Сустрэча са Старшынёй Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Уладзімірам Андрэйчанкам

    Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка даручыў дэпутатам падысці прынцыпова да разгляду законапраекта аб рэспубліканскім бюджэце на 2017 год. Такую задачу Кіраўнік дзяржавы паставіў 19 верасня на рабочай сустрэчы са Старшынёй Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Уладзімірам Андрэйчанкам.

    Як было даложана Прэзідэнту, дзясятая сесія Палаты прадстаўнікоў пятага склікання адкрываецца 3 кастрычніка. На ёй плануецца разгледзець каля 20 пытанняў. "Вельмі важна ведаць, як гатова гэта сесія. Мы дамаўляліся, што там будуць разгледжаны і пытанні бюджэту", - сказаў Аляксандр Лукашэнка, падкрэсліўшы, што дэпутаты павінны прынцыпова падысці да разгляду гэтага важнага дакумента.

    Паводле слоў Уладзіміра Андрэйчанкі, законапраект аб рэспубліканскім бюджэце ўжо разглядаўся ў пастаянных камісіях і на пашыраным пасяджэнні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па бюджэце і фінансах, а 21 верасня адбудзецца нулявое чытанне з удзелам Прэм'ер-міністра і членаў Урада.

    Прэзідэнт таксама звярнуў увагу на працаўладкаванне цяперашніх дэпутатаў. "Можа, будуць якія-небудзь пажаданні па працаўладкаванні адыходзячых з парламента, але не з палітычнага жыцця дэпутатаў, - адзначыў Кіраўнік дзяржавы. - Паглядзіце, каб яны былі запатрабаваны ў жыцці. Ёсць дэпутаты, якіх мы страціць не можам".

    На сустрэчы таксама абмяркоўвалася арганізацыя сумеснага пасяджэння Палаты прадстаўнікоў і Савета Рэспублікі, якое запланавана на 7 кастрычніка. "Мы павінны ўзнагародзіць і падзякаваць людзям. Трэба сур'ёзна падумаць аб форме правядзення такога мерапрыемства, каб яно стала традыцыйным, - даручыў Аляксандр Лукашэнка. - Будучым дэпутатам будзе цікава паслухаць, чым займаўся парламент учора і чым будзе займацца заўтра. Гэта ж не прыйсці, пасядзець ці прапусціць сесію - такая добрая і вольная работа, гэта - цяжкая праца".

    Кіраўніку дзяржавы было даложана аб правядзенні ў 2017 годзе ў Беларусі сесіі Парламенцкай асамблеі АБСЕ, у якой прымуць удзел прадстаўнікі 57 дзяржаў. У сувязі з гэтым Аляксандр Лукашэнка даручыў беларускім парламентарыям правесці неабходную арганізацыйную работу, каб мерапрыемства прайшло на самым высокім узроўні.