Сумесная заява Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і Прэзідэнта Рэспублікі Сербія

  • 1
Па запрашэнні Прэзідэнта Рэспублікі Сербія Таміслава Нікаліча Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка 11-12 чэрвеня 2014 года наведаў Рэспубліку Сербія з афіцыйным візітам.

У ходзе перагавораў, праведзеных у атмасферы дружалюбнасці, узаемаразумення і высокага даверу, Прэзідэнты ўсебакова абмеркавалі стан і перспектывы сербска-беларускіх адносін, абмяняліся думкамі наконт актуальных міжнародных і рэгіянальных пытанняў.

Зыходзячы з узаемнага імкнення да далейшага ўмацавання доўгатэрміновага ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва паміж дзвюма дзяржавамі як на двухбаковай аснове, так і ў шматбаковым фармаце, у год 20-годдзя ўстанаўлення дыпламатычных адносін паміж Рэспублікай Сербія і Рэспублікай Беларусь Прэзідэнты канстатавалі пазітыўную дынаміку развіцця ўсебаковага супрацоўніцтва паміж Рэспублікай Сербія і Рэспублікай Беларусь, заснаваную на традыцыйна блізкіх духоўных і культурных сувязях двух народаў, славянскай еднасці і шматлікіх кантактах; высока ацанілі вынікі і прагрэс у супрацоўніцтве ў розных галінах, дасягнутыя пасля сустрэчы на вышэйшым узроўні ў мінулым годзе ў Мінску, згадзіліся з узаемнай зацікаўленасцю ў далейшым падтрыманні рэгулярнага двухбаковага палітычнага дыялогу на вышэйшым і высокім узроўнях, дынамічным развіцці міжпарламенцкіх сувязей, удасканаленні дзеючых і стварэнні новых механізмаў сербска-беларускага ўзаемадзеяння ў гандлёва-эканамічнай сферы, пашырэнні дагаворна-прававой базы супрацоўніцтва; падкрэслілі прыхільнасць дзвюх краін выкананню агульнапрызнаных норм міжнароднага права, мэт і прынцыпаў Арганізацыі Аб'яднаных Нацый, умацаванню цэнтральнай ролі ААН у вырашэнні ўсяго комплексу пытанняў па падтрыманні міжнароднага міру і бяспекі, процідзеянні сучасным выклікам і пагрозам, мірным урэгуляванні міжнародных канфліктаў і спрэчак.

З задавальненнем адзначана паслядоўная падтрымка Рэспублікай Беларусь суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці Рэспублікі Сербія і неабходнасць выпрацоўкі ўсёабдымнага і ўзгодненага рашэння адносна Косава і Метохіі, значнасць палітычнага дыялогу Бялграда і Прышціны для дасягнення стабільнасці ў рэгіёне.

Прэзідэнты дамовіліся пашыраць супрацоўніцтва Рэспублікі Сербія і Рэспублікі Беларусь па лініі рэгіянальных аб'яднанняў і ініцыятыў.

У кантэксце маючага адбыцца старшынства Сербіі ў АБСЕ ў 2015 годзе Прэзідэнты выказалі гатоўнасць дзвюх краін пашыраць узаемнае супрацоўніцтва ў рамках гэтай еўрапейскай арганізацыі ў мэтах забеспячэння раўнапраўнага і збалансаванага дыялогу па пытаннях бяспекі і супрацоўніцтва пры захаванні прынцыпаў, на якіх грунтуецца Хельсінкскі заключны акт, а таксама ў якасці асноўнага - прынцыпу кансэнсусу. Прэзідэнты таксама выказаліся на карысць далейшага павышэння эфектыўнасці АБСЕ і прадаўжэння працэсу міжнародна-прававога афармлення гэтай арганізацыі.

Акцэнтавана ўвага на ўзаемнай перакананасці, што толькі бесперашкодны, раўнапраўны і канструктыўны дыялог можа садзейнічаць урэгуляванню міжнародных рознагалоссяў, а таксама прыхільнасць сумесным намаганням для стварэння ўмоў для такога дыялогу.

