Стыпендыі Прэзідэнта Беларусі на 2018 год назначаны 92 перспектыўным аспірантам

    Стыпендыі Прэзідэнта Беларусі на 2018 год назначаны 92 перспектыўным аспірантам. Адпаведнае Распараджэнне падпісаў Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка.

    У ліку аспірантаў прадстаўнікі медыцынскіх, тэхнічных, прыродазнаўчых, гуманітарных, сельскагаспадарчых навук.

    Усе стыпендыяты выконваюць дысертацыйныя работы па прыярытэтных напрамках навуковай дзейнасці. Вынікі даследаванняў прадстаўлены на рэспубліканскіх і міжнародных канферэнцыях, апублікаваны ў навуковых выданнях, знайшлі прымяненне ў вытворчасці, лячэбнай практыцы, адукацыйным працэсе.

    Прыняцце Распараджэння Прэзідэнта Беларусі накіравана на стымуляванне падрыхтоўкі навуковых работнікаў вышэйшай кваліфікацыі, развіццё айчынных навуковых школ і падтрымку навукова-даследчай дзейнасці таленавітых маладых навуковых кадраў.