Шэраг грамадзян удастоены дзяржаўных узнагарод Беларусі

    За шматгадовую плённую працу, узорнае выкананне службовых абавязкаў і высокае прафесійнае майстэрства, значны асабісты ўклад у забеспячэнне абараназдольнасці і эканамічнай бяспекі краіны, аказанне медыцынскай дапамогі насельніцтву, развіццё навукі і прамысловасці, чыгуначнага транспарту, лясной гаспадаркі і будаўнічага комплексу, дасягненні ў сферы адукацыі, культуры і спорту 83 чалавекі ўдастоены дзяржаўных узнагарод Беларусі. Адпаведны Указ 27 мая падпісаў Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка.

    Ордэнам "За службу Радзіме" ІІІ ступені ўзнагароджаны намеснік начальніка па вучэбнай рабоце Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь палкоўнік Юрый Сямашка.

    Міліцыянер патрульна-паставой службы міліцыі галоўнага ўпраўлення ўнутраных спраў Мінскага гарвыканкама, прапаршчык міліцыі Ігар Іванчык узнагароджаны пасмяротна ордэнам "За асабістую мужнасць".

    Ордэна Пашаны ўдастоены суддзі Вярхоўнага суда Валянціна Бажэнава і Валянціна Кулік. Гэтым жа ордэнам узнагароджаны дырэктар Асіповіцкага доследнага лясгаса Мікалай Раўбель.

    Метадыст аддзела міжнароднай і сацыяльна-культурнай дзейнасці Інстытута культуры Беларусі Адам Мальдзіс узнагароджаны ордэнам Францыска Скарыны.

    Некалькі чалавек удастоены медалёў "За адвагу" і "За адзнаку ў воінскай службе".

    Вялікая група грамадзян узнагароджана медалём "За працоўныя заслугі". Сярод іх дырэктар Нацыянальнага дзіцячага адукацыйна-аздараўленчага цэнтра "Зубраня" Надзея Ануфрыева і загадчык кафедры хірургіі Беларускай медыцынскай акадэміі паслядыпломнай адукацыі Аляксандр Варабей.

    Артыст-вакаліст (саліст) вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі Маладзёжнага тэатра экстрады Вольга Вронская і дэкан філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Іван Роўда ўдастоены медаля Францыска Скарыны.

    У адпаведнасці з Указам дзеячам розных сфер прысвоены ганаровыя званні Рэспублікі Беларусь.

    Аляксандр Лукашэнка таксама падпісаў Указ, у адпаведнасці з якім вялікая група ваеннаслужачых узнагароджана медалямі "За бездакорную службу" І, ІІ і ІІІ ступеней. Сярод узнагароджаных медалём І ступені начальнік 72-га гвардзейскага аб'яднанага вучэбнага цэнтра падрыхтоўкі прапаршчыкаў і малодшых спецыялістаў Узброеных Сіл генерал-маёр Валерый Гнілазуб і начальнік аддзела 3-га ўпраўлення галоўнага ўпраўлення кадраў Міністэрства абароны палкоўнік Ігар Дабравольскі.