Сустрэча са Старшынёй Камітэта па кантролі і кіраванні дзяржаўнай маёмасцю пры Дзяржсавеце КНР Сяа Яцынам
- 1
Беларусь і Кітай выйшлі на беспрэцэдэнтна высокі ўзровень партнёрства. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 1 жніўня на сустрэчы са Старшынёй Камітэта па кантролі і кіраванні дзяржаўнай маёмасцю пры Дзяржаўным савеце КНР Сяа Яцынам.
"Бягучы 2017 год - асаблівы для нашых двухбаковых сувязей. Беларусь і Кітай адзначаюць 25-годдзе ўстанаўлення дыпламатычных адносін. Да гэтай даты мы падышлі з высокай інтэнсіўнасцю кантактаў, сумесных мерапрыемстваў, выйшлі на беспрэцэдэнтна высокі ўзровень партнёрства паміж Мінскам і Пекінам", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, усе гэтыя 25 гадоў супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Кітаем развівалася на яго вачах і пры непасрэдным удзеле. "Я ніколі не мог падумаць 25 гадоў таму, што мы зможам мець такія адносіны з Кітайскай Народнай Рэспублікай. Я рады, што ў нас выбудаваліся такія адносіны з Вялікім Кітаем", - заявіў беларускі лідар.
"Жалезныя браты" і "ўсепагодная дружба" - гэта ёмістыя паняцці, тэрміны, якія ўвайшлі ў лексікон нашых узаемаадносін", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што Кітай з'яўляецца стратэгічным партнёрам Беларусі. Аснова супрацоўніцтва дзвюх краін - дружба і ўзаемаразуменне, падтрымка на двухбаковых і шматбаковых пляцоўках.
Прэзідэнт нагадаў, што на сустрэчы ў маі гэтага года са Старшынёй КНР Сі Цзіньпінам бакі яшчэ раз пацвердзілі статус Беларусі як важнейшага партнёра ў рэалізацыі ініцыятывы "Адзін пояс і адзін шлях". "Сёння надыходзіць актыўная фаза выканання нашых дамоўленасцей. Прыклад гэтага - ваш візіт разам з прадстаўнікамі буйнейшых кітайскіх карпарацый, якія з'яўляюцца гордасцю і моцай кітайскай эканамічнай мадэлі, - сказаў беларускі лідар. - У вас намечаны прадметныя і змястоўныя сустрэчы і мерапрыемствы. Асаблівая ўвага на іх будзе ўдзелена важнейшаму аспекту - умацаванню эканамічных сувязей, вызначэнню партнёраў і праектаў для рэалізацыі ў нашай краіне".
Кіраўнік дзяржавы выказаў пажаданне, каб інтэнсіўныя і развітыя палітычныя ўзаемаадносіны паміж Беларуссю і Кітаем стаялі на фундаменце моцных гандлёва-эканамічных адносін. "Калі гэта будзе, тады ўжо нашу дружбу не разбурыць ніхто", - упэўнены беларускі лідар.
Ён адзначыў, што сумесныя з кітайскімі кампаніямі праекты набіраюць абароты. Яркі прыклад таго - будаўніцтва Кітайска-беларускага індустрыяльнага парка "Вялікі камень". "Я вельмі хацеў бы (ведаю, такое ж меркаванне і ў Старшыні Сі Цзіньпіна), каб "Вялікі камень" стаў узорам сумеснага супрацоўніцтва, каб кітайскія карпарацыі вельмі актыўна прымалі ўдзел у рэалізацыі гэтай задумы", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
На тэрыторыі парка "Вялікі камень" створаны адны з самых лепшых у свеце прававых умоў вядзення бізнесу, падкрэсліў ён.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што парк становіцца міжнародным, шырокі інтарэс да яго праяўляецца з боку беларускіх, еўрапейскіх, амерыканскіх і расійскіх кампаній. Прэзідэнт прывёў у якасці прыкладу глабальнага еўрапейскага аператара "Дуйспорт", які гатовы ўдзельнічаць у кіраванні паркам і прымяняць там свой вопыт.
На сустрэчы прысутнічалі прадстаўнікі шэрага буйных кітайскіх карпарацый, большасць з якіх - акцыянеры і рэзідэнты парка. "Іх прыклад дэманструе на практыцы ўзаемную выгаду і патэнцыял супрацоўніцтва ў інвестыцыйнай сферы", - сказаў Прэзідэнт.
