Сустрэча з актывам Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі

  • 25

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка лічыць неабходным павышаць у краіне ролю маладзёжнага руху і дакладна вызначыцца з асноўнымі напрамкамі работы Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі на сучасным этапе. Аб гэтым ён заявіў 29 кастрычніка на сустрэчы з актывам БРСМ, якая была прымеркавана да 100-годдзя УЛКСМ.

На юбілейную сустрэчу сабраліся прадстаўнікі розных пакаленняў камсамольцаў: ад ветэранаў руху да цяперашніх пераемнікаў камсамола - актывістаў БРСМ. З самага пачатку Аляксандр Лукашэнка задаў сустрэчы з моладдзю нефармальны тон - такі фармат Прэзідэнт ужо зрабіў традыцыйным. Напрыклад, Кіраўнік дзяржавы ў самым пачатку мерапрыемства прызнаўся, што на ўсялякі выпадак нават узяў свой камсамольскі білет.

"Мы сустракаемся тут, у Палацы Незалежнасці, як сведчанне таго, што тыя юныя, маладыя людзі, якія яшчэ не сталі на ногі, не дарэмна гінулі на франтах Вялікай Айчыннай вайны, як сведчанне павагі да працоўнага подзвігу, які здзейсніла іх пакаленне, і таго, што мы дзякуючы ім і тым загінулым зрабілі для нашай суверэннай Беларусі, стварыўшы і пабудаваўшы гэту дзяржаву", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Стагоддзе камсамола Прэзідэнт назваў знамянальным днём для ветэранаў арганізацыі, цяперашняй моладзі, прадаўжальнікаў традыцый самага масавага маладзёжнага руху. "Бачыць вас, пераемнікаў саюза моладзі, - быццам вярнуцца ў сваё юнацтва, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Гэта свята ў мяне, як і ў многіх нашых суайчыннікаў, выклікае самыя светлыя і добрыя ўспаміны. Таму што камсамол - гэта маладосць, нястрымная энергія жыцця. Час высакароднага імкнення змяніць свет да лепшага".

"У гэтым плане сёння нічога не змянілася. Па-рознаму мы хочам гэты свет змяніць, магчыма, крыху іншымі метадамі, чым раней. Але мы хочам гэты свет змяніць да лепшага. Гэта галоўная задача нашай моладзі", - сказаў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што гісторыя стварэння і станаўлення арганізацыі была далёкая ад рамантыкі: "Першыя камсамольцы - гэта дзеці рэвалюцыі і страшэннай грамадзянскай вайны (якая была развязана і на тэрыторыі нашай Беларусі). Складанай эпохі, адназначную ацэнку якой да гэтага часу не могуць даць ні вучоныя, ні палітыкі".

"Але камсамольцы пакінулі нам прыклады беззапаветнай адданасці Айчыне, шчырай веры ў ідэалы сумленнасці і справядлівасці, дастойныя пераймання", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Ён нагадаў, што ў пачатку мінулага стагоддзя юнакі і дзяўчаты ў літаральным сэнсе адраджалі краіну. Пры гэтым працаваць і жыць часта даводзілася ў вельмі цяжкіх умовах. "Але быў энтузіязм. Было шчырае жаданне стаць карысным для сваёй Радзімы, узяць на сябе адказнасць за яе будучыню. Менш за ўсё моладзь таго пакалення думала пра матэрыяльныя даброты. Гэта быў сапраўды патрыятычны рух", - сказаў беларускі лідар.

"І як бы ні хацелася камусьці сказіць гэту гісторыю, выкласці па-свойму, але яна падмацавана рэальнымі фактамі, лічбамі, дакументальнай хронікай. На старых кадрах мы бачым шчырыя, натхнёныя твары. Такое не сыграеш", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Гаворачы аб крытыцы камсамольскага і маладзёжнага руху, Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што гэта было заўсёды: "Я таксама крытыкаваў нашых лідараў камсамольскіх за нейкую заарганізаванасць, фармалізм і гэтак далей. Усё было". Пры гэтым ён адзначыў, што і сам быў на працягу некалькіх гадоў звязаны з камсамольскай работай.

