Рабочы візіт у Расійскую Федэрацыю

  • 20

Беларусь была і застаецца вернай саюзніцкаму абавязку ў Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы. Аб гэтым заявіў 23 снежня Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы кіраўнікоў дзяржаў - членаў АДКБ, якая прайшла ў Маскве.

"Я не раз падкрэсліваў і сёння паўтару: Беларусь была і застаецца вернай саюзніцкаму абавязку ў рамках Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы. І пры гэтым мы не прыехалі ў Маскву з працягнутай рукой штосьці прасіць узамен чагосьці", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт Беларусі лічыць, што краіны АДКБ павінны цвёрда і аргументавана пашыраць на міжнародных пляцоўках агульную пазіцыю, што будзе працаваць на ўмацаванне аўтарытэту арганізацыі.

"Сітуацыя каля нашых граніц яшчэ ніколі не была такой напружанай і ўзрыванебяспечнай, - адзначыў беларускі лідар. - Маштабныя рызыкі і выклікі патрабуюць скаардынаванай палітыкі ўсіх нас".

На думку Кіраўніка беларускай дзяржавы, у існуючых умовах асноўным сродкам вырашэння канфліктаў і зніжэння напружанасці ў адносінах павінны быць перш за ўсё дыпламатычныя меры.

"Пашырэнне палітычнага ўзаемадзеяння з асноўнымі ўніверсальнымі і рэгіянальнымі міжнароднымі арганізацыямі павінна ўваходзіць у лік пастаянных прыярытэтаў", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт Беларусі лічыць, што АДКБ неабходна ўдасканальваць калектыўны сілавы патэнцыял. Пры гэтым Кіраўнік беларускай дзяржавы асабліва адзначыў, што развіццё ваеннага складніка арганізацыі не павінна разглядацца выключна як стварэнне нейкіх новых яе элементаў. "У першую чаргу трэба практычна адпрацоўваць пытанні кіравання і алгарытмы прымянення ўжо існуючых сіл", - падкрэсліў Прэзідэнт. Ён таксама дадаў, што ўмацаванне сілавога патэнцыялу АДКБ захоўвае сваю першарадную важнасць.

Аляксандр Лукашэнка лічыць, што менавіта практычная накіраванасць дзейнасці АДКБ з'яўляецца залогам яе паспяховага развіцця. "АДКБ створана і павінна служыць для абароны агульных інтарэсаў дзяржаў-членаў", - адзначыў Кіраўнік беларускай дзяржавы.

На думку Прэзідэнта Беларусі, па меры пашырэння і развіцця агульнай эканамічнай прасторы ў фармаце Еўразійскага эканамічнага саюза, членскі склад якога практычна ідэнтычны складу АДКБ, узрастае важнасць абароны эканамічных інтарэсаў. "Для гэтага могуць быць выкарыстаны існуючыя ў АДКБ механізмы ўзаемадзеяння спецыяльных і іншых службаў, здольныя стварыць заслон арганізаваным злачынным групоўкам, якія ўжо сёння спрабуюць знайсці пралазы і выкарыстаць новыя эканамічныя ўмовы ў сваіх злачынных мэтах", - сказаў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка пажадаў поспехаў Прэзідэнту Таджыкістана Эмамалі Рахмону, які прымае старшынства ў арганізацыі ў важны і асаблівы год - 70-й гадавіны Перамогі над фашызмам у Вялікай Айчыннай вайне. "Знакавая і памятная для ўсіх дата звязвае нас не толькі агульнай гісторыяй, але і накладае дадатковыя маральныя абавязацельствы і адказнасць за захаванне міру ў нашым рэгіёне", - падкрэсліў Прэзідэнт Беларусі.

Ён выказаў перакананне, што рашэнні сесіі будуць садзейнічаць далейшаму ўмацаванню бяспекі дзяржаў - членаў АДКБ, рэгіянальнай і глабальнай стабільнасці ў свеце.

Кіраўнікі дзяржаў абмеркавалі сітуацыю ў зоне адказнасці арганізацыі, меры па ўдасканаленні сістэмы калектыўнай бяспекі, разгледзелі прыярытэтныя напрамкі дзейнасці ў перыяд старшынства ў АДКБ Таджыкістана.

