Сустрэча з Апостальскім нунцыем у Рэспубліцы Беларусь Клаўдыа Гуджэроці
- 1
Беларусь прадоўжыць палітыку наладжвання самых цесных адносін з Ватыканам. Аб гэтым заявіў Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка 4 снежня ў час сустрэчы з Апостальскім нунцыем у Рэспубліцы Беларусь Клаўдыа Гуджэроці, якая адбылася ў сувязі з завяршэннем яго дыпламатычнай місіі ў нашай краіне.
Прэзідэнт Беларусі падзякаваў Клаўдыа Гуджэроці за шчырую пазіцыю адносна краіны: "Афіцыйна і публічна хачу падзякаваць вам за тую місію, якую вы ажыццяўлялі ў Беларусі. Абсалютна шчыра, без усялякай дыпламатыі гавару, што, напэўна, вы лепшы з паслоў Ватыкана". Разам з тым Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што ўсе паслы Ватыкана працавалі добра.
"Ваша місія была сумленнай, адкрытай, прынцыповай, часам нават не дыпламатычнай, а агульначалавечай. Вы да некаторых пытанняў узаемаадносін Беларусі не толькі з Ватыканам, але і з іншымі дзяржавамі падыходзілі, зыходзячы з інтарэсаў Беларусі, нашага народа. І вось за гэта перш за ўсё я вам удзячны", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.
Ён таксама заявіў, што Беларусь прадоўжыць палітыку наладжвання самых цесных адносін з Ватыканам. Як адзначыў Прэзідэнт, у перыяд работы Клаўдыа Гуджэроці ў Беларусі зроблена нямала для наладжвання вельмі цесных кантактаў з Ватыканам, з Папам Рымскім. "Хачу Вас запэўніць, што мы ад гэтай палітыкі не адыходзім. Калі ў кагосьці там думка, што Лукашэнка пазіцыю мяняе адносна католікаў, Каталіцкай царквы і Ватыкана, гэта абсалютна не так. Гэта поўная бязглуздзіца, - заявіў Прэзідэнт Беларусі. - Мы нічога не мяняем, мы не заігрывалі ні з католікамі, ні з праваслаўнымі, ні з іншымі. Мы праводзілі сумленную, шчырую палітыку".
Аляксандр Лукашэнка прадоўжыў: "Частка нашых грамадзян - гэта католікі, гэта вернікі. Гэта прынцыповыя людзі, і я паважаю іх пазіцыю".
На думку Прэзідэнта, кожны чалавек павінен сам вызначыцца, па якой дарозе і да якога храма яму ісці. "Я прытрымліваюся гэтай палітыкі, і так будзе ў далейшым. Вы хочаце быць католікам? Калі ласка. Хочаце праваслаўным? Не забаронена. Іўдзейскую, мусульманскую прапаведаваць рэлігію, будызм - калі ласка, мы не супраць. Выбірайце любую, мы ніколі не будзем гэтаму перашкаджаць. Не хочаце ісці ў царкву - не ідзіце. Мы нікога ганяць не будзем і заганяць у царкву не будзем. Чалавек сам павінен вызначыцца".
Ён заявіў, што ў Беларусі будуць і ў далейшым падтрымліваць тыя рэлігіі, якія служаць спакою і стабільнасці. Прэзідэнт запэўніў, што паважае і католікаў, і праваслаўных, і мусульман, якія ў нас жывуць, усе веры і рэлігіі, калі яны не выкарыстоўваюцца ў мэтах тэрарызму, абвастрэння абстаноўкі, дэстабілізацыі сітуацыі.
"Калі рэлігія служыць спакою, парадку ў краіне, стабільнасці, мы будзем толькі падтрымліваць такую рэлігію. Вы гэта павінны ведаць", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт Беларусі папрасіў перадаць Папе Рымскаму, што чакае сустрэчы з ім. "У нас будзе аб чым пагаварыць з гэтым паважаным мною чалавекам", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Ён высока ацаніў дзейнасць Клаўдыа Гуджэроці ў Беларусі: "Вы нас заўсёды падтрымлівалі. Мы з вамі шмат зрабілі для ўстанаўлення добрых сувязей, і ў перспектыве, я думаю, мы зробім усё для таго, каб адбыліся мае сустрэчы з Папам Рымскім на самым высокім узроўні. Я яго вельмі паважаю. Чэрпаю інфармацыю са сродкаў масавай інфармацыі, з яго паездак, заяў. Пазіцыя яго мне падабаецца, пачынаючы ад павагі да бяднейшых слаёў насельніцтва, барацьбы з карупцыяй, а таксама адносна сумленнасці і справядлівасці. Я рады, што сёння ў католікаў такі кіраўнік".
Аляксандр Лукашэнка таксама адзначыў: "Вы бачыце, што мы робім усё, каб у нашых католікаў было не горш, чым у іншых. Гэта і духоўная тэалагічная акадэмія, дзе мы павінны рыхтаваць сваіх свяшчэннаслужыцеляў. Мы з вамі ўжо гаварылі аб гэтым. Мы вітаем любога свяшчэннаслужыцеля, які прыедзе на нашу зямлю і будзе паважаць наш народ, будзе працаваць у інтарэсах нашай дзяржавы, як гэта вы заўсёды рабілі".
У сваю чаргу Клаўдыа Гуджэроці заявіў, што Каталіцкі касцёл, Папа Рымскі Францыск вельмі паважаюць беларускі народ.
Апостальскі нунцый шчыра падзякаваў Прэзідэнту Беларусі за добрыя словы ў свой адрас і за прадастаўленую магчымасць сустрэчы. "Для мяне вялікі гонар сустракацца з вамі, і гэта не першы раз. Мы гаварылі заўсёды вельмі шчыра. Мы адчуваем, што любім гэты народ. Любоў азначае, што ўсё можна гаварыць і сардэчна разумець адзін аднаго. Важна ўсё рабіць ад сэрца", - сказаў Апостальскі нунцый.
Пры гэтым ён заўважыў: "Мне сумна ад'язджаць з Беларусі, я гавару вам гэта шчыра, таму што тут мне было добра жыць і працаваць". Апостальскі нунцый падкрэсліў, што ён шмат ездзіў па Беларусі, яго шмат запрашалі, і не толькі ў вялікія гарады, але і маленькія населеныя пункты. У прыватнасці, ён з цеплынёй успомніў аб сваім наведванні Віцебска і Гродна.
"Асабліва цікава было для мяне, калі я сустракаўся са звычайнымі людзьмі. Спадзяюся, што я змог даць хоць трошачкі цяпла і паказаць, што Каталіцкі касцёл, Папа Рымскі вельмі паважае беларускі народ. І не толькі паважае, але і любіць гэты сціплы, вельмі добры беларускі народ", - дадаў ён.
Аляксандр Лукашэнка пажадаў Клаўдыа Гуджэроці поспехаў і выказаў меркаванне, што Апостальскі нунцый многае з беларускага вопыту зможа перанесці на новае месца сваёй дзейнасці.