"Тут аб'ектыўныя і суб'ектыўныя прычыны таго, што нашу арганізацыю не ўсе ўспрымаюць з натхненнем нейкім і адназначнасцю. Адназначнасці не будзе. Гэта дакладна. А тое, што не ўсе ўспрымаюць станоўча, - да гэтага трэба ставіцца спакойна", - лічыць беларускі лідар.

Пэўныя палярныя пункты гледжання Кіраўнік дзяржавы звязвае і з тым, што ідзе барацьба за моладзь, якой трэба будзе жыць і працаваць не толькі ў Беларусі, але, магчыма, і за мяжой. "Толькі не страчвайце свае карані", - заклікаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка ў сваім выступленні закрануў і тыя пазіцыі, якіх трэба прытрымлівацца моладзі. "Як Прэзідэнт я хачу, каб вы не хіліліся ні ўлева, ні ўправа. Каб вы разумелі, што вам трэба жыць, ствараць сем'і, гадаваць дзяцей. Вы павінны ў гэты бурны час, каб не патануць, прытрымлівацца спакойных цэнтрысцкіх арыенціраў, якія бачны перад вамі", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

Ён заклікаў маладых людзей старацца не рабіць памылак, за якія ім потым можа быць балюча, а тым больш, якія ў далейшым нельга будзе выправіць.

Прэзідэнт таксама звярнуў увагу, што ў грамадстве заўсёды высокія запатрабаванні на справядлівасць. Аляксандр Лукашэнка прывёў у прыклад нядаўнія сацыялагічныя даследаванні ў Расіі, у час якіх людзі на першае месца паставілі пытанні справядлівасці. Гэта пытанне заўсёды ляжала ў аснове палітыкі, праводзімай у сучаснай Беларусі. "Людзі патрабуюць справядлівасці. Вось наша ідэалогія, якой мы павінны прытрымлівацца, - падкрэсліў беларускі лідар. - Запатрабаванне на справядлівасць не толькі ў Расіі. У нас заўсёды было".

Кіраўнік дзяржавы выказаў упэўненасць, што беларускі народ ніколі не пацерпяць несправядлівасці. "Таму і палітыку мы праводзім больш мяккую, спакойную, нацэленую на справядлівасць. Але не ў будучым, а ў сучасным", - сказаў ён.

"Мы жывём у вельмі складаны перыяд пераходу ад аднаго да іншага. Праўда, да гэтага часу не ўсе вызначыліся, ад чаго да чаго мы пераходзім. Таму мы асабліва гучна не заяўляем у Беларусі аб тым, ад чаго да чаго мы ідзём. Мы проста жывём спакойна і ўдасканальваем тое, што ў нас ёсць. І робім свет лепшым. Мы не выкідваем усё тое добрае, што было ў нашай гісторыі, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Я нідзе не гавару, што мы ідзём ад планавай эканомікі да рыначнай".

Прэзідэнт звярнуў увагу на высокую ступень нявызначанасці таго, што адбываецца ў свеце, асабліва апошнія месяцы. "Нават нашы суперлібералы павагаліся ў гэтых ацэнках, і ўжо таксама не гавораць аб нейкім рынку. Але тое, што грамадства цяпер палявела, асабліва на постсавецкай прасторы - гэта факт. І літаральна ў бліжэйшым будучым вы гэта ўбачыце. Не будзе ўжо тых радыкальных змяненняў, заклікаў да гэтых радыкальных змяненняў", - упэўнены Кіраўнік дзяржавы.

"Народы, асабліва нашы славянскія, адхілілі гэты радыкалізм. І тое, што мы не пабеглі тады, у гэты шалёны радыкальны рынак, мы ад гэтага выйграем яшчэ. Мы і так выйгралі тое, што не пайшлі па радыкальным шляху, але будзе яшчэ лепш", - лічыць беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што ўсе факты, звязаныя з асноўнымі вехамі развіцця камсамольскага руху, не выклікаюць ніякага сумнення, іх нельга перапісаць або ўтаіць, яны назаўсёды засталіся ў гісторыі.