Па выніках пасяджэння Савета калектыўнай бяспекі АДКБ кіраўнікі дзяржаў падпісалі амаль 20 дакументаў. У прыватнасці, лідары краін АДКБ прынялі рашэнне аб стварэнні Калектыўных авіяцыйных сіл, Антынаркатычную стратэгію дзяржаў - членаў АДКБ да 2020 года, падпісалі пратакол аб узаемадзеянні дзяржаў АДКБ па процідзеянні злачыннай дзейнасці ў інфармацыйнай сферы, зацвердзілі палажэнне аб аперацыі пастаяннага дзеяння па процідзеянні злачынствам у сферы інфармацыйных тэхналогій (аперацыя "Проксі").

У заяве, падпісанай па выніках пасяджэння, кіраўнікі дзяржаў - членаў АДКБ выказалі занепакоенасць нарастаючай апошнім часам эскалацыяй напружанасці, адраджэннем неанацысцкай ідэалогіі, дэградацыяй механізмаў забеспячэння бяспекі ў свеце і з'яўленнем новых канфліктных зон, у тым ліку на еўразійскай прасторы. На думку лідараў краін АДКБ, гэта патрабуе прыняцця неадкладных мер па стабілізацыі абстаноўкі ў свеце.

Што датычыцца сітуацыі ва Украіне, то кіраўнікі дзяржаў АДКБ лічаць неабходным наладжванне перагаворнага працэсу паміж усімі проціборствуючымі бакамі, у тым ліку для прыняцця экстранных мер па пераадоленні наступстваў гуманітарнай катастрофы, і выступаюць за хутчэйшае аднаўленне міру.

"Лічым вельмі важным не дапусціць далейшага ўскладнення сітуацыі, праяўляць стрыманасць, выкарыстоўваць выключна палітыка-дыпламатычныя метады ўрэгулявання канфлікту, дабівацца выканання мінскіх пагадненняў у мэтах дасягнення нацыянальнай згоды і пераадолення крызісу ў гэтай краіне", - сказана ў заяве.

Лідары краін АДКБ пацвердзілі гатоўнасць да пашырэння супрацоўніцтва з ААН, АБСЕ, ШАС і іншымі міжнароднымі і рэгіянальнымі арганізацыямі, у тым ліку ў пытаннях міратворчасці, процідзеяння тэрарызму, незаконнаму абароту наркотыкаў, арганізаванай злачыннасці, незаконнай міграцыі, гандлю людзьмі і іншым сучасным выклікам і пагрозам.

Кіраўнікі дзяржаў - членаў арганізацыі выказалі намер і ў далейшым умацоўваць сістэму калектыўнай бяспекі АДБК і падкрэслілі, што разглядаюць арганізацыю ў якасці аднаго з важнейшых інструментаў, якія забяспечваюць бяспеку, незалежнасць, тэрытарыяльную цэласнасць і суверэнітэт краін - членаў АДКБ, стабільнасць у зоне яе адказнасці.

У ходзе пасяджэння Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета прэзідэнты прыйшлі да рашэння аб тым, што Беларусь прыме старшынства ў Еўразійскім эканамічным саюзе ў 2015 годзе і такім чынам стане першай краінай, якая будзе старшынстваваць у ЕАЭС.

Парадак дня пасяджэння налічваў звыш 20 пытанняў, па выніках разгляду якіх быў падпісаны вялікі пакет дакументаў, накіраваны на развіццё інтэграцыйных сувязей і ўдасканаленне дзейнасці органаў саюза. У прыватнасці, быў вызначаны пералік паслуг, па якіх адзіны рынак у ЕАЭС пачне дзейнічаць ужо з 1 студзеня 2015 года. Сярод іх паслугі рознічнага і аптовага гандлю, гасцінічныя, рэстаранныя, будаўнічыя, сельскагаспадарчыя і іншыя.

Двума іншымі прынятымі дакументамі вызначаецца, што адзіны фармацэўтычны рынак і рынак медыцынскіх вырабаў у ЕАЭС пачне працаваць з 1 студзеня 2016 года. Пры гэтым з 2019 года пачне працаваць агульны рынак электраэнергіі, адзіны рынак нафты і газу - з 2025 года. Да гэтага ж года плануецца стварыць агульны фінансавы рынак.

Падпісаны таксама дакументы аб далучэнні Кыргызстана да дагавора аб ЕАЭС.

Аляксандр Лукашэнка прызнаў, што перагаворы на пасяджэнні Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета былі няпростымі. На яго думку, гэта зразумела, паколькі спектр пытанняў функцыянавання ЕАЭС, старт якому ўжо будзе дадзены праз 8 дзён, вельмі шырокі, а пастаўленыя задачы амбіцыйныя.

