Нарада па тэме кібербяспекі

  • 7
  • 2:59

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 25 кастрычніка правёў нараду па тэме кібербяспекі. У час нарады Кіраўнік дзяржавы паставіў задачу забяспечыць бяспеку важнейшых аб'ектаў на выпадак, калі яны трапяць пад кібератакі. Але пры гэтым не ствараць для рэалізацыі такіх задач дадатковыя структуры.

"Ва ўсім свеце (магчыма, для нас так не характэрна, але тым не менш факты маюць месца быць) рост назіраецца кібератак", - звярнуў увагу беларускі лідар. Прычым атакуюць перш за ўсё стратэгічныя аб'екты, дзяржаўныя органы, прадпрыемствы, банкаўскую сістэму. "Гэта значыць, мэтай іх з'яўляюцца асноўныя пункты жыццезабеспячэння любой дзяржавы, у тым ліку і нашай. Гэта адзін з элементаў гібрыднай вайны, вельмі небяспечны элемент. Мэта - нанесці максімальны ўрон эканоміцы і дэстабілізаваць у выніку грамадства. Характэрна не толькі для Беларусі, але і для любых дзяржаў, на якія накіравана гэта атака", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што раней адказным асобам было даручана ўнесці прапановы па максімальным процідзеянні кібератакам на аб'екты Беларусі. Аператыўна-аналітычны цэнтр павінен быў прыцягнуць неабходных спецыялістаў і падрыхтаваць адпаведныя прапановы.

"Давайце гэтыя прапановы разгледзім. Але хачу папярэдзіць наконт стварэння якіх-небудзь дадатковых цэнтраў і структур, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Спачатку вы мне павінны прапанаваць засцерагчы ад небяспекі нашу дзяржаву з улікам таго, што ў нас ёсць. Лішніх грошай няма для таго, каб хадзіць адзін за адным і нешта назіраць. Давайце будзем зыходзіць з таго, што мэты мы вызначылі, ведаем, што такое кібервайна, што такое кібербяспека. Усё гэта ў нашай Канцэпцыі нацыянальнай бяспекі прапісана. Далей мы павінны разумець і разумеем, на што будзе накіравана кібератака. Дык вось, напэўна, гэтыя аб'екты на месцы трэба і абараняць. Будзем зыходзіць з гэтага. А не ствараць новы Урад, міністэрства або, як у нас прынята, цэнтры бяспекі для таго, каб назіраць. Чаго назіраць? Трэба ствараць сістэму бяспекі на тых аб'ектах, якія будуць атакаваны ў выпадку кібервайны".

Разам з тым Прэзідэнт адзначыў, што гатовы выслухаць іншы пункт гледжання, калі ён ёсць ва ўдзельнікаў нарады, у ліку якіх - начальнік Аператыўна-аналітычнага цэнтра пры Прэзідэнце Андрэй Паўлючэнка, Прэм'ер-міністр Раман Галоўчанка, Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Ігар Сергяенка, Дзяржаўны сакратар Савета Бяспекі Аляксандр Вальфовіч. Любое меркаванне або прапанова прысутных на тэму забеспячэння кібербяспекі павінны быць прадуманымі і абгрунтаванымі, падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы: "Можа, вы нешта іншае выпрацавалі. Вы доўга над гэтым працавалі, таму я гатовы вас выслухаць. Але хацеў бы, каб абверглі тое, што я сказаў, калі ў вас іншы пункт гледжання".