"Але паняцці дружбы, братэрства, адзінства, любові да Радзімы, веры ў будучыню, якія сталі гімнам Усесаюзнага ленінскага камуністычнага саюза моладзі, і праз 100 гадоў не страцілі сваёй актуальнасці. Таму, калі распаўся саюз і новыя дзяржавы перакрэслілі слаўную гісторыю камсамола, мы падхапілі яго сцяг і перадалі сваім дзецям, - звярнуў увагу Кіраўнік дзяржавы. - Наш здабытак у тым, што толькі мы, няхай у іншым выглядзе, пад іншай назвай, захавалі нашу маладзёжную арганізацыю. Мы былі першыя, хто пайшоў гэтым шляхам. А сёння за намі ідуць і іншыя, і вялікая Расія таксама прыйшла да разумення гэтага".

Ствараючы маладзёжную арганізацыю, у Беларусі нічога не выдумлялі, а ўзялі за аснову сувязь пакаленняў, пераемнасць, гістарычную памяць, заўважыў Аляксандр Лукашэнка. "Вы павінны ведаць і помніць, што з'яўляецеся наследнікамі герояў, што трэба жыць так, каб не было сорамна перад іх памяццю. Берагчы праўду аб гераічным мінулым, расказваць яе падрастаючаму пакаленню, потым - сваім дзецям. Захаваць мір і адзінства, завешчаныя нам камсамольцамі. Прадоўжыць іх справу - жыць і працаваць у імя шчасця і дабрабыту будучых пакаленняў", - дадаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што пабудавана моцная, суверэнная дзяржава, былі захаваны лепшыя дасягненні адыходзячай эпохі, каб новыя пакаленні нараджаліся і раслі ў мірнай, незалежнай краіне, ведалі свае карані, разумелі традыцыі і паважалі гісторыю.

"Так і здарылася. Мы выхавалі дастойнае пакаленне. Але, на жаль, у глабальным і маральным сэнсе свет не стаў лепшым. Барацьба дабра і зла не спыняецца. Яна пранікае ў духоўную, сацыяльную, эканамічную і палітычную сферы. Праз кнігі, навіны, фільмы, рэкламу, моду. Гэта фронт, дзе не страляюць, але таксама б'юць на паражэнне - толькі праз свядомасць людзей. Гэта самае небяспечнае і самае страшэннае", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Не страціць у такой бітве сваё маральнае аблічча, свой свет - гэта подзвіг, падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы. Задача моладзі, паводле яго слоў, - адстойваць высокія ідэалы сумленнасці і справядлівасці, традыцыйныя духоўныя каштоўнасці ў свеце скептыкаў і цынікаў, у свеце канфліктаў і войнаў, якія няхай і не закранулі беларускую зямлю, але падышлі вельмі блізка да яе межаў. "Наша з вамі задача - уберагчы гэты кавалачак ад узрушэнняў, бо няма дзе будзе жыць ні нам, ні вам, ні тым больш нашым дзецям", - сказаў Прэзідэнт.

"І калі прасочым храналогію вядомых трагічных падзей, то ўбачым, што кропкай адліку многіх стала мэтанакіраванае маніпуляванне свядомасцю моладзі. І ўсюды ў гэты працэс зацягвалі моладзь, і яна ішла. Таму што моладзь, якімі б вы ні былі, вы яшчэ нявопытныя, у вас няма гэтай жыццёвай сілы, якую вы набываеце з часам", - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.

Ён падкрэсліў, што дзяржава робіць усё для захавання міру і спакою на беларускай зямлі. "Але ваша задача не даць шанцу нават на спробу выкарыстоўваць ваш розум, інтэлект і энергію ў разбуральных мэтах. Вы стваральнікі, павінны імі быць. Гэта ваш генетычны код, калі хочаце. Прыродай і спадчыннасцю ў кожным з вас першапачаткова закладзена вялікая ўнутраная сіла дабра. І мы, славяне, гэтым ад многіх адрозніваемся", - канстатаваў беларускі лідар.