Паводле яго слоў, у бліжэйшы час неабходна ўзмацніць узаемадзеянне па многіх напрамках. У іх ліку прамое інвесціраванне ў парк, будаўніцтва новых высокатэхналагічных прадпрыемстваў, прадпрыемстваў заўтрашняга дня. "Вы самі разумееце, калі мы пабудуем прадпрыемствы нават не ўчарашняга, а сённяшняга дня, то прадукцыю гэтых прадпрыемстваў мы не зможам рэалізаваць на рынках Еўрапейскага саюза і далей. Нам патрэбны высокатэхналагічныя прадпрыемствы, прадукцыю якіх мы маглі б прадаваць у любым кутку планеты", - адзначыў беларускі лідар.
Ён падкрэсліў, што маштаб агульнага праекта і яго велізарныя магчымасці дазваляюць разлічваць на больш важкую прысутнасць у парку кітайскіх дзяржкарпарацый. "Я ўпэўнены, калі такі працэс пойдзе, то парк атрымае сур'ёзнае новае дыханне, новыя магчымасці", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Яшчэ адзін напрамак - фарміраванне двухбаковых праектаў, зліццё кампаній і спалучэнне іх патэнцыялаў. "Мы гатовы да гэтага", - запэўніў Кіраўнік дзяржавы.
У якасці аднаго з напрамкаў для развіцця ўзаемадзеяння Прэзідэнт назваў сумеснае з дзяржаўнымі карпарацыямі ўмацаванне ваенна-тэхнічнага супрацоўніцтва. "Цалкам магчыма і нядрэнна было б стварэнне ў парку высокатэхналагічных прадпрыемстваў сістэмы ваенна-прамысловага комплексу. Можна сумесных, можна кітайскіх. І трэба, каб кітайскія карпарацыі ВПК прыйшлі ў гэты парк", - заявіў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка таксама адзначыў важнасць сур'ёзна звярнуць увагу на развіццё турыстычнага патэнцыялу Беларусі і КНР.
"Хачу асабліва падкрэсліць, што ваш візіт у Беларусь з'яўляецца пацвярджэннем канкрэтных і мэтанакіраваных крокаў у сумесным развіцці і стварэнні "супольнасці адзінага лёсу" Беларусі і Кітая. Упэўнены, што вынікі візіту ўжо ў бліжэйшы час прынясуць адчувальныя рэзультаты, - падкрэсліў беларускі лідар. - Фундамент, які мы будуем для будучых пакаленняў, будзем умацоўваць сумеснымі прадпрыемствамі, сумесным бізнесам і стварэннем неабходных умоў для прыходу Вялікага Кітая ў цэнтр Еўропы".
![]()
Аляксандр Лукашэнка адзначыў даўні характар дружбы паміж дзвюма краінамі. "Яна ўзнікла тады, калі ніхто не гаварыў аб тым, што Кітай можа скарыстацца магчымасцямі Беларусі. Мы развівалі адносіны, развіваем іх і цяпер. Але галоўнае, што было тады і застаецца сёння, - мы не дружым супраць некага, мы нікому не перашкаджаем. Мы развіваем наша супрацоўніцтва на прынцыпах міжнароднага права. Ні адзін дагавор Кітая і Беларусі не супярэчыць гэтым прынцыпам. Тым больш, не парушае стабільнасць дзяржаў гэтага або азіяцкага рэгіёнаў. Мы непакоімся за дабрабыт нашых людзей як у Кітаі, так і ў Беларусі. Гэта наша мэта", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Паводле слоў Прэзідэнта, удзельнічаючы ў міжнароднай канферэнцыі ў Кітаі па развіцці ініцыятывы "Адзін пояс і адзін шлях", ён гаварыў аб тым, што асаблівасцю работы КНР з дзяржавамі ў свеце з'яўляецца тое, што Кітай нікога не павучае, не ставіць нейкіх папярэдніх умоў для супрацоўніцтва. "Кітай ідзе на супрацоўніцтва з адкрытым сэрцам і душой, калі гэтага жадаюць дзяржавы, у якіх Кітай хоча працаваць. Гэта, можна сказаць, новая эра эканамічных і палітычных адносін у свеце - без націску, без папярэдніх умоў, толькі на ўзаемавыгаднай аснове. У гэтым асаблівасць палітыкі вялікага, мудрага кітайскага народа. Мы гэта вітаем. Аб гэтым гаворым і будзем гаварыць публічна", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.