Прэзідэнты выказалі задавальненне дадатнай дынамікай развіцця гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва і выказаліся за паглыбленне двухбаковых сувязей па наступных прыярытэтных напрамках:

павелічэнне аб'ёмаў і дыверсіфікацыя структуры ўзаемнага тавараабароту і сумесны пошук новых сфер эканамічнага ўзаемадзеяння ў мэтах дынамічнага росту нацыянальных эканомік і павышэння ўзроўню жыцця грамадзян абедзвюх дзяржаў;

выкарыстанне патэнцыялу Міжурадавай Сербска-Беларускай камісіі па гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве як дзейснага інструмента актывізацыі двухбаковых гандлёва-эканамічных адносін, а таксама стварэнне новых механізмаў міжгаліновага супрацоўніцтва;

пашырэнне супрацоўніцтва ў машынабудаванні, аграпрамысловым комплексе, транспартнай і энергетычнай сферах, харчовай і дрэваапрацоўчай галінах прамысловасці;

развіццё вытворчай кааперацыі, забеспячэнне паспяховага функцыянавання сумесных прадпрыемстваў і рэалізацыі новых праектаў на тэрыторыі абедзвюх дзяржаў;

далейшае развіццё міжрэгіянальных сувязей шляхам узаемных візітаў дэлегацый, павелічэння колькасці гарадоў-пабрацімаў і партнёраў, распрацоўкі і рэалізацыі сумесных праграм рэгіянальнага супрацоўніцтва, удзелу ў выставачна-кірмашовых мерапрыемствах;

стварэнне спрыяльных умоў для пашырэння кантактаў паміж сербскімі і беларускімі дзелавымі коламі, актывізацыя ўзаемадзеяння па лініі гандлёва-прамысловых палат абедзвюх дзяржаў;

умацаванне навукова-тэхнічнага супрацоўніцтва і пашырэнне ўзаемнага супрацоўніцтва ў сферы культуры, турызму, адукацыі і іншых галінах.

Прэзідэнты адзначылі новыя магчымасці развіцця гандлёва-эканамічных адносін, якія прадастаўляе членства Рэспублікі Беларусь у Мытным саюзе і Адзінай эканамічнай прасторы, падкрэслілі значэнне Пагадненняў аб свабодным гандлі, якія Рэспубліка Сербія заключыла з дзяржавамі - членамі Мытнага саюза; выказалі зацікаўленасць у далейшым усебаковым паглыбленні гандлёва-эканамічных адносін у рамках названай інтэграцыйнай структуры.

Прэзідэнты падкрэслілі, што прынятыя па выніках перагавораў дакументы будуць садзейнічаць далейшаму пашырэнню прававой асновы двухбаковых адносін, і канстатавалі неабходнасць прадаўжэння работы па ўдасканаленні дагаворнай базы супрацоўніцтва.

Прэзідэнты віталі вынікі праведзенай работы Міжурадавай Сербска-Беларускай камісіі па гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве, Сумеснай Сербска-Беларускай камісіі па навукова-тэхнічным супрацоўніцтве, прыняцце Дарожнай карты па развіцці супрацоўніцтва паміж Сербіяй і Беларуссю. Акцэнтавалі ўвагу на неабходнасці вывядзення двухбаковага гандлёва-эканамічнага і навукова-тэхнічнага супрацоўніцтва на больш высокі ўзровень.

Прэзідэнты заявілі аб намеры забяспечыць эфектыўную рэалізацыю дасягнутых дамоўленасцей у мэтах актывізацыі двухбаковых адносін паміж Рэспублікай Сербія і Рэспублікай Беларусь на прынцыпах узаемнай павагі і раўнапраўнага партнёрства.

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка выказаў удзячнасць Прэзідэнту Рэспублікі Сербія Таміславу Нікалічу і сербскаму народу за аказаны цёплы прыём і гасціннасць.