Саміт кіраўнікоў урадаў Садружнасці Незалежных Дзяржаў у Мінску

  • 5

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка лічыць неабходным умацоўваць пазіцыю СНД як фактару стабільнасці і бяспекі ў рэгіёне, садзейнічаць павышэнню ролі Садружнасці на міжнароднай арэне. Аб гэтым Кіраўнік беларускай дзяржавы заявіў 31 мая на сустрэчы з кіраўнікамі дэлегацый, якія прымалі ўдзел у пасяджэнні Савета кіраўнікоў урадаў СНД.

"Як бы хто ні ставіўся да нашай Садружнасці, на сёння яна з'яўляецца найбольш значнай міжнароднай рэгіянальнай арганізацыяй на постсавецкай прасторы як з пункту гледжання колькасці дзяржаў-удзельніц, так і кола ахопленых пытанняў узаемадзеяння", - заявіў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што гісторыя інтэграцыйных працэсаў у рэгіёне пачалася менавіта з СНД, якая адыграла сваю станоўчую ролю ў станаўленні суверэнных дзяржаў і развіцці паміж імі ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва. "СНД змагла ва ўмовах балючай для большасці постсавецкіх дзяржаў палітычнай трансфармацыі і пераадолення фінансава-эканамічных цяжкасцей захаваць самае важнае - добрыя адносіны паміж нашымі народамі, духоўную блізкасць, цесныя культурныя, гандлёва-эканамічныя сувязі", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Пры гэтым механізм узаемадзеяння ў Садружнасці мае свае асаблівасці. Яны заключаюцца ў выбарачным удзеле краін у тых напрамках супрацоўніцтва, якія іх цікавяць. "Такі фармат забяспечыў запатрабаванасць Садружнасці ў якасці пляцоўкі для міждзяржаўнага дыялогу па самаму шырокаму дыяпазону пытанняў. У гэтым заключаецца і сіла Садружнасці, але і адначасова яе слабасць. Магчымасць выбару, да якіх напрамкаў супрацоўніцтва і рэзалюцый далучацца, а да якіх не, робіць арганізацыю, з аднаго боку, больш устойлівай, з іншага - менш эфектыўнай", - лічыць Аляксандр Лукашэнка.

"Вы самі цудоўна ведаеце, як доўга могуць узгадняцца, прымацца і рэалізоўвацца рашэнні ў рамках Садружнасці. А час дыктуе іншыя падыходы, - падкрэсліў Прэзідэнт Беларусі. - З улікам глабальных і далёка не заўсёды станоўчых змяненняў у свеце неабходна ўмацоўваць пазіцыю СНД як фактару стабільнасці і бяспекі ў вялікім рэгіёне, садзейнічаць павышэнню ролі Садружнасці на міжнароднай арэне".

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што важнае значэнне мае пастаяннае ўдасканаленне механізмаў узаемадзеяння, павышэнне іх жыццяздольнасці і эфектыўнасці.

Прэзідэнт упэўнены, што эканоміка павінна заставацца цэментуючай асновай Садружнасці Незалежных Дзяржаў. "Для ўсіх відавочна, што будучыня СНД залежыць ад тэмпаў эканамічнай інтэграцыі дзяржаў-удзельніц. Без вырашэння гэтай важнейшай задачы нам будзе вельмі цяжка пазіцыянаваць Садружнасць у якасці паспяховай рэгіянальнай міжнароднай арганізацыі", - заявіў Кіраўнік беларускай дзяржавы.

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, у гэтым плане станоўчым фактарам стала прыняцце Стратэгіі эканамічнага развіцця СНД на перыяд да 2020 года і канкрэтнага плана мерапрыемстваў па яе рэалізацыі.

Кіраўнік дзяржавы асабліва адзначыў заключэнне Дагавора аб зоне свабоднага гандлю таварамі. "Такіх канкрэтных прыкладаў нашага эканамічнага супрацоўніцтва павінна быць больш. На гэтым этапе вельмі важна забяспечыць практычнае выкананне дагавора. У першую чаргу гэта прадугледжвае павышэнне актыўнасці гандлёва-эканамічнага ўзаемадзеяння і скарачэнне існуючых паміж краінамі СНД тарыфных выключэнняў з рэжыму свабоднага гандлю да іх поўнай адмены", - сказаў Прэзідэнт.

"З улікам значнай ролі гандлю паслугамі ў эканамічных адносінах дзяржаў трэба не зацягваючы вырашыць пытанне аб завяршэнні падрыхтоўкі і прыняцці пагаднення аб зоне свабоднага гандлю паслугамі", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.

