Сустрэча са старшынёй Выканаўчага камітэта - выканаўчым сакратаром СНД Сяргеем Лебедзевым
- 1
Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка 12 кастрычніка сустрэўся са старшынёй Выканаўчага камітэта - выканаўчым сакратаром СНД Сяргеем Лебедзевым.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што перажываў за абстаноўку ў краіне. "Спроб было нямала, але, паколькі аб гэтым ніхто не чуў, гэтага ніхто не бачыў, значыць усё ж такі мы навучыліся ціха і спакойна працаваць, прадухіляць усялякія інсінуацыі і спробы нават ачаговай дэстабілізацыі абстаноўкі ў Беларусі", - сказаў Кіраўнік дзяржавы. "Настане час - мы аб гэтых спробах раскажам, пакажам іх людзям, няхай яны ведаюць", - дадаў ён.
Гаворачы аб прэзідэнцкай выбарчай кампаніі, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што было зроблена ўсё, "каб нас ніхто не папракнуў, асабліва нашы заходнія партнёры, наглядальнікі". "Я ўчора адкрыта вымушаны быў сказаць: што мы не зрабілі яшчэ, каб Захад нарэшце ўбачыў элементы дэмакратычнасці ў Беларусі. Шчыра кажучы, вядома, яны гэта ўбачылі. Іх справа, як яны гэта будуць падаваць", - сказаў беларускі лідар.
Прэзідэнт падзякаваў місіі наглядальнікаў ад СНД за тую вялікую работу, якую яны правялі, і за аб'ектыўнасць.
Аляксандр Лукашэнка закрануў таксама пытанні маючага адбыцца саміту СНД на ўзроўні кіраўнікоў дзяржаў, які пройдзе 16 кастрычніка ў Казахстане.
Кіраўнік беларускай дзяржавы пацікавіўся ў Сяргея Лебедзева, ці ёсць якія-небудзь праблемныя пытанні пры падрыхтоўцы пасяджэння. Прэзідэнт Беларусі адзначыў, што раніцай размаўляў са многімі сваімі калегамі, у тым ліку з Уладзімірам Пуціным і Нурсултанам Назарбаевым, і абмеркаваў пытанні маючай адбыцца сустрэчы. Ён таксама папрасіў Сяргея Лебедзева расказаць аб тым, як ідзе падрыхтоўка да саміту і што яшчэ неабходна зрабіць.
Сяргей Лебедзеў павіншаваў Аляксандра Лукашэнку з пераканаўчай перамогай на прэзідэнцкіх выбарах. Ён праінфармаваў аб тым, што місія СНД, якая назірала за ходам выбарчай кампаніі, рацэньвае гэты вынік як высокі давер да дзеючага Прэзідэнта. Ён адзначыў: місія СНД лічыць, што выбары прайшлі ў адпаведнасці з Выбарчым кодэксам і Канстытуцыяй Беларусі, а таксама адпавядалі агульнапрызнаным міжнародным нормам у правядзенні выбараў. "І самы галоўны вывад, які мы зрабілі, - было забяспечана права грамадзян Беларусі на свабоднае волевыяўленне", - падкрэсліў Сяргей Лебедзеў.
Гаворачы аб маючым адбыцца саміце кіраўнікоў дзяржаў СНД, Сяргей Лебедзеў расказаў, што парадак дня налічвае 17 пытанняў. У прыватнасці, прыняцце заяў кіраўнікоў дзяржаў СНД у сувязі з 70-годдзем стварэння ААН, 30-й гадавінай аварыі на Чарнобыльскай АЭС, аб барацьбе з міжнародным тэрарызмам. Акрамя таго, шэраг пытанняў прысвечаны далейшаму ўмацаванню ваеннага і прыгранічнага супрацоўніцтва. У прыватнасці, прапануецца прыняць канцэпцыю ваеннага супрацоўніцтва дзяржаў - удзельніц СНД да 2020 года, а таксама праграму супрацоўніцтва дзяржаў - удзельніц СНД ва ўмацаванні пагранічнай бяспекі на знешніх граніцах на 2016-2020 гады, а таксама пагадненне аб супрацоўніцтве ў галіне папярэджання і ліквідацыі надзвычайных сітуацый. Будзе разгледжаны таксама шэраг кадравых пытанняў, а менавіта зацверджана кандыдатура кіраўніка Антытэрарыстычнага цэнтра дзяржаў - удзельніц СНД і кіраўніка Каардынацыйнага камітэта па пытаннях проціпаветранай абароны пры Савеце міністраў абароны дзяржаў - удзельніц Садружнасці. Сяргей Лебедзеў таксама адзначыў, што прадугледжваецца, што старшынства ў СНД ад Казахстана пяройдзе да Кыргызстана.
На сустрэчы ішла размова аб пытаннях умацавання інтэграцыйнага ўзаемадзеяння ў Садружнасці.
Сяргей Лебедзеў выказаў удзячнасць Прэзідэнту Беларусі за падтрымку як Выканаўчага камітэта СНД, так і ў цэлым інтэграцыйнага ўзаемадзеяння.
Аляксандр Лукашэнка запэўніў Сяргея Лебедзева, што Беларусь заўсёды была, ёсць і застанецца актыўным прыхільнікам захавання і ўмацавання інтэграцыйнага ўзаемадзеяння ў Садружнасці Незалежных Дзяржаў, павышэння яе эфектыўнасці.