Сустрэча са старшынёй Выканаўчага камітэта - выканаўчым сакратаром СНД Сяргеем Лебедзевым

    Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка 6 кастрычніка сустрэўся са старшынёй Выканаўчага камітэта - выканаўчым сакратаром СНД Сяргеем Лебедзевым.

    Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што Мінск апошнім часам жыве буйнымі палітычнымі падзеямі. У прыватнасці, на бягучым тыдні плануецца наведванне Беларусі з афіцыйным візітам прэзідэнта Туркменістана, а таксама правядзенне пасяджэнняў Савета кіраўнікоў дзяржаў СНД і Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета на ўзроўні кіраўнікоў дзяржаў.

    Гаворачы аб саміце СНД, Прэзідэнт Беларусі падкрэсліў, што гэта вельмі адказнае мерапрыемства, паколькі СНД перажывае складаны, пераломны перыяд. "У сувязі з гэтым вельмі важныя будуць сустрэчы і рашэнні, якія, магчыма, і не будуць фармалізаваны ў Мінску, але будуць агавораны многія праблемы", - сказаў беларускі лідар.

    Парадак дня маючага адбыцца саміту СНД налічвае 17 пытанняў, якія датычацца палітычнага супрацоўніцтва, умацавання бяспекі на прасторы Садружнасці, узаемадзеяння ў гуманітарнай сферы.

    Аляксандр Лукашэнка дадаў, што саміты неабходна правесці дастойна, "як гэта і было мінулы раз, каб усе засталіся задаволены работай у Мінску".

    У сваю чаргу Сяргей Лебедзеў адзначыў, што ўсе пытанні парадку дня глыбока прапрацаваны. Ён таксама звярнуў увагу на вялікую зладжанасць работы ўсіх структур, якія адказваюць за падрыхтоўку сустрэч на вышэйшым узроўні ў беларускай сталіцы.