Сустрэча з заснавальнікам інвестыцыйнай кампаніі Emaar Properties Махамедам Алі Алабарам

  • 1

Беларусь зацікаўлена ў развіцці праектаў у рэальным сектары эканомікі з Аб'яднанымі Арабскімі Эміратамі. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на сустрэчы з заснавальнікам інвестыцыйнай кампаніі Emaar Properties Махамедам Алі Алабарам.

У пачатку сустрэчы Кіраўнік дзяржавы выказаўся пра беларускае надвор'е, параўнаўшы яго з кліматам ААЭ: "Мне прыемна сёння з вамі сустрэцца ўжо тут, у Мінску, не ў Абу-Дабі, дзе вельмі душна і горача. Думаю, вы сябе тут камфортна адчуваеце".

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што ў час яго візіту ў ААЭ бакі ўжо абмяркоўвалі напрамкі двухбаковага супрацоўніцтва. У Мінск Махамед Алі Алабар быў запрошаны, каб больш канкрэтна абмеркаваць работу Emaar Properties у Беларусі. "Мы гатовы з Эміратамі супрацоўнічаць не толькі ў сферы інтарэсаў вашай кампаніі, але і значна шырэй: у сферы прамысловасці і сельскай гаспадаркі. Для нас гэта важнейшыя напрамкі, акрамя будаўніцтва, - заявіў Прэзідэнт. - Таму мы можам абмеркаваць цяпер тыя праекты, якія знаходзяцца ў прапрацоўцы. Але, шчыра вам скажу, што мяне больш цікавяць праекты менавіта ў рэальным сектары эканомікі".

Кіраўнік дзяржавы заўважыў, што кампанія Emaar Properties вядома не толькі ў арабскім свеце. На яго думку, яе супрацоўніцтва з Беларуссю стала б добрым сігналам для ўсёй сусветнай супольнасці і пацвердзіла б наяўнасць у краіне добрых умоў для работы інвестараў. "Ведаю, што вы абы-куды не ходзіце, як у Беларусі ў нас кажуць", - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.

Якія менавіта праекты мае намер рэалізоўваць арабская кампанія ў Беларусі, ужо абмяркоўвалася за закрытымі дзвярамі. Аднак Прэзідэнт адзначыў, што яму спадабаліся некаторыя ідэі кіраўніцтва ААЭ. "У час майго знаходжання ў Эміратах і ў час знаходжання Наследнага прынца тут, у Беларусі, мне спадабаўся шэраг ідэй, якія ён выказаў, у тым ліку адна з вашых ідэй, якую я хацеў бы тут абмеркаваць", - дадаў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка таксама папрасіў перадаць Наследнаму прынцу Абу-Дабі шэйху Мухамеду бен Заіду аль-Нахаяну, а таксама Правіцелю эмірата Дубай шэйху Мухамеду бен Рашыду аль-Мактуму самыя цёплыя і добрыя пажаданні, словы ўдзячнасці за ўсё, што было зроблена для кіраўніка беларускай дзяржавы і асоб, якія яго суправаджалі, у час нядаўняга знаходжання ў Эміратах.