскай каралеўскай сям'і прынцам Майклам Кенцкім
- 1
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка разлічвае на адкрыццё новай старонкі ў адносінах паміж Беларуссю і Вялікабрытаніяй. Аб гэтым ён заявіў 11 кастрычніка на сустрэчы з членам брытанскай каралеўскай сям'і прынцам Майклам Кенцкім.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ў сферы міждзяржаўных адносін Беларусі і Вялікабрытаніі непераадольных пытанняў няма. "Калі ўжо быць абсалютна шчырым, Вялікабрытанія, напэўна, не вельмі цікавілася сітуацыяй у Беларусі і, хутчэй за ўсё, дзейнічала ў фарватары дзеянняў Бруселя, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Ваш прыезд, спадзяюся, адкрые новую старонку нашых адносін, і вельмі многія палітыкі і бізнесмены, якія зацікавяцца Беларуссю, атрымаюць гэту характарыстыку з вашых вуснаў".
"Мы вельмі спадзяёмся, што нашы адносіны з Вялікабрытаніяй будуць развівацца. У нас вялікі інтарэс у гандлі", - заявіў Прэзідэнт.
Ён адзначыў, што Вялікабрытанія ўваходзіць у лік асноўных партнёраў Беларусі ў пытаннях гандлю і інвестыцый. "Гэта добрая аснова для нашага далейшага супрацоўніцтва. Я хачу, каб вы ведалі, што мы сумленна і шчыра чакаем ваш бізнес у Беларусі. Па любых пытаннях, якія вас цікавяць", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт дадаў, што ў Беларусі няма ніякіх абмежаванняў і абавязацельстваў, якія перашкаджаюць развіццю гандлю і супрацоўніцтва ў розных сферах з Вялікабрытаніяй.
Аляксандр Лукашэнка таксама падзякаваў за велізарную дапамогу і дабрачыннасць, якую Вялікабрытанія аказвае ў адносінах да дзяцей з тэрыторый, што пацярпелі ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС. "Вы падставілі сваё плячо і дапамаглі нам аздаравіць тысячы дзяцей. За гэта вам вялікая ўдзячнасць", - адзначыў беларускі лідар.
У сваю чаргу прынц Майкл Кенцкі падзякаваў за цёплы прыём, адзначыўшы, што для яго вялікае задавальненне знаходзіцца ў Беларусі. Ён падкрэсліў, што з'яўляецца першым прадстаўніком брытанскай каралеўскай сям'і, які наведвае Беларусь. Прынц таксама згадзіўся з неабходнасцю развіваць і паляпшаць беларуска-брытанскія гандлёвыя адносіны.
![]()