На думку Кіраўніка дзяржавы, значныя перспектывы мае развіццё міжгаліновай і вытворчай кааперацыі. "Паспяховасць узаемадзеяння ў такіх галінах, як энергетыка, транспарт, сельская гаспадарка, тэлекамунікацыі, космас, нана- і біятэхналогіі, з'яўляецца лакаматывам, які павінен задаваць тэмп нашаму супрацоўніцтву. Асабліва важную ролю тут адыгрывае эфектыўная работа міждзяржаўных галіновых саветаў, якіх у Садружнасці створана і працуе амаль 70", - упэўнены беларускі лідар.

Як адзначыў Аляксандр Лукашэнка, Садружнасць рушыла наперад у пытаннях інавацыйнага ўзаемадзеяння, перспектыўным бачыцца прыняцце мэтавай праграмы "Удасканаленне інфармацыйнай інфраструктуры інавацыйнай дзейнасці СНД". Абсалютна надзённым пытаннем з'яўляецца і павышэнне даступнасці экалагічна чыстых тэхналогій, шмат робіцца ў сферы гуманітарнага супрацоўніцтва. "Думаю, што трэба і далей развіваць гэты перспектыўны напрамак. Навука, адукацыя, спорт і турызм - сферы, у якіх задзейнічаны шырокія слаі насельніцтва нашых краін", - адзначыў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў важнасць міждзяржаўнай праграмы "Культурныя сталіцы Садружнасці". У Магілёве, які аб'яўлены культурнай сталіцай у 2013 годзе, будзе рэалізавана 10 маштабных праектаў і больш як 100 мерапрыемстваў, да ўдзелу ў якіх запрашаюцца творчая інтэлігенцыя, моладзь і турысты з усіх дзяржаў СНД. "Лагічным прадаўжэннем гэтай работы стане правядзенне чарговага форуму навуковай і творчай інтэлігенцыі ў Мінску", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы, запрасіўшы прадстаўнікоў краін Садружнасці прыняць у ім актыўны ўдзел.

На думку Прэзідэнта, у Год экалагічнай культуры і аховы навакольнага асяроддзя трэба ўзмацніць цяпер і на будучае ўзаемадзеянне ў галіне папярэджання і ліквідацыі надзвычайных сітуацый прыроднага і тэхнагеннага характару, захавання бяспечных умоў для жыццядзейнасці насельніцтва.

Аляксандр Лукашэнка засяродзіў увагу ўдзельнікаў сустрэчы на тэме захавання памяці аб Вялікай Айчыннай вайне. "Гэта фактар, ад якога бегчы ні ў якім выпадку не трэба, і ён нас аб'ядноўвае. Няшмат засталося ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, і, безумоўна, гэтыя людзі маюць патрэбу ў пэўным клопаце і падтрымцы. Наш абавязак - як мага больш поўна асвятляць гістарычную праўду аб гэтай вайне, гераічным укладзе савецкага народа ў дасягненне Вялікай Перамогі. Гэта вялікі наш актыў, і мы яго ні ў якім выпадку не павінны страціць", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што яшчэ шмат трэба будзе зрабіць і ў плане развіцця інфармацыйнай састаўной часткі ў СНД, паколькі, як правіла, інфармацыйнымі нагодамі ў СМІ з'яўляюцца пасяджэнні Савета кіраўнікоў дзяржаў або ўрадаў, а ўсё астатняе асвятляецца недастаткова. "Тут нам трэба падумаць аб тым, як больш глыбока і шырока асвятляць тое, што адбываецца ў рэспубліках. Калі гаварыць пра Беларусь, то наш агульны тэлеканал "Мір" карыстаецца каласальнейшым аўтарытэтам і падтрымкай, да яго прыкавана вялікая ўвага", - сказаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ўсе абазначаныя пытанні і напрамкі сумеснай работы выкладзены ў Канцэпцыі беларускага старшынства ў СНД у 2013 годзе, а таксама ў плане яе рэалізацыі. "Можа, некаму здадуцца недастатковымі і не вельмі значнымі гэтыя мерапрыемствы, але гэта тое, да чаго мы разам змаглі прыйсці і дамовіцца. Мы маглі б прапанаваць і больш глыбокі парадак дня. Ведаю, што ёсць дзяржавы ў СНД, якія гэтак жа, як і мы, зацікаўлены ў паглыбленні інтэграцыі. Але мы сёння прапануем тое, што магчыма рэалізаваць", - рэзюмаваў беларускі лідар.

Прымяняльна да СНД Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што заслуга Садружнасці ў тым, што з яго нетраў у далейшым выспявалі такія інтэграцыйныя аб'яднанні, як Саюзная дзяржава, Мытны саюз, Адзіная эканамічная прастора, ваенна-палітычны блок АДКБ. Паводле слоў Прэзідэнта, часткова гэта было звязана з незадаволенасцю асобных дзяржаў тэмпамі інтэграцыі, якія разгортваліся ў СНД.

У сувязі з гэтым Аляксандр Лукашэнка расказаў удзельнікам сустрэчы аб выніках праведзенага 29 мая ў Астане пасяджэння Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета, на якім таксама прысутнічалі прэзідэнты Украіны і Кыргызстана.

