Сустрэча са старшынёй Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў Лідзіяй Ярмошынай

  • 1
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка даручыў у самыя кароткія тэрміны стварыць міжведамасную экспертную групу па вывучэнні рэкамендацый АБСЕ і выпрацоўцы прапаноў па прымяненні гэтых рэкамендацый. Такую задачу ён паставіў 12 лютага на сустрэчы са старшынёй Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў Лідзіяй Ярмошынай.

"Ёсць неабходнасць абмеркаваць коратка вынікі прэзідэнцкіх выбараў вачамі БДІПЧ АБСЕ", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што падагульняючая справаздача БДІПЧ АБСЕ па прэзідэнцкіх выбарах 2015 года ў Беларусі была прадстаўлена як ніколі позна - праз 3,5 месяца пасля выбараў. "Доўга рыхтавалі. Праўда, яна ў асноўным, як я заўважыў, нічым не адрозніваецца ад папярэдняй. Але ёсць нейкія прапановы, патрабаванні да нас", - адзначыў Прэзідэнт.

Лідзія Ярмошына расказала, што міжведамасная экспертная група будзе створана ўжо сёння, а першае пасяджэнне плануецца правесці 16 лютага. Экспертная група будзе працаваць пад кіраўніцтвам Цэнтрвыбаркама і праз месяц з пачатку работы павінна прадставіць у адрас ЦВК рэкамендацыі або прапановы па той пазіцыі, якую выказала АБСЕ.

ЦВК абагульніць вывады міжведамаснай экспертнай групы і прадставіць Кіраўніку дзяржавы напярэдадні парламенцкіх выбараў прапановы па ўдасканаленні выбарчага працэсу.

"Тым не менш адразу магу сказаць, што, зразумела, размова не можа ісці ў бліжэйшы час аб змяненні выбарчага закона. Гэтыя прапановы будуць рэалізоўвацца шляхам удасканалення правапрымяняльнай практыкі, якая вызначаецца метадычнымі растлумачэннямі Цэнтрвыбаркама", - падкрэсліла старшыня ЦВК.

Лідзія Ярмошына звярнула ўвагу на тое, што пажаданне міжнародных партнёраў было таксама і ў тым, каб Беларусь максімальна сур'ёзна паставілася да гэтых рэкамендацый. "І гэта дэманстрацыя перш за ўсё нашай сур'ёзнасці, нашай уважлівасці", - сказала яна.

"Цэнтральная камісія ўжо даўно праводзіць работу па вывучэнні гэтых рэкамендацый і прымяненні іх на практыцы ў ходзе маючых адбыцца парламенцкіх выбараў. Тым не менш мы лічым, што тут неабходны комплексны падыход для таго, каб у гэтай працэдуры ўдзельнічала не толькі Цэнтральная камісія, але і нашы найбольш аўтарытэтныя дзяржаўныя органы на ўзроўні экспертаў, якія таксама выказалі б сваю пазіцыю па выказаных АБСЕ прапановах, а таксама вызначылі шляхі рэалізацыі гэтых прапаноў", - адзначыла старшыня ЦВК.

На сустрэчы таксама былі абмеркаваны пытанні, звязаныя з маючымі адбыцца парламенцкімі выбарамі ў Беларусі, і іншыя.