Спачуванне родным і блізкім першага кіраўніка Урада незалежнай Беларусі Вячаслава Кебіча
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка выказаў спачуванні родным і блізкім першага кіраўніка Урада незалежнай Беларусі Вячаслава Кебіча ў сувязі з яго смерцю.
"Ён быў чалавекам, які прайшоў велізарную школу жыцця, сапраўдным прафесіяналам, меў бясспрэчны аўтарытэт у нашай краіне і далёка за яе межамі", - гаворыцца ў спачуванні.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што Вячаслаў Кебіч, выдатны палітык і непасрэдны ўдзельнік лёсавызначальнага абвяшчэння незалежнасці Беларусі, кіраваў рэспублікай у гістарычны перыяд, на мяжы эпох.
"На яго долю выпалі няпростыя першыя гады пабудовы суверэннай дзяржавы, фарміравання яе інстытутаў. Бурны час патрабаваў значнага напружання сіл, канцэнтрацыі энергіі і максімальнай аддачы на пасадзе кіраўніка Урада. У тым, што нам удалося пабудаваць паспяховую і бяспечную дзяржаву, ёсць заслуга і Вячаслава Францавіча. Мы маглі ў нечым не згаджацца адзін з адным, быць сапернікамі ў палітыцы, але нашы добрыя асабістыя адносіны заўсёды былі прасякнуты вялікай павагай. Ад нас пайшоў чалавек, жыццё і праца якога назаўсёды застануцца ў гісторыі краіны і народа", - падкрэсліў Прэзідэнт.