Сустрэча са Старшынёй Федэрацыі прафсаюзаўМіхаілам Ордам

  • 1

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка арыентуе Федэрацыю прафсаюзаў Беларусі на далейшую эфектыўную работу па абароне правоў працоўных і прадаўжэнне маніторынгу сітуацыі на рынку працы і ў сферы цэнаўтварэння. Аб гэтым Кіраўнік дзяржавы заявіў 2 мая на сустрэчы са Старшынёй ФПБ Міхаілам Ордам.

"Напэўна, вы і нашы прафсаюзы мяне не проста падтрымліваеце ў маіх асноўных патрабаваннях, але і ўспрымаеце іх як фундаментальныя і асноўныя: занятасць, рост заработнай платы, цэнаўтварэнне. Гэта сацыяльныя крытэрыі, можна сказаць, сацыяльныя праекты Прэзідэнта, - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. - Калі ў нас будзе тут вынік, то і прафсаюзы будуць у краіне добрымі, і народ іх будзе успрымаць як належыць".

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што гэтыя тры напрамкі ў цэлым звязаны з эканомікай краіны, а яго патрабаванні ў гэтых адносінах - зусім не папулізм. "Я не патрабую заработнай платы як "дарэмна платы". Я хачу, каб гэта заработная плата была зароблена людзьмі. А для гэтага трэба, каб вытворчасць функцыянавала як мае быць, эфектыўна", - сказаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што тая ўвага, якая ўдзяляецца пытанням занятасці насельніцтва, тлумачыцца вельмі проста. "Калі мы не хочам, каб людзі працавалі, не хочам ім стварыць рабочыя месцы, дапамагчы, працаўладкаваць, значыць, атрымаем хвалю злачыннасці. І давядзецца плаціць значна больш, каб гэта знівеліраваць і выкараніць гэту страшную з'яву з нашага грамадства. Працуючы чалавек рэдка становіцца злачынцам", - звярнуў увагу беларускі лідар.

Што датычыцца цэнаўтварэння, Прэзідэнт нагадаў аб тым, што ў краіне няма падстаў для росту цэн. "Калі нехта неабгрунтавана, неапраўдана ўзнімае іх, то дзеля ўласнай нажывы. Я гэта так успрымаю, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Там, дзе ёсць вузкія месцы ў цэнаўтварэнні, мы іх бачым, ведаем. І калі дзяржаўныя органы, Урад гэта не заўважаюць, то прафсаюзы павінны дапамагчы".

Прэзідэнт пацікавіўся вынікамі маніторынгу цэнаўтварэння ў беларускіх магазінах, які Федэрацыя прафсаюзаў праводзіць з мая 2017 года, а таксама прычынамі росту цэн, калі гэта мае месца.

Аляксандр Лукашэнка прывёў у прыклад павышэнне кошту праезду ў электрычках і паяздах. "У нас жа ў электрычках ездзяць небагатыя людзі, таму адкуль гэта? І вы павінны тут вельмі жорстка праводзіць гэту лінію. Не хапае ўлады - інфармуйце мяне, але гэтыя пытанні павінны быць пад кантролем", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

На сустрэчы таксама абмяркоўвалася дзейнасць Федэрацыі прафсаюзаў па забеспячэнні абароны правоў працоўных. "Я прыхільнік таго, каб уплыў нашых прафсаюзаў быў значным, прынамсі, каб вы бачылі, што адбываецца ў працоўных калектывах, абаранялі інтарэсы нашых людзей, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Асабліва ў гэты пераходны перыяд неразбярыхі хапае: дзе дзяржаўная ўласнасць, дзе прыватная. Вы разумееце палітыку нашых наваяўленых прыватнікаў. Але трэба бачыць, што адбываецца на самай справе ў працоўных калектывах".

Кіраўнік дзяржавы асобна пацікавіўся, як ідзе стварэнне прафсаюзных ячэек у прыватных арганізацыях. "Гэта вельмі важнае пытанне", - падкрэсліў ён.

Была закранута мадэрнізацыя структуры прафсаюзаў, у тым ліку стварэнне новых пярвічных арганізацый і рэфармаванне сістэмы ў цэлым. "Вы ведаеце, што ў нас і залежныя, і незалежныя, і дзяржаўныя, і праўладныя, і пралукашэнкаўскія - усялякія прафсаюзы, як толькі іх не называюць. Але на самай справе, калі гэта галіна, пажадана, каб гэта быў адзін прафсаюз, без нейкага дубляжу. Калі людзі хочуць куды-небудзь схадзіць, у нейкі так званы незалежны прафсаюз, няхай сходзяць, мы нікому не перашкаджаем. Але за чалавека мы павінны змагацца", - перакананы Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка таксама пацікавіўся, як развіваецца супрацоўніцтва Федэрацыі прафсаюзаў з Міжнароднай арганізацыяй працы. "Гэта пытанне неяк не ўсплывае апошнім часам, можа, і дзякуючы вашаму ўзаемадзеянню. Але хацелася б ведаць, ці ёсць у іх яшчэ да нас прэтэнзіі ў цяперашняй абстаноўцы - яна сур'ёзна змянілася", - заўважыў беларускі лідар.

Міхаіл Орда праінфармаваў Прэзідэнта па ўсіх абазначаных тэмах, а таксама выказаў сваю пазіцыю па іншых пытаннях. У прыватнасці, былі абмеркаваны прапануемыя ФПБ змяненні ў праект Працоўнага кодэкса, магчымыя меры па павышэнні заработнай платы для работнікаў бюджэтнай сферы. Закраналіся праблемныя аспекты работы ведамасных клубных і спартыўных устаноў, забеспячэнне работнікаў сельскагаспадарчых арганізацый спецадзеннем, якое больш зручнае для гарачых умоў надвор'я.

Кіраўнік дзяржавы падтрымаў Федэрацыю прафсаюзаў практычна па ўсіх узнятых тэмах і арыентаваў на далейшы кантроль і маніторынг пытанняў, якія сёння хвалююць працоўных у розных сферах дзейнасці.