"У выніку адкрытай і, шчыра кажучы, няпростай размовы мы пастараліся знайсці агульныя інтарэсы і развязкі па найбольш актуальных тэмах, у тым ліку па тых, якія апошнім часам не сыходзяць са старонак СМІ і абрастаюць, як гэта часта бывае, рознымі домысламі. Сам факт таго, што на ўзровень прэзідэнтаў было вынесена 21 пытанне, прытым па эканамічных праблемах, сведчыць аб напружанай рабоце, якая вядзецца на інтэграцыйнай пляцоўцы, аб маштабе задач, якія вырашаюцца сёння", - адзначыў Кіраўнік беларускай дзяржавы.

Прэзідэнт Беларусі лічыць, што плюсы саюза відавочныя, а таму спыніўся на праблемных момантах.

У прыватнасці, нявырашаным застаецца пытанне свабоднага руху тавараў, якога ў поўным аб'ёме як не было, так і няма. Акрамя таго, да гэтага часу паміж расійскім і беларускім бакамі не забяспечана ўзаемнае прадастаўленне найбольш спрыяльных нацыянальных рэжымаў доступу да дзяржаўных закупак, хоць зрабіць гэта трэба было яшчэ з 1 студзеня 2012 года.

"Вы - журналісты - добра ведаеце, што адбывалася на граніцы Расіі з Беларуссю са жніўня бягучага года. Самі падрабязна інфармавалі аб прадмеце праведзеных у лістападзе-снежні ў нашых сталіцах шматлікіх двухбаковых кансультацый на розных узроўнях. Праўда, інфармавалі аб адным і тым жа па-рознаму", - сказаў Кіраўнік беларускай дзяржавы.

"Вось і адкажыце на пытанне: ці ёсць на сённяшні дзень паміж намі рэальная лібералізацыя ўмоў гандлю?" - сказаў Прэзідэнт Беларусі.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу і на другі бок медаля ў існуючых рознагалоссях, якія, як спадзяецца Прэзідэнт Беларусі, часовыя.

"Рассельгаснагляд увёў абмежаванні на пастаўку прадукцыі беларускіх прадпрыемстваў у Расійскую Федэрацыю. Больш таго, насуперак усім міжнародным нормам нам забаранілі транзіт тавараў з беларускай тэрыторыі! Гэта ўсё зроблена ў аднабаковым парадку без якіх-небудзь кансультацый, мінуючы Еўразійскую эканамічную камісію!" - адзначыў Кіраўнік беларускай дзяржавы. "Больш таго, як стала вядома ў выніку перагавораў з Уладзімірам Уладзіміравічам, і без яго згоды", - сказаў беларускі лідар.

"Адсюль вывад: дакладнага механізма ўзаемадзеяння і кантролю ў рамках адзінай мытнай прасторы пакуль у поўным аб'ёме няма. "А самае сумнае - ад ЕЭК не праглядаецца ніякага імкнення хоць неяк змяніць сітуацыю, - сказаў Кіраўнік беларускай дзяржавы. - Здаецца, што камісія фактычна дыстанцыравалася ад вырашэння сапраўды значных праблем".

Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што адносіны ўнутры Мытнага саюза і АЭП праходзяць праз вельмі сур'ёзныя выпрабаванні.

"Ёсць пытанні, адназначных адказаў на якія, на жаль, пакуль няма. А час іх ужо настойліва патрабуе", - адзначыў Прэзідэнт Беларусі.

У студзені-верасні 2014 года аб'ём узаемнага гандлю дзяржаў - членаў Мытнага саюза і АЭП склаўся на ўзроўні $42,8 млрд, што складае толькі 89,5 працэнта да аналагічнага перыяду мінулага года. "Зацягванне з прыняццем на гэтым этапе жыццёва важных рашэнняў можа абярнуцца не толькі стратай дынамікі аб'яднальных працэсаў, але і адкатам назад, чаго народы нашых дзяржаў сучасным палітыкам не даруюць, асабліва ўлічваючы нашу практыку работы ў СНД. Другой СНД народы не пацерпяць", - сказаў беларускі лідар.

Любы саюз павінен працаваць на дабрабыт сваіх грамадзян, падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. "Сёння кожнаму з бакоў выключна важна вытрымаць разумны баланс паміж нацыянальнымі прыярытэтамі і міждзяржаўнымі абавязацельствамі. А ўсім разам - дабіцца жаданай эфектыўнасці ад Еўразійскай эканамічнай камісіі. Патэнцыял краін - членаў Саюза вялікі. Збліжэнне толькі памнажае нашы сілы, - лічыць Прэзідэнт Беларусі. - А значыць, рух, як цяпер модна гаварыць, на інтэграцыйным трэку павінен быць прадоўжаны. Іншага шляху ў нас няма".