Кіраўнік дзяржавы расказаў, што ў яго часта цікавяцца, чаму ён такую ўвагу ўдзяляе развіццю ў краіне маладзёжнага руху. "Скажу вам упершыню і адкрыта тое, аб чым я гаварыў у самым вузкім асяроддзі. Я заўсёды гавару прагматычна: а калі заўтра са стрэльбай давядзецца паўстаць на абарону сваёй Радзімы? Я, як галоўнакамандуючы, хіба ж абыдуся толькі той структурай і сістэмай, якая створана ва Узброеных Сілах і міліцыі? Не. Нам давядзецца раздаць кожнаму, перш за ўсё мужыку, ды і дзяўчыне, зброю, каб абараніць, ну добра, не Радзіму, сябе і сваю сям'ю, сваіх дзяцей", - адзначыў Прэзідэнт.

"Раптам, не дай бог, канфлікт, вайна - якія ты структуры задзейнічаеш? Як было ў Вялікую Айчынную вайну? Камуністы, камсамольцы наперад. Таму што была моцная партыйная арганізацыя, дзяржаўная ўлада ў ёй была сканцэнтравана, і маладзёжная арганізацыя. Людзі жылі, ваявалі, гінулі і прынеслі нам Перамогу, - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка. - Гэту структуру ў цяжкую, няхай нават не ваенную мінуту Кіраўнік дзяржавы (не будзе мяне, будзе нехта іншы), Урад змогуць задзейнічаць. Гэта каласальны рэзерв, які сёння створаны".

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што саюз моладзі павінен функцыянаваць як гадзіннік - ад першага сакратара да пярвічнай ячэйкі. "Калі гэтага ў вас не будзе, лічыце, што вы падманулі мяне, народ і дарэмна патрацілі грошы, няхай нават невялікія. Гэты касцяк павінен дзейнічаць, і тады ў цяжкія перыяды я магу задзейнічаць многія рычагі для таго, каб мабілізаваць краіну. Вядома, галоўны касцяк - гэта органы ўлады, - заўважыў Прэзідэнт. - Але спыняцца нельга, трэба ўдасканальвацца, таму што задзейнічаць структуру на поўную моц можна толькі тады, калі вы будзеце мець вялікі аўтарытэт у моладзі, нават у той, якая не будзе членамі вашага саюза".

Аляксандр Лукашэнка лічыць неабходным дакладна вызначыцца ў роллю, якую ў Беларусі павінен адыгрываць Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі. "Трэба вызначыцца нарэшце з тымі напрамкамі, па якіх будзе працаваць моладзь", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.

У якасці прыкладу ён прывёў студатрадаўскі рух: "Гэта цудоўная форма. З пункту гледжання таго, што моладзь, асабліва цяпер, акунаецца ў гэту фізічную працу. І не толькі фізічную. Вучыцца зарабляць першы рубель для сябе. Вось добры напрамак, які ў добрым сэнсе слова манапалізаваны нашым саюзам моладзі".

Прэзідэнт адзначыў, што з'яўляюцца і новыя рухі - валанцёрскія, настаўніцтва, догляд і дапамога хворым і нядужым, ветэранам. "Але трэба вызначыцца і дакладна даць сігнал нашаму грамадству, моладзі, чым вы будзеце займацца. А органам улады - нам трэба, не баючыся, сумленна і шчыра сказаць, якой уладай мы зможам надзяліць сёння моладзь, у чым яны могуць быць памочнікамі дзяржавы, у чым мы іх будзем падтрымліваць. Хоць на ўзроўні закона", - сказаў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што буйныя аб'яднанні, такія як рэспубліканскі саюз моладзі, з'яўляюцца і асновай грамадзянскай супольнасці, хоць пэўнымі коламі прынята адносіць да гэтай катэгорыі толькі тыя арганізацыі, якія "ваююць супраць дзяржавы". "У свой час я дакладна адказаў на пытанне, што такое для нас грамадзянская супольнасць. Мы не развалілі маладзёжную арганізацыю. Яна ў нас ёсць. Чым гэта не апора нашай грамадзянскай супольнасці", - дадаў Кіраўнік дзяржавы. У аналагічным ключы ён выказаўся адносна прафсаюзаў, жаночай, ветэранскай арганізацый.

