Рэспубліканскі навагодні баль для моладзі ў Палацы Незалежнасці
- 15
- 5:47
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 28 снежня прыняў удзел у першым Рэспубліканскім навагоднім балі для моладзі.
Навагодні баль сабраў у Палацы Незалежнасці амаль 300 студэнтаў і старшакласнікаў, якія дабіліся асаблівых поспехаў у вучобе, творчасці і спорце, навуковай і грамадскай дзейнасці. Сярод іх - стыпендыяты спецыяльнага фонду Прэзідэнта Беларусі па сацыяльнай падтрымцы адораных вучняў і студэнтаў, уладальнікі прэзідэнцкіх стыпендый, удзельнікі рэспубліканскіх конкурсаў навуковых работ, пераможцы і лаўрэаты шматлікіх творчых міжнародных і рэспубліканскіх конкурсаў і фестываляў.
"Я вельмі шчаслівы бачыць вас тут - такіх маладых, натхнёных, вельмі прыгожых. Дзякуючы вам гэта заўсёды строгая зала Палаца Незалежнасці сёння становіцца неафіцыйнай, прыбранай і ўрачыстай", - сказаў Аляксандр Лукашэнка, адкрываючы баль.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ў Беларусі ўпершыню на афіцыйным узроўні праводзяць навагодні баль у яго класічным разуменні, успамінаюць і адраджаюць прыгожую традыцыю мінулых дзён. "Тады такія свецкія мерапрыемствы былі для маладых людзей ледзь ці не адзіным месцам для стасункаў. Сёння такіх месцаў дастаткова, - канстатаваў Прэзідэнт. - Але ведаеце, сапраўднага чалавека можна распазнаць, толькі гледзячы ў вочы. Я вельмі спадзяюся, што вы знойдзеце тут сабе добрых, надзейных сяброў, і гэта будзе пачаткам добрай традыцыі суверэннай і незалежнай Беларусі".
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што прысутныя на балі маладыя людзі апынуліся ў Палацы Незалежнасці не дзякуючы выпадку або ўдачы. "Гэты баль - своеасаблівы падарунак за стараннасць, працавітасць, выдатную вучобу, за вашу ініцыятыўнасць. Тут лепшыя з лепшых, - заявіў Кіраўнік дзяржавы. - Вы самая актыўная і прагрэсіўная частка нашага насельніцтва".
Прэзідэнт дапусціў, што ўлада і моладзь, магчыма, не заўсёды разумеюць адна адну. Але гэта, на яго думку, зразумела. "Я сказаў бы, гэта ў стылі класічных узаемаадносін старэйшых і малодшых, бацькоў і дзяцей, - растлумачыў Аляксандр Лукашэнка. - У цэлым, і гэта галоўнае, мы з вамі глядзім у адным напрамку - у будучае нашай Беларусі".
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што абсалютна ў гэтым перакананы, таму што ў адыходзячым годзе шмат сустракаўся з моладдзю і гэтыя сустрэчы спраўдзілі яго спадзяванні. "Вы - будучыня нашай краіны, - сказаў Прэзідэнт. - І вы разумееце, што поспех - гэта перш за ўсё праца, гэта веданне таго, чаго вы хочаце ад жыцця".
Ён заўважыў, што цяперашняя моладзь жыве ў вельмі цікавым свеце і ў цікавы час. Сёння для іх адкрыта ўсё. "Але помніце: ваш дом - гэта той кавалак зямлі, на якім вы нарадзіліся. Гэта ваша краіна, гэта Беларусь. Я не агітую вас прывязацца да Беларусі і ні ў якім разе не выходзіць за межы вашай краіны. Але помніце: дзе б вы ні былі, больш, чым дома, вас нідзе не чакаюць. І вам заўсёды-заўсёды захочацца вярнуцца дадому. І калі дадому захочацца, значыць, вы - сапраўдныя беларусы. І я вам буду жадаць толькі гэтага", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Напярэдадні навагодніх свят Кіраўнік дзяржавы таксама пажадаў маладым людзям ужо цяпер ставіць перад сабой самыя грандыёзныя і нават недасягальныя мэты. "Калі вы гэты час страціце - нічога ў жыцці не зробіце. Можа, не адразу вы пакорыце тую вышыню, якую намецілі, але, я ўпэўнены, вы абавязкова дойдзеце да вяршыні", - рэзюмаваў Прэзідэнт.
![]()