Сустрэча Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі з губернатарам Омскай вобласці Віктарам Назаравым

  • 6

Цесныя сувязі на рэгіянальным узроўні з'яўляюцца фундаментам супрацоўніцтва Беларусі і Расіі. Аб гэтым заявіў 11 сакавіка Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з губернатарам Омскай вобласці Віктарам Назаравым.

"Дэлегацыі рэгіёнаў Расійскай Федэрацыі для нас заўсёды жаданыя госці, таму што з імі ідзе канкрэтная дзелавая размова, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Цесныя дзелавыя, гуманітарныя сувязі на рэгіянальным узроўні з'яўляюцца фундаментам усебаковага супрацоўніцтва нашых краін".

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што Омская вобласць з'яўляецца перспектыўным партнёрам для Беларусі, паколькі гэта адзін з вядучых рэгіёнаў Расійскай Федэрацыі і Сібірскай федэральнай акругі.

Кіраўнік беларускай дзяржавы звярнуў увагу на дынамічнае развіццё гандлёвага абароту паміж Беларуссю і гэтым расійскім рэгіёнам за апошнія гады. Яшчэ ў 2011 годзе ён перасягнуў планку дакрызіснага 2008 года, а за 2012 год вырас амаль на 35 працэнтаў і дасягнуў прыблізна $230 млн. "Упэўнены, што мы зможам яшчэ больш нарасціць гэтыя паказчыкі, паколькі добра ведаем магчымасці Омскай вобласці і патэнцыял нашай краіны", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў сучасных умовах простага павелічэння тавараабароту недастаткова. "Сёння для таго, каб паспяхова працаваць на перспектыву, неабходна складаць патэнцыялы і рэалізоўваць сумесныя ўзаемавыгадныя праекты ў розных сферах", - упэўнены Кіраўнік дзяржавы. Ён падкрэсліў, што размова павінна ісці не толькі аб стварэнні зборачных вытворчасцей, але і сумесных прадпрыемстваў.

Прэзідэнт лічыць, што двухбаковыя ініцыятывы, заснаваныя на аб'яднанні вытворчых, сыравінных, навуковых рэсурсаў і нацэленыя на выпуск сумеснага канкурэнтаздольнага прадукту, асабліва актуальныя ў Адзінай эканамічнай прасторы. "Прыемна, што мы з вамі рухаемся ў гэтым напрамку, істотна пашыраючы наша ўзаемадзеянне", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў Омскай вобласці створаны і дзейнічаюць зборачныя вытворчасці сельгастэхнікі беларускіх брэндаў. У Беларусі актыўна працуе прадстаўніцтва Омскага НВА "Маставік". Вывучаецца магчымасць стварэння ў Беларусі сумесна з омскімі партнёрамі вытворчасці тэхнічнага вугляроду і льняных вырабаў медыцынскага прызначэння.

Кіраўнік дзяржавы лічыць неабходным развіваць супрацоўніцтва і ў навукова-тэхнічнай сферы. Паводле яго слоў, беларускія навуковыя арганізацыі гатовы да рэалізацыі прыярытэтных інавацыйных праектаў сумесна з омскімі калегамі.

Прэзідэнт звярнуў увагу і на перспектывы ўзаемадзеяння Беларусі і Омскай вобласці ў сельскагаспадарчай галіне, транспартнай сферы, будаўніцтве. Беларускія прадпрыемствы гатовы прапанаваць омскім партнёрам не толькі тэхніку, абсталяванне, але і ствараць інфраструктуру пад ключ.

"Словам, напрамкаў супрацоўніцтва не злічыць", - падагульніў Прэзідэнт і запрасіў дэлегацыю Омскай вобласці да абмеркавання канкрэтных напрамкаў двухбаковага ўзаемадзеяння.

У сваю чаргу Віктар Назараў падкрэсліў, што для Омскай вобласці Беларусь з'яўляецца асноўным знешнеэканамічным партнёрам. Ён звярнуў увагу на рост паказчыкаў тавараабароту і выказаў упэўненасць, што Беларусь і Омская вобласць выйдуць у сваім супрацоўніцтве на новы, больш якасны ўзровень.

Паводле слоў губернатара, на тэрыторыі Омскай вобласці працуюць 11 сумесных прадпрыемстваў. "Мы не толькі гатовы ствараць у сябе сумесныя прадпрыемствы, але і прыходзіць у Беларусь са сваімі праектамі", - сказаў Віктар Назараў.