На думку Прэзідэнта, развіццю маладзёжнага руху ў краіне ўдзяляецца недастаткова ўвагі. "І нам трэба заняцца гэтым пытаннем неадкладна, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Яны павінны ўнесці прапановы, зыходзячы ўжо са свайго, няхай невялікага, вопыту, што мы можам зрабіць і чаго яны хочуць. А мы, улада, павінны адказаць на гэта пытанне законамі, указамі, распараджэннямі, каб надзяліць нейкімі ўладнымі паўнамоцтвамі, мякка кажучы, правамі гэту маладзёжную арганізацыю".

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што ініцыятыва павінна зыходзіць менавіта ад маладых людзей. Ён правёў аналогію з развіццём у краіне сферы высокіх тэхналогій: улада не ўказвала ІТ-кампаніям, як яны павінны развівацца, а выслухала іх прапановы і рэалізавала лепшыя з іх.

"Вы зрабілі правільны выбар, папоўніўшы рады нашай маладзёжнай арганізацыі. Цяпер вы павінны зрабіць так, каб арганізацыя стала ў добрым сэнсе слова сапраўды баяздольнай, - заявіў Аляксандр Лукашэнка. - Вас шмат, але вы не ўся наша моладзь. І вы павінны стаць цэнтрам прыцяжэння для астатніх равеснікаў і ўсіх дзяцей Беларусі, прыкладам актыўнага, сур'ёзнага ўдзелу ў жыцці краіны, каб за вамі пайшлі астатнія".

Пры гэтым Прэзідэнт звярнуў увагу, што самае галоўнае на гэтым шляху - адсутнасць усялякага фармалізму. "Не трэба нікога сілай цягнуць у арганізацыю. Гэта будзе нават не столькі важна: у арганізацыі наша моладзь ці не. Галоўнае, каб вы маглі ўплываць на тую моладзь, якая засталася па-за арганізацыяй. А для таго, каб за вамі пайшлі, трэба жыць тым жыццём, якім жыве сёння моладзь. Калі вы адгарадзіліся ад моладзі нейкай непраходнай сцяной, грош вам цана, вы проста загубіце будучае маладзёжнай арганізацыі. Вы павінны рабіць тое, чым жыве моладзь, і быць на паўкроку, на крок наперадзе, каб быць арыенцірам для яе", - адзначыў Прэзідэнт.

"Трэба менш гучных слоў і больш канкрэтных спраў. Не распыляйцеся, не спрабуйце ахапіць усё і быць усюды - вы не паспееце. Вызначыцеся ў галоўным, па меры руху вы будзеце дабаўляць тыя ці іншыя напрамкі, якія зможаце пацягнуць, - параіў Кіраўнік дзяржавы. - Не кідайцеся на тое, чаго вы не можаце пацягнуць. Сёння ідзе барацьба, страшэннае проціборства, памылак дапускаць нельга, паколькі праціўнікі будуць жорстка гэта выкарыстоўваць. Яны будуць рабіць усё для таго, каб вы спатыкнуліся і ўпалі. Таму будзьце акуратныя і асцярожныя, давайце будзем разам раіцца".

У якасці новых напрамкаў дзейнасці Аляксандр Лукашэнка прапанаваў ствараць моладзі рабочыя брыгады, паколькі ў краіне сёння не хапае рабочых рук, ёсць дзе прымяніць свае сілы ў прамысловасці, сельскай гаспадарцы. "Вам будуць рады на нашым новым заводзе "БЕЛДЖЫ", на БелАЗе, на швейных і іншых прадпрыемствах. Гэта будзе ваш уклад ва ўмацаванне эканомікі краіны. Вазьміце шэфства над будаўніцтвам вялікага аб'екта. Назавіце яго "маладзёжным", каб таксама пакінуць свой БАМ у гісторыі ўжо сучаснай Беларусі", - дадаў Прэзідэнт.

