Рэспубліканскі баль выпускнікоў устаноў вышэйшай адукацыі
- 6
Цяперашнім выпускнікам беларускіх ВНУ наканавана адыграць вядучую ролю ў мадэрнізацыі эканомікі. Аб гэтым Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка заявіў 28 чэрвеня на Рэспубліканскім балі выпускнікоў устаноў вышэйшай адукацыі.
"У лёсе кожнага з вас пачынаецца новы і вельмі важны этап. Цяпер вы ўжо не студэнты, вы - дыпламаваныя спецыялісты і хутка зоймеце сваё месца ля штурвала эканомікі, рушыце наперад навуку, узбагаціце новымі дасягненнямі беларускую культуру. Акрамя бясцэннага дару жыцця вы атрымалі ад сваіх бацькоў, ад старэйшага пакалення яшчэ адзін падарунак - свабодную і незалежную Айчыну. Вам давядзецца ўзяць на сябе адказнасць за лёс краіны, прымножыць яе дабрабыт", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што, стаўшы Прэзідэнтам у самыя складаныя, пераломныя гады станаўлення дзяржавы, ён дакладна разумеў, што Беларусь зможа выжыць і дынамічна развівацца толькі дзякуючы інтэлектуальнаму патэнцыялу і самаадданай працы яе народа. "Менавіта таму адукацыя стала адным з прыярытэтаў нашай палітыкі", - падкрэсліў беларускі лідар.
Паводле слоў Прэзідэнта, за гады незалежнасці колькасць студэнтаў у Беларусі вырасла амаль у два разы, адкрыліся новыя ўніверсітэты і інстытуты, дзясяткі факультэтаў і сотні новых спецыяльнасцей. Беларускія ВНУ забяспечваюць выпуск кадраў па ўсім спектры неабходных краіне прафесій. "Высокі адукацыйны ўзровень народа складае нашу канкурэнтную перавагу на сусветным рынку. Значна пашырылася і сацыяльная роля вышэйшых навучальных устаноў у сучасным жыцці. Яны не толькі падтрымліваюць і прымнажаюць інтэлектуальны ўзровень грамадства, але і выхоўваюць маладое пакаленне ў духу ўласцівых беларускаму народу ідэалаў і каштоўнасцей, фарміруюць яго грамадзянскую пазіцыю. Гэта асабліва важна для ўмацавання нашай маладой суверэннай дзяржавы", - лічыць Аляксандр Лукашэнка.
"Надаючы вялікую ўвагу ўдасканаленню адукацыі, мы стараемся дастойна падрыхтаваць вас да самастойнага жыцця, хочам перадаць свой вопыт дасягнення поспехаў у працы, у рэалізацыі планаў, нацэліць на тое, каб вашы наватарскія ідэі, творчая ініцыятыва і энергія служылі на карысць як кожнаму з вас, так і ўсёй краіне", - сказаў Кіраўнік дзяржавы, звяртаючыся да выпускнікоў.
"Цяперашнім выпускнікам наканавана адыграць вядучую ролю ў мадэрнізацыі нашай эканомікі, укараненні навуковых адкрыццяў, перадавых тэхналогій, сучасных метадаў кіравання, - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы. - Моладзь павінна ўнесці свой уклад у развіццё прававых асноў і дэмакратычных інстытутаў беларускай дзяржавы на трывалым фундаменце патрыятызму. Калі мы будзем шчыра любіць нашу краіну і ганарыцца яе гісторыяй, традыцыямі і сучаснымі дасягненнямі, цвёрда і пераканана адстойваць свае нацыянальныя інтарэсы, то нас будуць паважаць у свеце".
"У вас ёсць усё, што патрэбна для паспяховага жыццёвага старту: добрая адукацыя, любімая прафесія і ўпэўненасць у будучым. Дзяржава заўсёды падтрымае смелых, захопленых, актыўных на рабоце людзей, ствараючы ўмовы для рэалізацыі вашых талентаў і здольнасцей", - запэўніў беларускі лідар.
Звяртаючыся да рэктараў, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што краіна цэніць іх працу, арганізатарскія і педагагічныя здольнасці і чакае ад рэктарскага корпуса больш актыўнага ўдзелу ў развіцці інавацыйных працэсаў. Перад ВНУ стаяць задачы павышэння якасці адукацыі і ўзмацнення яе сувязі з практыкай, прыцягнення на вучобу людзей, якія зрабілі свядомы прафесійны выбар. Упэўнены, што вы станеце галоўнай рухаючай сілай абнаўлення вышэйшай школы.
Кіраўнік дзяржавы яшчэ раз павіншаваў выпускнікоў з паспяховым завяршэннем вучобы. "Верце ў сябе, працуйце не шкадуючы сіл, смела імкніцеся за сваёй марай, і, я ўпэўнены, у вас усё атрымаецца", - даў наказ Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка таксама ўручыў спецыяльныя лісты аб аб'яўленні падзякі Прэзідэнта і памятныя падарункі лепшым выпускнікам ВНУ.