Сустрэча са старшынёй Калегіі ЕЭК Тыгранам Саркісянам

  • 1

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка 24 сакавіка абмеркаваў на сустрэчы са старшынёй Калегіі ЕЭК Тыгранам Саркісянам прыярытэтныя напрамкі развіцця інтэграцыйных працэсаў на еўразійскай эканамічнай прасторы.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў ЕАЭС, створаным за даволі кароткі прамежак часу, дастаткова поспехаў, але па аб'ектыўных, суб'ектыўных прычынах, хапае і праблем. "Напружвацца давядзецца ўсім, ад камісіі ЕЭК да прэзідэнтаў і прэм'ер-міністраў, каб вывесці на высокі ўзровень функцыянавання Еўразійскі эканамічны саюз", - лічыць Прэзідэнт Беларусі.

У той жа час Аляксандр Лукашэнка з аптымізмам глядзіць у будучае ЕАЭС. Паводле слоў беларускага лідара, само жыццё прымушае вельмі хутка рухацца ў плане станаўлення такога саюза, дзе будзе забяспечана свабода рынкаў, руху капіталу, рабочай сілы. Прэзідэнт упэўнены, што нацыянальныя праблемы краін ЕАЭС не павінны перашкаджаць развіццю агульных інтарэсаў і вырашэнню тых пытанняў, якія стаяць перад інтэграцыйным аб'яднаннем.

"У нас дарогі назад няма. Нам трэба ўдасканальваць Еўразійскі эканамічны саюз, ствараць саюз не горшы за ЕС. У адваротным выпадку мы перад нашымі людзьмі будзем выглядаць балбатунамі", - падкрэсліў беларускі лідар.

На сустрэчы былі абмеркаваны сярэднетэрміновыя і тактычныя задачы, якія стаяць перад ЕАЭС з улікам сусветных трэндаў. У далейшым пасля зацвярджэння ўсімі кіраўнікамі дзяржаў-членаў гэтыя напрамкі лягуць у аснову дакумента - стратэгіі развіцця саюза. У свеце адбываюцца сур'ёзныя трансфармацыі, еўразійская інтэграцыя сутыкаецца з новымі выклікамі. Краінам ЕАЭС, як падкрэслівалася ў час сустрэчы, будзе лягчэй пераадольваць іх сумеснымі намаганнямі. Дапаможа ў гэтым вопыт, набыты за час станаўлення адзінай эканамічнай прасторы, у тым ліку за год беларускага старшынства ў ЕАЭС.