"Кожны з вас павінен зразумець: нічога ў свеце не даецца без вельмі цяжкай працы і выпрабаванняў, лёгкага хлеба не бывае, - канстатаваў Кіраўнік дзяржавы. - Трэба актыўней падключацца да пытанняў дзяржаўнага кіравання. Калі ў вас ёсць сур'ёзныя прапановы, мы можам абмеркаваць іх сёння. Слушныя, разумныя ідэі будуць пачуты і ўлічаны".

Аляксандр Лукашэнка пажадаў маладым людзям быць стойкімі, непахіснымі і цвёрдымі, абараняючы сваё роднае: зямлю і людзей, гісторыю краіны і памяць, культуру і каштоўнасці. "Пры гэтым заставайцеся сумленнымі і прыстойнымі. Проста будзьце добрымі людзьмі. Толькі так мы захаваем нашу Беларусь", - рэзюмаваў ён.

У час сустрэчы з актывам БРСМ Прэзідэнт расказаў аб сваім камсамольскім юнацтве, падзяліўся ўспамінамі тых гадоў. Кіраўнік дзяржавы ўважліва выслухаў прапановы маладых людзей, абмеркаваў з імі іх ініцыятывы, шчыра адказаў на ўсе пытанні і расказаў аб сваім бачанні тых ці іншых аспектаў.

Удзельнікі мерапрыемства, у прыватнасці, прапанавалі прысвоіць Палацу Незалежнасці статус гісторыка-культурнай каштоўнасці. Кіраўнік дзяржавы не выключыў такой магчымасці. "Пройдзем гэты шлях спакойна. Ёсць пэўныя працэдуры, і калі гэта ідэя будзе падтрымана да Прэзідэнта, я пагаджуся", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Яшчэ адна прапанова датычылася больш шырокай папулярызацыі дзяржаўнай сімволікі краіны. На думку маладых людзей, беларускі сцяг павінен быць у кожнай сям'і, у сувязі з гэтым прагучала ідэя зрабіць пры будучым перапісе насельніцтва такі падарунак у кожны дом.

Кіраўніку дзяржавы спадабалася такая прапанова: "Гэта добрая ідэя, мы не проста падумаем, а рэалізуем яе". Прэзідэнт таксама адзначыў, што традыцыя шырока папулярызаваць нацыянальную сімволіку ёсць у многіх краінах.

Брэсцкія прадстаўнікі Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі запрасілі Аляксандра Лукашэнку на святкаванне 1000-годдзя свайго горада, якое будзе адзначацца ў наступным годзе. "Я з вялікім задавальненнем, нават калі б вы мяне не запрасілі, прыехаў бы. А так у мяне будзе падстава - моладзь запрасіла", - адказаў на запрашэнне Кіраўнік дзяржавы. Ён падкрэсліў, што вялікую ўвагу ўдзяляе развіццю ўсіх рэгіёнаў краіны, у тым ліку і Брэстчыны. Менавіта дзякуючы ўвазе дзяржавы вобласць атрымала развіццё па ўсіх напрамках.

Асобна былі закрануты пытанні спартыўнай тэматыкі. Арганізатары сацыяльнага праекта "Асабісты прыклад" выступілі з прапановай адкрыць спецыялізаваныя пляцоўкі для заняткаў варкаўтам. Прэзідэнт паабяцаў падтрымку гэтаму праекту і заўважыў, што ў краіне ўжо займаюцца абсталяваннем спартыўных пляцовак, у тым ліку ў рамках добраўпарадкавання малых населеных пунктаў.

"Мы паглядзім са спецыялістамі, дапрацуем тыя ідэі, якія вы прапануеце, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Справа патрэбная, добрая. Усё мае патрэбу ў развіцці. І калі гэта ў развіццё такога руху, будзем толькі ўдзячныя. Падтрымка вам забяспечана. Дзейнічайце".

