Сустрэча з першым намеснікам прэм'ера Дзяржсавета КНР, членам Пастаяннага камітэта Палітбюро ЦК КПК Чжан Гаалі

  • 1

Адносіны Беларусі і Кітая з'яўляюцца добрым прыкладам выбудоўвання раўнапраўнага, паважлівага і ўзаемавыгаднага дыялогу. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 26 верасня на сустрэчы з першым намеснікам прэм'ера Дзяржсавета КНР, членам Пастаяннага камітэта Палітбюро ЦК КПК Чжан Гаалі.

"Ваша краіна заўсёды з'яўлялася нашым надзейным партнёрам. Развіццё адносін з Кітаем было і застаецца стратэгічным прыярытэтам знешняй палітыкі Беларусі", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле слоў Прэзідэнта, дынаміка кантактаў і ўзровень дамоўленасцей, дасягнутых апошнім часам, сведчаць, што сувязі Беларусі і Кітая пастаянна развіваюцца і мацнеюць.

Аляксандр Лукашэнка назваў вельмі своечасовым візіт кітайскай дэлегацыі ў Мінск і падкрэсліў унікальнасць магчымасцей для далейшых перспектыў узаемадзеяння.

Кіраўнік дзяржавы заўважыў, што калі раней былі нейкія апасенні наконт інтэнсіфікацыі двухбаковага супрацоўніцтва, паколькі закранаюцца інтарэсы розных бакоў, то цяпер гэтыя апасенні адышлі на другі план. "І нам, дзвюм дзяржавам, Беларусі і Кітаю, трэба больш хуткімі тэмпамі збліжацца", - перакананы Прэзідэнт. Ён растлумачыў: "Наш інтарэс заключаецца ў тым, што мы будзем мець вельмі магутную апору на такую гіганцкую дзяржаву, як Кітай, без якой сёння не вырашаецца ні адна праблема ў свеце".

"Падтрымка Кітая - гэта фактар незалежнасці нашай дзяржавы, - сказаў Прэзідэнт, звяртаючыся да кітайскага госця. - А калі ўлічыць, што ў нас такая ж падтрымка Расійскай Федэрацыі, то Беларусь, ну, прабачце, становіцца практычна непрыступнай".

"Што датычыцца вашага інтарэсу, то я ўжо гаварыў Сі Цзіньпіну, што далейшае развіццё КНР і пазіцыянаванне яе ў свеце як супердзяржавы немагчыма без супрацоўніцтва з Еўропай", - заявіў Аляксандр Лукашэнка. Ён адзначыў, што Беларусь гатова ўсямерна садзейнічаць актывізацыі кантактаў, у тым ліку гандлёвых, паміж Кітаем і Еўропай. "Беларусь гатова дапамагчы ва ўзмацненні ўплыву Кітая ў Еўропе", - запэўніў Кіраўнік беларускай дзяржавы.

У ходзе сустрэчы асноўная ўвага была ўдзелена нарошчванню беларуска-кітайскага гандлёва-эканамічнага ўзаемадзеяння. У сувязі з гэтым Аляксандр Лукашэнка падзякаваў кітайскаму боку за прадастаўленне інвестыцый і значную падтрымку Беларусі ў крэдытаванні сумесных праектаў, сярод якіх важнейшым з'яўляецца Кітайска-беларускі індустрыяльны парк. Пры гэтым Прэзідэнт падтрымаў прапанову кітайскага госця надаць Парку статус міждзяржаўнага праекта, а таксама прыцягнуць у Парк найбольш буйныя і вядомыя кампаніі не толькі з Беларусі і Кітая, але таксама з Еўропы і іншых кантынентаў свету. "Наша задача - сумесна стварыць такія высокатэхналагічныя вытворчасці, якія будуць запатрабаваны на еўрапейскай прасторы", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. Ён выказаў упэўненасць, што ўжо ў гэтым годзе будуць зроблены значныя крокі па стварэнні Парка.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што Беларусь ганарыцца высокім узроўнем адносін, якія склаліся з Кітаем. "Беларусь адчувае плячо і падтрымку Кітая", - заўважыў Аляксандр Лукашэнка.

Ён запэўніў, што пазіцыя Беларусі адносна Кітая застанецца нязменнай. "Развіццё гандлёва-эканамічнага і інвестыцыйнага супрацоўніцтва з'яўляецца важнейшым напрамкам нашай сумеснай работы, - сказаў Прэзідэнт. Рэалізацыяй праекта Кітайска-беларускага індустрыяльнага парка мы павінны прадэманстраваць высокі ўзровень нашага супрацоўніцтва, паказаць усяму свету, на што мы здольныя".

Кіраўнік дзяржавы акцэнтаваў увагу на важнасці таго, што ў Беларусі з удзелам кітайскіх кампаній ужо ажыццёўлены шэраг эканамічных праектаў: мадэрнізацыя энергасістэмы і цэментнай галіны, а таксама электрыфікацыя чыгунак. Пры гэтым работы ў энергетыцы, дарожнай галіне, дрэваапрацоўцы і цэлюлозна-папяровай прамысловасці прадаўжаюцца. Рэалізуюцца і іншыя беларуска-кітайскія інвестыцыйныя праекты, сярод якіх Прэзідэнт вылучыў вытворчасць легкавых аўтамабіляў з удзелам кітайскай кампаніі "Джылі".

"У мэтах паспяховай рэалізацыі названых праектаў беларускім бокам прадастаўлены найбольш спрыяльныя і льготныя на еўрапейскай прасторы ўмовы для вядзення бізнесу, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - У сувязі з гэтым мы разлічваем на вялікую інвестыцыйную актыўнасць кітайскага боку".

"Упэўнены, што да маючага адбыцца візіту ў Рэспубліку Беларусь Старшыні КНР Сі Цзіньпіна, які мы чакаем у бліжэйшым будучым, бакі напоўняць фармат беларуска-кітайскіх адносін канкрэтным зместам. Бо размова ідзе аб усебаковым стратэгічным партнёрстве", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.