Аляксандр Лукашэнка таксама падкрэсліў гатоўнасць да прадаўжэння раўнапраўнага ўзаемавыгаднага дыялогу па любых пытаннях і выказаў упэўненасць, што гэтак жа будзе выказана і пазіцыя партнёраў.

Па выніках пасяджэння звяртаючыся да журналістаў, Прэзідэнт Беларусі заклікаў іх не прыдумваць таго, чаго няма на самай справе, не пераходзіць на асобы і не зневажаць.

"Некаторыя сродкі масавай інфармацыі заявілі аб тым, што вось, бачыце, саюзнікі хочуць нешта ў гэтай сітуацыі, прыехаўшы ў Маскву, адціснуць, адшчыкнуць ад Расіі", - сказаў беларускі лідар.

"Па-першае, ніхто сюды проста так не прыехаў. Гэта было ўзгоднена з Кіраўніком расійскай дзяржавы, які з'яўляецца ініцыятарам Мытнага саюза ў цяперашнім яго выглядзе. Мы яго падтрымліваем і будзем падтрымліваць", - падкрэсліў Прэзідэнт Беларусі.

"Можа, нехта і хоча што-небудзь сёння адшчыкнуць ад Расіі, запатрабаваўшы ў цяжкі час нечага ад яе, але не Беларусь. Таму не пераводзьце, калі ласка, стрэлкі на Беларусь. Мы сюды не прыехалі з працягнутай рукой", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Ён дадаў, што калі расіянам будзе што-небудзь патрэбна і Беларусь на штосьці здольная, то заўсёды падставіць сваё плячо.

"Усе перажывалі, што Пуцін не будзе сустракацца з Лукашэнкам, - адзначыў беларускі лідар. - Не перажывайце! Мы з Уладзімірам Уладзіміравічам абмеркавалі ўвесь комплекс праблем, звязаных з беларуска-расійскімі адносінамі. Ён не такі ўжо і складаны. Калі прэзідэнты бяруцца за гэты комплекс, ён заўсёды вырашаўся. Мы не першы год працуем прэзідэнтамі. Вырашаюцца гэтыя праблемы і сёння. Не трэба вакол гэтага ствараць ажыятаж".

"Сёння некаторыя палітолагі і журналісты Расійскай Федэрацыі заяўляюць, што ў Лукашэнкі год асаблівы 2015-ы. Пройдуць прэзідэнцкія выбары, таму ёсць шанц і магчымасць яго "адстроіць". Супакойцеся! Лукашэнка не той чалавек, якога можна "адстроіць", ён прэзідэнцкага хлеба ўжо наеўся. Нават у самай горшай сітуацыі я перажываць не буду. Але "адстройваць" мяне можа толькі беларускі народ", - сказаў Прэзідэнт. Ён дадаў, што нават калі ўвесь свет выступіць супраць Лукашэнкі, ён усё роўна стане Прэзідэнтам, калі беларускі народ гэтага захоча.

"Падабаюся я каму-небудзь або не - не вам вырашаць, добры я або дрэнны. Мяне выбраў народ. Паважаеце беларускі народ - цярпіце Лукашэнку", - сказаў беларускі лідар.

На думку Аляксандра Лукашэнкі, "самае страшнае і недапушчальнае", калі журналісты брацкіх краін у адзіным саюзе пераходзяць на асобы і пачынаюць зневажаць". "Вось гэта нецярпіма! - сказаў беларускі лідар. - Гэта самае ганебнае з боку журналістаў, калі яны пераходзяць на асабістыя пытанні і пачынаюць абсмоктваць і абмываць тое, чаго няма на самай справе".

Аляксандр Лукашэнка папрасіў журналістаў больш акуратна ставіцца да праблем, што вырашаюцца ў ЕАЭС. "Яны няпростыя. Нельга рабіць непрадуманыя заявы. Яны вельмі негатыўна ўплываюць на палітыку, якую мы праводзім у рамках нашага саюза", - адзначыў Кіраўнік беларускай дзяржавы.

Пасля завяршэння мерапрыемстваў на вышэйшым узроўні Аляксандр Лукашэнка разам з іншымі кіраўнікамі дзяржаў па запрашэнні Прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна наведаў Нацыянальны цэнтр кіравання абаронай Расійскай Федэрацыі, дзе былі прадэманстраваны магчымасці цэнтра.