Паводле слоў Кіраўніка дзяржавы, саміт у Астане стаў своеасаблівым рубежным момантам і праходзіў у вельмі вострым ключы, але быў рэзультатыўны. "На ім абмяркоўваўся дагавор аб нашым будучым саюзе. Мы цяпер спыніліся на ўзроўні АЭП. Дзмітрый Анатольевіч Мядзведзеў добра гэта ведае, паколькі сам быў актыўна ўключаны ў гэты працэс. Мы гэта часта адзначаем у вузкім коле, што тады без яго волі, калі Расія ў яго асобе падпісала і ратыфікавала ўсе дакументы па АЭП, было б немагчыма стварэнне такога цеснага эканамічнага аб'яднання", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

"Сёння мы гаворым аб тым, што нам трэба стварыць дагавор аб Еўразійскім саюзе. Павінен сказаць, што шмат пытанняў і перашкод было напярэдадні гэтай нарады аб тым, як і чым напаўняць дагавор. Усё ж ёсць пэўныя апасенні бакоў і па глыбіні эканамічнага супрацоўніцтва, і цане гэтага супрацоўніцтва. Ёсць апасенні за палітычную незалежнасць, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Што датычыцца беларускага боку, я шчыра сказаў, што ў нас глыбіня супрацоўніцтва асаблівай складанасці не выклікае - і ў палітычных адносінах, і ў ваенна-палітычных, і дыпламатычных, і па іншых напрамках, - паколькі мы гэта прайшлі ўжо ў рамках Саюза Беларусі і Расіі. Гэта найбольш развітая арганізацыя. Мы там нічога не страцілі. Таму ў нас асаблівай складанасці не выклікае распрацоўка гэтага дагавора па ўсіх напрамках, і самае галоўнае - паглыбленне гэтага дагавора".

"Мы спыніліся пакуль на тым, што мы абавязкова павінны рэалізаваць усе падпісаныя пагадненні ў рамках Мытнага саюза і АЭП. У нас яшчэ шмат, нават у рамках АЭП, выключэнняў, тарыфнага і нетарыфнага рэгулявання. Павінен сказаць, што Расія зрабіла вельмі сур'ёзны крок насустрач усім і заявіла аб тым, што літаральна праз год-паўтара, максімум да 1 студзеня 2015 года, практычна ўсе тарыфныя абмежаванні, у тым ліку ў нафтагазавай сферы, будуць зняты, але папрасіла мець на ўвазе ўсіх, хто з'яўляецца членам і будзе запрошаны наглядальнікам, што па ўсіх напрамках павінна быць поўная свабода, і мы павінны дзейнічаць як адзінае цэлае ў эканамічных адносінах", - заявіў Прэзідэнт Беларусі.

"Да 2015 года, да часу падпісання гэтага саюзнага дагавора, мы павінны рэалізаваць усё тое, што сёння падпісана, але яшчэ не ўключана ў абарот і не працуе. Гэта была вельмі важная дамоўленасць", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

"Мы дамовіліся аб тым, што саюз будзе эканамічным, і тыя палітычныя праблемы, якія ў далейшым будуць перашкаджаць развіццю гэтага саюза, абавязкова будуць вырашацца. Жыццё ўсё роўна паставіць гэтыя праблемы. Нельга будзе абмяжоўвацца толькі эканамічным супрацоўніцтвам, таму што яно заўсёды патрабуе нейкіх дадатковых дзеянняў у галіне палітыкі, дыпламатыі, абароны. Мы дамовіліся, што паступова будзем вырашаць і гэтыя пытанні", - дадаў Прэзідэнт Беларусі.

Аляксандр Лукашэнка таксама расказаў, што Украіна і Кыргызстан выказалі жаданне стаць наглядальнікамі пры будучым Еўразійскім эканамічным саюзе. "А цяпер яны будуць запрошанымі на ўсе пасяджэнні. Мы для іх будзем адкрыты, яны будуць прысутнічаць на ўсіх дыскусіях. І на кожнае пасяджэнне, сустрэчу, фармальны або нефармальны саміт мы будзем запрашаць кіраўнікоў дзяржаў, урадаў, іншых прадстаўнікоў гэтых краін для ўдзелу ў абмеркаванні пытанняў у рамках Адзінай эканамічнай прасторы. А потым яны стануць, калі, вядома, захочуць, наглядальнікамі ў нашым саюзе", - растлумачыў Кіраўнік беларускай дзяржавы.

"Яны гарантавалі, што калі захочуць стаць членамі Адзінай эканамічнай прасторы, а затым і нашага эканамічнага саюза, то пройдуць гэты шлях без усялякіх абмежаванняў і выключэнняў. Яны павінны далучыцца да ўсіх нашых пагадненняў і дамоўленасцей, якія на той час будуць дасягнуты", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.