Удзел у пасяджэнні Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета ў Астане

  • 8

Беларусь, Расія і Казахстан маюць намер прадаўжаць работу па развіццю еўразійскай інтэграцыі, заснаванай на прагматызме і ўзаемнай выгадзе для ўсіх удзельнікаў і саюза ў цэлым. Такую пазіцыю пацвердзілі 29 мая лідары краін на пасяджэнні Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета ў Астане.

Да пачатку саміту прайшла двухбаковая сустрэча Кіраўніка беларускай дзяржавы Аляксандра Лукашэнкі з Прэзідэнтам Казахстана Нурсултанам Назарбаевым.

Аляксандр Лукашэнка заявіў, што Казахстан з'яўляецца прывабным і перспектыўным партнёрам для Беларусі.

"Двухбаковыя адносіны ў нас развіваюцца даволі дынамічна. І нам удаецца не толькі на нашым узроўні здымаць праблемы і перашкоды на гэтым шляху, але і нашы спецыялісты, урады добра працуюць", - сказаў Прэзідэнт Беларусі.

Аляксандр Лукашэнка таксама адзначыў паспяховасць нядаўняга візіту ў Беларусь Прэм'ер-міністра Казахстана. "Мы з ім сустракаліся, абмеркавалі шмат пытанняў, дэлегацыя пабывала ва ўсіх кутках Беларусі, Прэм'ер-міністр з-за інтарэсу да асобных пытанняў затрымаўся ў нашай краіне. Мы гэта цэнім", - падкрэсліў ён.

"Мы бачым Казахстан самым прывабным, перспектыўным партнёрам для Беларусі. Таму што тут шмат работы, якую мы можам рабіць, у якой вы маеце патрэбу, і вы не супраць, каб мы па гэтых напрамках працавалі. Мы гатовы прымаць і прымаем актыўны ўдзел у мадэрнізацыі вашай краіны. У нас нямала праектаў і амаль няма ніякіх праблем у іх рэалізацыі. Гэта сведчыць аб узроўні нашага супрацоўніцтва", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Што датычыцца саміту ў Астане ў рамках Адзінай эканамічнай прасторы, Прэзідэнт Беларусі адзначыў, што бакі павінны зрабіць некалькі захадаў у развіцці гэтага перспектыўнага інтэграцыйнага аб'яднання, аб якім не толькі гавораць, але з якім і лічацца. "Вельмі спадзяюся, што мы, маючы практычна падобную пазіцыю з вамі па многіх пытаннях, зможам сёння дасягнуць кансэнсусу", - дадаў Кіраўнік беларускай дзяржавы.

У сваю чаргу Прэзідэнт Казахстана падкрэсліў важнасць саміту, на якім у тым ліку планавалася абмеркаваць праблемныя пытанні і шляхі іх вырашэння.

Што датычыцца адносін Казахстана і Беларусі, Нурсултан Назарбаеў адзначыў, што двухбаковы гандаль мае добрую тэндэнцыю росту. Актыўна рэалізуюцца сумесныя праекты, а эканомікі дзвюх краін узаемадапаўняльныя. Нурсултан Назарбаеў таксама запрасіў Аляксандра Лукашэнку наведаць Казахстан з афіцыйным візітам, каб прадметна абмеркаваць развіццё адносін.

Адкрываючы пасяджэнне Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета, Кіраўнік казахстанскай дзяржавы нагадаў, што ў снежні 2012 года бакі дамовіліся правесці ў бягучым годзе тры сустрэчы, каб не збаўляць тэмпы прыняцця дакументаў па далейшай інтэграцыі і стварэнню Еўразійскага эканамічнага саюза. "Сёння наша першая сустрэча на вышэйшым узроўні ў рамках гэтай дамоўленасці. Галоўнае - наша агульнае імкненне інтэгравацца далей", - падкрэсліў Прэзідэнт Казахстана.

"Мы зыходзім з таго, што інтэграцыя павінна быць выгадна ўсім яе ўдзельнікам. Дзяржавы ідуць на інтэграцыю, каб атрымаць тое, што яны не могуць атрымаць паасобку. Інтэграцыйны працэс павінен ісці эвалюцыйна, трэба аб'ядноўваць намаганні, шукаць агульныя падыходы і рабіць гэта паэтапна", - адзначыў Нурсултан Назарбаеў.

На пасяджэнне былі запрошаны таксама прэзідэнты Украіны і Кыргызстана для ўдзелу ў дыскусіі.

Кіраўнікі дзяржавы разгледзелі перспектывы развіцця асноўных напрамкаў інтэграцыі.

Бакі абмеркавалі мерапрыемствы па стварэнню інтэграванай інфармацыйнай сістэмы знешняга і ўзаемнага гандлю Мытнага саюза, правядзенне ўзгодненай аграпрамысловай палітыкі, асноўныя арыенціры макраэканамічнай палітыкі дзяржаў - членаў МС і АЭП на 2013-2014 гады.

