Сустрэча Аляксандра Лукашэнкі з Прэзідэнтам Балівіі Эва Маралесам
- 3
Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка 8 сакавіка ў Каракасе прыняў удзел у Дзяржаўнай цырымоніі развітання з Прэзідэнтам Баліварыянскай Рэспублікі Венесуэла Уга Чавесам, якая прайшла ў будынку Ваеннай акадэміі. Прэзідэнт Беларусі таксама правёў перагаворы з кіраўнікамі шэрага дзяржаў.
Перад пачаткам цырымоніі ў залу ўнеслі шмат вянкоў. Сярод іх быў і вянок ад Рэспублікі Беларусь і асабіста Кіраўніка беларускай дзяржавы. Уга Чавес і Аляксандр Лукашэнка былі вельмі блізкімі сябрамі. У многім дзякуючы іх дружбе і актыўным кантактам адносіны Беларусі і Венесуэлы дасягнулі ўзроўню стратэгічнага партнёрства, у разы вырас тавараабарот, народы і культуры дзвюх геаграфічна далёкіх краін сталі бліжэйшымі.
На цырымоніі развітання Аляксандр Лукашэнка быў сярод самых пачэсных гасцей. Нягледзячы на вялікую колькасць прысутных кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў, Прэзідэнт Беларусі займаў пачэснае месца ў першым радзе сярод самых блізкіх сваякоў, сяброў Уга Чавеса і кіраўніцтва Венесуэлы.
Аляксандр Лукашэнка першым з прэзідэнтаў нелацінаамерыканскіх дзяржаў аддаў апошнюю пашану ў ганаровай варце каля труны.
У час знаходжання ў Каракасе Прэзідэнт Беларусі правёў кароткія перагаворы з выканаўчым віцэ-прэзідэнтам Венесуэлы Нікаласам Мадура і Старшынёй Нацыянальнай асамблеі Дзіясдадам Кабелья. Абодва бакі пацвердзілі гатоўнасць прадаўжаць актыўнае супрацоўніцтва.
"Тое, што было пры Уга Чавесе, будзе прадоўжана", - заявіў Нікалас Мадура.
Аляксандр Лукашэнка таксама сустрэўся з сям'ёй Уга Чавеса, у тым ліку з яго братам, губернатарам штата Барынас Аданам Чавесам.
На сустрэчы з Прэзідэнтам Шматнацыянальнай Дзяржавы Балівія Эва Маралесам, які таксама прыбыў у сталіцу Венесуэлы для ўдзелу ў жалобных мерапрыемствах, дасягнута дамоўленасць аб развіцці беларуска-балівійскіх адносін па венесуэльскаму ўзору.
"Я ніколі не думаў, што сустрэнемся тут пры такіх абставінах. Мы шмат з Уга Чавесам размаўлялі аб тваёй краіне. Мы нават выпрацавалі план сумесных дзеянняў, і цяпер нам трэба будзе з табой прадоўжыць гэту справу, - сказаў Кіраўнік беларускай дзяржавы. - Я вельмі спадзяюся і практычна перакананы ў тым, што ў Венесуэле будзе выбраны Прэзідэнт, які абавязкова разам з намі будзе рэалізоўваць задумы Уга Чавеса".
"Хачу цябе запэўніць у тым, што Беларусь зробіць усё для таго, каб наладзіць з Балівіяй такія ж адносіны, як з Венесуэлай", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
У сваю чаргу Эва Маралес заявіў аб гатоўнасці развіваць двухбаковыя адносіны з Беларуссю. "Дзякую за сустрэчу і спадзяюся, што яна пасадзейнічае гэтаму", - адзначыў ён.
"На жаль, мы сабраліся тут па трагічнай прычыне. Гэта смерць нашага агульнага сябра. Цяпер як ніколі трэба аб'яднацца і быць разам у гэтай сітуацыі. Дзякуй ад імя ўсяго лацінаамерыканскага народа за тую падтрымку, якую вы аказваеце ў гэты трагічны момант", - сказаў Эва Маралес.
Прэзідэнт Балівіі прасіў аказаць дапамогу ў развіцці сельскай гаспадаркі, будаўніцтве аграгарадкоў і жылля, здабычы карысных выкапняў, а таксама ў падрыхтоўцы кадраў. Кіраўнікі дзяржаў дамовіліся зрабіць усё магчымае, каб умацаваць двухбаковыя адносіны і прааналізаваць праблемныя моманты.
Аляксандр Лукашэнка запрасіў Эва Маралеса наведаць Беларусь, каб ён на месцы азнаёміўся з магчымасцямі сумеснай работы.
Прэзідэнты таксама дамовіліся абмеркаваць з новым кіраўніцтвам Венесуэлы некалькі трохбаковых сумесных праектаў на $2-3 млрд. Плануецца, што ў першым паўгоддзі 2013 года на базе беларускага пасольства ў Венесуэле будзе створана адпаведная рабочая група, каардынацыя работы якой даручана Кіраўніку спраў Прэзідэнта Беларусі, сустаршыні Беларуска-венесуэльскай камісіі высокага ўзроўню Віктару Шэйману.
Адбылася таксама сустрэча Аляксандра Лукашэнкі з Прэзідэнтам Эквадора Рафаэлем Карэа Дэльгада. Кіраўнікі дзяржаў пацвердзілі актуальнасць дамоўленасцей, дасягнутых у час нядаўняга афіцыйнага візіту Аляксандра Лукашэнкі ў гэту краіну.
Рафаэль Карэа Дэльгада паабяцаў зрабіць візіт у адказ у Беларусь і адзначыў, што на наступным тыдні ў Эквадоры пройдзе пасяджэнне Савета Міністраў, на якім будзе заслухана справаздача аб ходзе выканання дамоўленасцей у рамках беларуска-эквадорскіх адносін.
Акрамя таго, Аляксандр Лукашэнка паразмаўляў са Старшынёй Дзяржаўнага Савета і Савета Міністраў Рэспублікі Куба Раулем Кастра.
Жаданне супрацоўнічаць з Беларуссю выказаў і Прэзідэнт Гаіці Мішэль Джозэф Мартэлі. Ён адзначыў, што Прэзідэнт Венесуэлы Уга Чавес неаднаразова вельмі цёпла выказваўся аб Беларусі.