Губернатар прапанаваў Беларусі пашырыць сваю прысутнасць у Омскай вобласці ў рамках вытворчасці сельскагаспадарчай тэхнікі. Ён адзначыў, што Омская вобласць з'яўляецца своеасаблівым фарпостам на Далёкі Усход. "Калі мы сёння не пашырым сумесную вытворчасць і рэалізацыю тэхнікі, з іншага боку з гэтай прадукцыяй падыдзе, напрыклад, Кітайская Народная Рэспубліка", - сказаў ён, адзначыўшы запатрабаванасць беларускай сельскагаспадарчай тэхнікі ў рэгіёне.

У склад дэлегацыі Омскай вобласці, якая гэтымі днямі наведвае Беларусь, акрамя чыноўнікаў уваходзяць яшчэ амаль 50 бізнесменаў. Віктар Назараў падкрэсліў гатоўнасць Омскай вобласці да далейшага нарошчвання супрацоўніцтва, работы па ўсіх напрамках, якія вызначаюць бізнес.

"Расіяне і беларусы заўсёды былі брацкімі, блізкімі па духу народамі, аб'яднанымі агульнай гісторыяй і агульным лёсам. І фарміраванне Адзінай эканамічнай прасторы яшчэ больш зблізіць нашы краіны, адкрые новыя гарызонты для далейшага супрацоўніцтва", - упэўнены губернатар.

Віцэ-прэм'ер Міхаіл Русы, які прысутнічаў на сустрэчы, адзначыў, што Омская вобласць знаходзіцца ў цэнтры Расійскай Федэрацыі і ў развіцці ўзаемавыгадных кантактаў неабходна поўнасцю выкарыстоўваць яе геаграфічнае становішча.

Паводле слоў Віцэ-прэм'ера, развіццё супрацоўніцтва магчыма па шэрагу напрамкаў, у тым ліку ў сферы вытворчасці, паставак і далейшага сэрвіснага абслугоўвання сельскагаспадарчай, дарожнай тэхнікі, тэхнікі для лясной гаспадаркі, пасажырскага транспарту. "Па цэлай гаме мы гатовы ўключыцца ў работу", - сказаў ён.

Цікавыя для абодвух бакоў напрамкі ўзаемадзеяння ёсць і ў сферы аграпрамысловага комплексу.

"Мы гатовы і будзем працаваць разам з вамі, ствараць сумесныя вытворчасці, і я лічу, што за 2-3 гады мы павінны выйсці на тавараабарот у памеры паўмільярда долараў. Гэта рэальна", - лічыць Віцэ-прэм'ер.

Удзельнікі сустрэчы прадставілі ўвазе Прэзідэнта некалькі перспектыўных сумесных праектаў, якія ўжо знаходзяцца ў пачатковай стадыі рэалізацыі.

Старшыня савета дырэктараў ТАА "Омсктэхвуглярод" Валерый Каплунат расказаў аб праекце па стварэнню ў Магілёве сумеснага прадпрыемства па вытворчасці тэхнічнага вугляроду. Гэта кампанія ўжо даўно працуе з беларускімі прадпрыемствамі, у прыватнасці з ААТ "Белшына".

Паводле слоў Валерыя Каплуната, стварэнне ў Беларусі адпаведнай вытворчасці дасць неабходны сінергетычны эфект для павышэння канкурэнтаздольнасці. Гэта дасць магчымасць не толькі поўнасцю закрыць патрэбнасці Беларусі ў гэтай прадукцыі, але таксама пастаўляць значныя аб'ёмы на экспарт у краіны Еўропы і Амерыкі. "Тэхнічны вуглярод - гэта вельмі канкурэнтны навукаёмісты рынак. Мы маем вельмі высокі патэнцыял канкурэнтаздольнасці, і не проста не ўступаем па якасці лепшым замежным аналагам, але ў шэрагу выпадкаў іх перасягаем", - адзначыў ён.

Калі ў 2014 годзе прадпрыемства пачне работу, то да 2017 года аб'ёмы вытворчасці магчыма павялічыць да 120 тыс.т.

"Рызыкі мінімальныя. Мы ўжо гэта пытанне прапрацоўвалі і разгледзелі бізнес-план, - расказаў старшыня канцэрна "Белнафтахім" Ігар Жылін. - Мы падтрымліваем гэты праект. Дадаткова будзе створана 400 рабочых месц, тут выдатная лагістыка. Прадпрыемства зарэгістравана. Месца выбрана. І ў нас ёсць кадры, якія могуць забяспечыць якасць".

