Сустрэча са старшынёй Знешэканамбанка Уладзімірам Дзмітрыевым
Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка прапануе Знешэканамбанку (Расія) удзел у большай колькасці праектаў у Беларусі. Аб гэтым ішла размова 4 верасня на сустрэчы Кіраўніка дзяржавы са старшынёй дзяржаўнай карпарацыі "Банк развіцця і знешнеэканамічнай дзейнасці (Знешэканамбанк)" Уладзімірам Дзмітрыевым.
Аляксандр Лукашэнка падзякаваў Знешэканамбанку за выкананне ўсіх узятых на сябе абавязацельстваў. "Бывае, мне скардзяцца, што замежныя банкіры, у тым ліку расійскія, не выконваюць нейкія абавязацельствы. І я патрабую: вы мне прадстаўце канкрэтныя факты, хто, дзе, што не выконвае. Рыхтуючыся да гэтай сустрэчы, я паглядзеў на выкананне тых абавязацельстваў, якія вы давалі, - падкрэсліў Прэзідэнт. - Шчыра вам скажу, я не знайшоў абавязацельстваў, якія вы не выконвалі б. Больш таго, і аб'ёмы фінансавання нашай эканомікі, і ўдзел банка ў крэдытаванні, мадэрнізацыі эканомікі - усё гэта прысутнічае".
"І калі вы ў гэты няпросты для банкаўскай сістэмы Расіі час знойдзеце магчымасць большага ўдзелу ў мерапрыемствах эканамічнага і фінансавага характару ў Беларусі, мы вам будзем толькі ўдзячныя", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт таксама выказаў асаблівую ўдзячнасць за фінансаванне будаўніцтва атамнай электрастанцыі. "Праект, можна сказаць, веку, новы для Беларусі. Мы, зразумела, вельмі скрупулёзна падыходзім да будаўніцтва, лічым там кожную капейку, таму што грошы зваротныя, крэдытныя рэсурсы. І ваш банк вельмі значна падтрымлівае, апошнюю выдзеленую пазыку $0,5 млрд мы асвойваем, станцыя будуецца, кантроль там забяспечаны строгі, і асабісты, і членаў урада, і дзяржаўны ў цэлым. Таму я вам вельмі ўдзячны за гэты праект. Калі будзе магчымасць удзелу ў большым аб'ёме - калі ласка", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.
![]()
Аляксандр Лукашэнка дадаў, што беларускі бок гатовы Знешэканамбанку "падставіць у любы час плячо, нават калі для нас гэта будзе вельмі складана".
У сваю чаргу Уладзімір Дзмітрыеў звярнуў увагу на тое, што амаль 40% балансу даччынага банка ў Беларусі прыпадае на фінансаванне інтэграцыйных працэсаў, гэта значыць, кааперацыю, падтрымку экспарту, у тым ліку за кошт расійскага агенцтва па страхаванні экспартных крэдытаў і інвестыцый.