Кіраўнікі дзяржаў дамовіліся, што праекты дакументаў аб стварэнні Еўразійскага эканамічнага саюза, які плануецца запусціць з 1 студзеня 2015 года, будуць прадстаўлены на іх разгляд да 1 мая 2014 года.

Асобным блокам прэзідэнты разглядалі перспектывы пашырэння Мытнага саюза і Адзінай мытнай прасторы.

Па выніках пасяджэння мытная "тройка" прыняла рашэнне аб прадастаўленні Кыргызстану і Украіне статусу наглядальніка ў Еўразійскім эканамічным саюзе.

Кыргызстан раней падаў заяўку на далучэнне да Мытнага саюза. Цяпер спецыяльна створаная рабочая група рыхтуе "дарожную карту" для ўступлення Кыргызстана ў Мытны саюз.

Што датычыцца Украіны, то яна выказала зацікаўленасць у атрыманні статусу наглядальніка ў рамках як Мытнага саюза/Адзінай эканамічнай прасторы, так і ў будучым Еўразійскім эканамічным саюзе.

Плануецца, што ўжо 31 мая ў Мінску ў час сустрэчы кіраўнікоў урадаў СНД будуць падпісаны мемарандумы, якія дадуць права прадстаўнікам Украіны і Кыргызстана па запрашэнню савета або калегіі ЕЭК удзельнічаць у пасяджэннях без права голасу, але разам з тым выказваць сваё меркаванне і ўносіць прапановы, якія будуць разглядацца Еўразійскай эканамічнай камісіяй.

Да наступнага пасяджэння Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета ў кастрычніку бягучага года ў Мінску будзе падрыхтаваны дакумент, які рэгламентуе статус наглядальніка ў будучым Еўразійскім эканамічным саюзе.

Па выніках пасяджэння прынята рашэнне па рэалізацыі асноўных напрамкаў інтэграцыі. У гэтым рашэнні замацаваны асновы для стварэння і развіцця Еўразійскага эканамічнага саюза.

Бакі дамовіліся, што інтэграцыя будзе праходзіць паэтапна. "Цяпер галоўная мэта - устараненне ўсіх выключэнняў з Мытнага саюза, канчатковае фарміраванне Адзінай эканамічнай прасторы. На аснове гэтай работы мы прымем рашэнне аб далейшым паглыбленні інтэграцыйных працэсаў", - заявіў Прэзідэнт Казахстана.

Пры гэтым размова ідзе аб эканамічнай інтэграцыі, заснаванай на прагматызме і ўзаемнай выгадзе для дзяржаў-членаў і саюза ў цэлым.

Вынікам пасяджэння ў Астане таксама стала падпісанне кіраўнікамі дзяржаў шэрага рашэнняў. У прыватнасці, унесены змяненні ў рэгламент работы Еўразійскай эканамічнай камісіі па пытанню правядзення міжнародных перагавораў у сферы гандлю. Гэты дакумент дасць магчымасць дзяржавам - членам Мытнага саюза актыўна ўзаемадзейнічаць, выкарыстоўваючы для гэтага пляцоўку камісіі. Ён пашырыць кола партнёраў па гандлю, што з'яўляецца немалаважным этапам на шляху больш цеснай інтэграцыі краін.

Кіраўнікамі дзяржаў таксама адобрана канцэпцыя ўзгодненай аграпрамысловай палітыкі дзяржаў - членаў Мытнага саюза і Адзінай эканамічнай прасторы. Прынята пагадненне аб інфармацыйным узаемадзеянні ў сферы статыстыкі.

Наступная сустрэча кіраўнікоў дзяржаў пройдзе ў Мінску ў канцы кастрычніка, а ў снежні бакі збяруцца на саміт у Маскве. "Мы маем намер прадаўжаць мэтанакіраваную ўзважаную палітыку па ўмацаванню інтэграцыйных працэсаў у рамках Мытнага саюза. Кіраўнікі дзяржаў чарговы раз падкрэслілі сваю цвёрдую прыхільнасць эфектыўнаму выкарыстанню патэнцыялу нашых раўнапраўных адносін", - сказаў Прэзідэнт Казахстана.

Разам з тым ён адзначыў, што развіццё інтэграцыйных працэсаў - даволі складаны працэс, і зразумела, што на гэтым шляху часам узнікаюць пэўныя цяжкасці і нестыкоўкі. "Але галоўнае, што ёсць палітычная воля кіраўнікоў дзяржаў, і Еўразійская эканамічная камісія напружана працуе над усімі гэтымі пытаннямі", - дадаў Нурсултан Назарбаеў.

Пасля пасяджэння прэзідэнты наведалі будынак Нацыянальнага тэатра оперы і балета ў Астане, які будуецца. Потым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прыняў удзел у рабочым абедзе ад імя Прэзідэнта Казахстана Нурсултана Назарбаева.