Расказваючы пра сваё асабістае стаўленне да спорту, Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што стараецца ўдзяляць яму прыкладна дзве гадзіны ў дзень. "Я наогул у спартыўнай зале не займаюся, хоць шмат аддаю спорту. У мяне норма дзве гадзіны ў дзень або крыху больш, якія я павінен аддаць спорту. Гэта абавязкова. І вам раю. За вамі дзеці пацягнуцца", - сказаў беларускі лідар.

Прэзідэнт прызнаўся, што заняткі ў залах, закрытых памяшканнях або, напрыклад, на бегавой дарожцы яму не падабаюцца. "І вам раю больш займацца на вуліцы. Гэта цудоўна, асабліва раніцай. Выйшаў на вуліцу, прабегся. Раніцай трэба 30-45 хвілін займацца спортам, асабліва мужчынам. Прабегліся, нагрузілі ногі, падцягнуліся", - параіў Аляксандр Лукашэнка.

Адказваючы на пытанні моладзі, Кіраўнік дзяржавы зрабіў асаблівы акцэнт на прыродным багацці Беларусі, лясах і балотах, якія называюць "лёгкімі Еўропы". "Я вырас на прыродзе, чалавек з вёскі. Для мяне гэта блізка", - сказаў ён.

Аляксандр Лукашэнка выказаўся ў падтрымку далейшай работы па азеляненні беларускіх гарадоў і сталіцы не толькі напярэдадні маючых адбыцца Еўрапейскіх гульняў, але і на перспектыву. Гэтаму напрамку будзе ўдзелена дадатковая ўвага і ў рамках Года малой радзімы, пад знакам якога ў Беларусі праходзяць 2018-2020 гады. "Калі я прымаў рашэнне аб тым, што гэта (2018-ы) будзе Год малой радзімы, я разумеў, што за год многае зрабіць не паспеем. Таму будзе тры гады. Але ў кожным годзе будзе нейкая ідэя, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Можа, працэс азелянення, адраджэння прыроды малой і вялікай радзімы стане асноўным ідэйным зместам 2019 года. У бліжэйшы час падумаем - міністры, Адміністрацыя, моладзь сваё слова скажа".

Ад прадстаўнікоў моладзі прагучала прапанова ва ўсіх рэгіёнах Беларусі адкрыць паркі сямейных дрэў, дзе людзі маглі б пасадзіць дрэва да нейкай знамянальнай для іх сямейнай падзеі. "Цудоўная ініцыятыва. Абсалютна падтрымліваю. Чалавек прыйдзе і па плане, які будзе ў парку, пасадзіць сваё дрэўца", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Ён прызнаўся, што сам ужо так зрабіў, пасадзіўшы дрэвы са сваімі сынамі і на тэрыторыі Палаца Незалежнасці, і жылой рэзідэнцыі.

Кіраўнік дзяржавы падтрымаў яшчэ адну прапанову - у наступным годзе правесці рэспубліканскі форум вясковай моладзі. Такое мерапрыемства ўжо добра зарэкамендавала сябе на рэгіянальным узроўні ў Мінскай вобласці. Аляксандр Лукашэнка таксама паабяцаў наведаць гэту падзею, калі паступіць такое запрашэнне.

У час сустрэчы размова ішла і аб эканамічным развіцці Беларусі. Кіраўнік дзяржавы назваў касмічную галіну, сферу інфармацыйных тэхналогій і БелАЭС кропкамі будучага росту краіны. Як перакананы Прэзідэнт, без іх дзяржава не змагла б развівацца ў сучасных умовах. "Нам патрэбны кропкі росту і росту менавіта будучага, - лічыць ён. - Пабудаваць проста завод сёння недастаткова. Свет развіваецца па пэўных напрамках, і тэмпы шалёныя. Нам удалося заняцца тым, што потым, у будучым, будзе вельмі важна, гэта ў тым ліку энергетыка, аднаўляльныя крыніцы энергіі".