Ён звярнуў увагу і на той факт, што Кітай паслядоўна рэалізуе дасягнутыя дамоўленасці ў пытанні развіцця супрацоўніцтва з Беларуссю. "Вы паабяцалі нам адкрыць рынак для прадуктаў харчавання - вы яго адкрылі і па малочнай прадукцыі, і па мясной. Вы абяцалі нам падтрымку ў прамысловасці - вы рэалізоўваеце свае абяцанні. Вы абяцалі падтрымаць нашу абараназдольнасць і бяспеку нашай дзяржавы - вы гэта зрабілі. Вы павінны ведаць, што мы гэтым ганарымся і будзем помніць гэта заўсёды", - сказаў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка дадаў, што гатовы да абмеркавання любых пытанняў супрацоўніцтва з КНР, і падкрэсліў, што закрытых тэм у гэтым плане няма.
У цэлым на сустрэчы падрабязна і прадметна абмяркоўваліся перспектывы развіцця Кітайска-беларускага індустрыяльнага парка. Размова ў прыватнасці ішла аб стварэнні інвестыцыйнага фонду для прыцягнення новых рэзідэнтаў. Плануецца, што першапачатковы памер фонду будзе складаць $585 млн з перспектывай павелічэння да $1 млрд і больш па меры неабходнасці.
Акрамя стварэння інвестыцыйнага фонду, сярод напрамкаў, якія мае намер развіваць кітайскі бок сумесна з беларускімі партнёрамі, даследчая работа, у тым ліку ў пытанні патрэбнасцей рынку ў той ці іншай прадукцыі, падрыхтоўка кадраў, навучанне і павышэнне кваліфікацыі работнікаў прадпрыемстваў - рэзідэнтаў парка.
Чакаецца, што парк "Вялікі камень" будзе ўключаны ў спіс праектаў, якія курыруе Камітэт па кантролі і кіраванні дзяржаўнай маёмасцю пры Дзяржсавеце КНР. Гэта дасць дадатковыя магчымасці для аказання дапамогі ў прыцягненні інвестараў, вырашэнні пытанняў развіцця супрацоўніцтва, асабліва па лініі дзяржпрадпрыемстваў.
На сустрэчы таксама абмяркоўваліся тэмы развіцця турызму, авіязносін, устаранення візавых бар'ераў.
З беларускага боку заяўлена аб гатоўнасці аказваць усялякую дапамогу і падтрымку ў вырашэнні любых пытанняў, што ўзнікаюць, і рэалізацыі розных праектаў.
Сяа Яцын падкрэсліў, што дэлегацыя ў складзе прадстаўнікоў буйнейшых карпарацый Кітая, якая прыбыла з ім, нацэлена на тое, каб рэалізаваць дамоўленасці, дасягнутыя паміж лідарамі дзвюх краін. "Прадпрыемствы, якія прадстаўлены ў складзе нашай дэлегацыі, уваходзяць у топ-500 буйнейшых і мацнейшых прадпрыемстваў свету", - сказаў ён.
Таксама Сяа Яцын падзякаваў Кіраўніку беларускай дзяржавы за ўсебаковую падтрымку работы кітайскіх прадпрыемстваў у Беларусі, у прыватнасці ў рэалізацыі праекта па стварэнні парка "Вялікі камень". На гэта накіраваны Указ № 166 ад 12 мая 2017 года, якім для рэзідэнтаў Кітайска-беларускага індустрыяльнага парка "Вялікі камень" ствараецца найлепшы прававы рэжым вядзення камерцыйнай дзейнасці ў параўнанні з іншымі рэжымамі ў Беларусі і краінах ЕАЭС. "Мы ўбачылі, што па многіх напрамках, у прыватнасці для развіцця гэтага парка і садзейнічання ўваходжанню ў яго новых рэзідэнтаў, была праведзена вельмі вялікая работа. Гэта дасць магчымасць зрабіць наш праект міжнародным, стварыць спрыяльныя ўмовы і добры бізнес-клімат", - упэўнены кіраўнік кітайскай дэлегацыі.
Падводзячы вынікі сустрэчы, Прэзідэнт Беларусі адзначыў, што праведзеныя абмеркаванне і прадметная размова дадуць магчымасць зрабіць значны крок у развіцці супрацоўніцтва. Пры гэтым асноўнай стратэгіяй развіцця беларуска-кітайскіх адносін на сучасным этапе бачыцца тэзіс "апярэдзіць час".
![]()