"Калі лагістыка нармальная, калі гэта канкурэнтаздольны прадукт, то трэба ствараць. Я не думаю, што тут будуць нейкія праблемы, тым больш што прадпрыемства эскпартаарыентаванае і будзе само зарабляць сабе валюту. Галоўнае пытанне - гэта кваліфікаваныя кадры", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Яшчэ адзін перспектыўны праект - стварэнне на базе Аршанскага льнокамбіната вытворчасці льняных вырабаў медыцынскага прызначэння, у тым ліку ваты і марлі. "Мы збіраемся ў Оршы паставіць такі завод. Там ёсць неабходныя плошчы. Нас актыўна падтрымлівае Урад Беларусі", - расказаў намеснік старшыні савета міжрэгіянальнай асацыяцыі "Сібірскае пагадненне" Уладзімір Іванкоў.

Паводле ацэнак спецыялістаў, акрамя вытворчасці сучаснай запатрабаванай прадукцыі, стварэнне гэтага прадпрыемства дасць магчымасць максімальна задзейнічаць мясцовыя рэсурсы і пазбавіць ад неабходнасці закупляць для гэтых мэт бавоўнавую сыравіну.

"Мы гатовы сёння зрабіць сумесную вытворчасць на тэрыторыі Беларусі па выпуску новых матэрыялаў, якія не маюць аналагаў у свеце. Гэта і тэхналогія бясхлорнага адбельвання тканіны, бактэрыялагічныя ўласцівасці матэрыялаў, вытворчасці якіх у свеце сёння практычна няма", - адзначыў губернатар.

"Мы зробім добры прадукт і атрымаем добрыя грошы. Трэба з гэтага года і пачынаць, - даручыў Аляксандр Лукашэнка. - Лён - гэта цудоўныя тканіны. Тым больш вынаходства для медыцыны - гэта імпартазамяшчэнне. Гэты праект будзе ў полі майго зроку. Праблем у нас з лёнам не будзе. Мы за два гады мадэрнізуем ільнозаводы".

Паводле слоў Уладзіміра Іванкова, вялікі ўзаемны інтарэс ёсць і ў пытаннях пастаўкі, сэрвіснага абслугоўвання і сумеснай вытворчасці рознай тэхнікі. Усяго на тэрыторыі Сібіры ў камунальнай, сельскай гаспадарцы, аўтадарожных прадпрыемствах працуе каля 240 тыс. адзінак беларускай тэхнікі. Толькі трактароў "Беларус" на палях працуе амаль 90 тыс. штук, з якіх 85 працэнтаў маюць тэрмін службы больш як 10 гадоў.

Як адзначыў Аляксандр Лукашэнка, ад многіх расійскіх рэгіёнаў паступалі прапановы па стварэнню там вузлавых пунктаў па пастаўках і абслугоўванню беларускай тэхнікі з перспектывай зборкі і сумеснай вытворчасці. І Беларусь займалася пошукам найбольш аптымальнага для гэтых мэт рэгіёну з пункту гледжання лагістыкі і эфектыўнасці. "Напэўна, усё ж такі Омск - гэта той вузел, дзе трэба ствараць лагістыку і развіваць вытворчасць, можа, нават прывязаўшыся да нейкага завода", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

"Нам трэба прапрацаваць. Калі гэта сапраўды тая кропка, з якой мы павінны завязацца і працаваць, то гэта трэба тэрмінова зрабіць. Калі вы будзеце зацікаўлены ў тым, вядома, мы з вялікім задавальненнем туды прыйдзем, і гэта будзе салідны праект", - дадаў Прэзідэнт.

Расійскія госці таксама пацікавіліся экспертным меркаваннем Аляксандра Лукашэнкі аб тым, як будзе развівацца сітуацыя ў Лацінскай Амерыцы ў сувязі са смерцю Прэзідэнта Венесуэлы Уга Чавеса.

"Што датычыцца Лацінскай Амерыкі, то яна будзе ў ранейшым ключы развівацца. Там будзе вялікая актыўнасць, таму што ўвесь кантынент прыйшоў у рух, і мы яго дрэнна ведаем. Нам трэба ісці туды. Нас там паважаюць і чакаюць, і яны на нас глядзяць, як на альтэрнатыву, - упэўнены Прэзідэнт Беларусі. - Працаваць трэба разам на гэтых рынках. Разам мы зможам там рэалізаваць многія праекты. Той, хто цяпер туды прыйдзе, будзе мець вялікія эканамічныя выгады".

Візіт у Беларусь дэлегацыі Омскай вобласці на чале з губернатарам праходзіць 10-13 сакавіка. Акрамя сустрэчы з Прэзідэнтам, праграма візіту ўключае перагаворы ва Урадзе, наведванне буйных беларускіх прадпрыемстваў, сустрэчы з дзелавымі коламі, кіраўнікамі беларускіх рэгіёнаў. Таксама адбудуцца асобныя сустрэчы і перагаворы бізнесменаў Омскай вобласці ў рэспубліканскіх органах дзяржкіравання па розных напрамках супрацоўніцтва, што маюць узаемны інтарэс.