Аляксандр Лукашэнка растлумачыў, што будаўніцтва БелАЭС "пацягне за сабой развіццё ўсёй эканомікі нашай невялікай краіны". Гэты аб'ект у працэсе стварэння быў Усебеларускай маладзёжнай будоўляй, на ім актыўна працавалі студатрады. Цяпер жа трэба падумаць, на якім важным дзяржаўным аб'екце ў далейшым будуць сканцэнтраваны намаганні студэнцкіх атрадаў, дадаў Прэзідэнт.

Прадстаўнікі актыву БРСМ таксама абмеркавалі з Кіраўніком дзяржавы пытанні валанцёрскага руху, сацыяльныя ініцыятывы, папулярызацыю нацыянальных дасягненняў у спорце і іншых галінах, інфармацыйнае суправаджэнне Года малой радзімы, інфраструктурныя праекты па добраўпарадкаванні населеных пунктаў і арганізацыі месцаў для адпачынку гараджан.

На заканчэнне сустрэчы беларускі лідар падрабязна падзяліўся з моладдзю ўспамінамі аб сваім камсамольскім юнацтве, расказаў, як яго прымалі ў гэту арганізацыю. "Для мяне ў жыцці гэта вялікая была школа. Калі б не было камсамола ў маім жыцці, я не быў бы Прэзідэнтам, - сказаў ён. - А калі б і быў Прэзідэнтам, я не быў бы ў асобных пытаннях такім эфектыўным, таму што я гэта разумею (жыццёвыя пытанні) знізу".

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што яму было проста прыняць рашэнне аб сваім удзеле ў гэтай сустрэчы. "Калі паўстала пытанне, быць ці не быць Прэзідэнту на 100-годдзі і як яго адзначаць, для мяне праблем не было. Мы перанеслі ўсе мерапрыемствы, ачысцілі графік. Я сказаў: "Гэты дзень мы павінны прысвяціць такому вялікаму святу". Для мяне гэта фундамент майго жыцця, і я ні ў якім разе не павінен гэта забываць, нягледзячы на тое, як да гэтага хто-небудзь паставіцца за межамі нашай краіны, ды і ў нас", - заявіў Прэзідэнт.

Гаворачы пра сучасную маладзёжную арганізацыю, Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што яна ў тым ліку павінна быць рэзервам кадраў, адкуль трэба вылучаць наверх здольных юнакоў і дзяўчат. Асаблівую ўвагу ён звярнуў на ролю пярвічак. "Гэта тая пляцоўка і тое месца, дзе ўсе бачны і ўсё бачна, што мы робім", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Спецыяльна да мерапрыемства ў Палацы Незалежнасці разгарнулася выстаўка, арганізаваная ў форме інтэрактыўных пляцовак. Экспазіцыя прысвечана рабоце БРСМ на сучасным этапе і тэматычна падзелена па трох напрамках: "Беларусь - крыніца натхнення", "IТ. Крэатыўная прастора", "Будучыню Радзімы будаваць маладым". Прэзідэнт сустрэнецца з пераможцамі  рэспубліканскіх маладзёжных конкурсаў і праектаў, лепшымі байцамі студэнцкіх і маладзёжных атрадаў.

З той жа цеплынёй, з якой Прэзідэнт успамінаў пра гады свайго камсамольскага юнацтва, ён падхапіў дружна і звонка загучаўшыя песні: "Каманду маладосці нашай" і "Песню аб трывожнай маладосці". Сімвалічна, што гэта незвычайнае імправізаванае выкананне аб'яднала прадстаўнікоў розных пакаленняў: ад малодшага (акампанаваў на раялі малодшы сын Прэзідэнта Мікалай Лукашэнка), сярэдняга - прадстаўнікоў БРСМ, да старэйшага - кіраўнікоў, якія працуюць з моладдзю, і ветэранаў камсамольскага руху.

Пераемнасць пакаленняў, а таксама пераемнасць такіх паняццяў, як адзінства, любоў да Радзімы, дружба, братэрства, вера ў будучыню краіны - гэтыя тэмы лейтматывам прайшлі праз усю сустрэчу Аляксандра Лукашэнкі з прадстаўнікамі БРСМ і камсамола.