Работнікі розных сфер удастоены дзяржаўных узнагарод Беларусі
За шматгадовую плённую працу, узорнае выкананне службовых абавязкаў і высокае прафесійнае майстэрства, дасягненне высокіх вытворчых паказчыкаў у галіне машынабудавання і лёгкай прамысловасці, удасканаленне падатковай сістэмы і рэалізацыю дзяржаўнай інфармацыйнай палітыкі, вялікі асабісты ўклад у развіццё сродкаў сувязі, сферы адукацыі, культуры, мастацтва і спорту дзяржаўных узнагарод Беларусі ўдастоены 72 работнікі розных сфер. Адпаведны Указ падпісаў Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка.
Ордэнам Айчыны III ступені ўзнагароджаны галоўны трэнер спартыўнай каманды таварыства з абмежаванай адказнасцю "Гандбольны клуб "СКА-Мінск" Спартак Мірановіч.
Работнікі ААТ "Кіруючая кампанія холдынга "Мінскі маторны завод" удастоены ордэна Пашаны. Сярод іх токар эксперыментальнага цэха Анатоль Лазоўскі, вадзiцель аўтамабiля транспартнага цэха Алег Леўданскі, выпрабавальнiк рухавiкоў цэха зборкi i выпрабавання матораў Віктар Саўчук, электраманцёр па рамонту і абслугоўванню электраабсталявання цэха малых серый Васіль Тарасевіч.
Ордэнам Францыска Скарыны ўзнагароджваюцца артыст аркестра вышэйшай катэгорыі Нацыянальнага акадэмічнага народнага аркестра Рэспублікі Беларусь імя І.Жыновіча ўстановы "Беларуская дзяржаўная ордэна Працоўнага Чырвонага Сцяга філармонія" Аляксандр Крамко і артыст размоўнага жанру вышэйшай катэгорыі канцэртна-гастрольнага аддзела філармоніі Уладзімір Радзівілаў.
Заслугі шэрага грамадзян адзначаны медалём "За адвагу" і "За адзнаку ў папярэджанні і ліквідацыі надзвычайных сітуацый".
Вялікая група работнікаў розных сфер удастоена медаля "За працоўныя заслугі". Сярод іх старшыня Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Аляксандр Ацясаў і першы намеснік міністра эканомікі Беларусі Анатоль Філонаў.
Сярод узнагароджаных медалём Францыска Скарыны галоўны рэжысёр Драматычнага тэатра беларускай арміі Марына Дударава і дырэктар прадстаўніцтва Міждзяржаўнай тэлерадыёкампаніі "Мір" у Рэспубліцы Беларусь Уладзімір Пярцоў.
Указам таксама прысвойваюцца ганаровыя званні "Заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь", "Заслужаны работнік прамысловасці Рэспублікі Беларусь", "Заслужаны майстар спорту Рэспублікі Беларусь", "Заслужаны трэнер Рэспублікі Беларусь".