Удзел у саміце кіраўнікоў дзяржаў СНД
- 9
Садружнасць Незалежных Дзяржаў павінна стаць больш прывабнай і ўплывовай на міжнароднай арэне структурай. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 16 верасня ў час выступлення на пасяджэнні Савета кіраўнікоў дзяржаў - удзельніц СНД, якое прайшло ў Бішкеку.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ў праектах рашэнняў сённяшняга пасяджэння ёсць розныя прапановы па ўдасканаленні Садружнасці. "Магчыма, нехта не здаволены дакументамі, што зацвярджаюцца сёння, аднак гэтыя дамоўленасці - вынік кампрамісаў і ўступак. Значыць, работу па адаптацыі СНД да сучасных рэалій трэба прадоўжыць. І яе трэба весці менавіта ў інтарэсах дзяржаў-удзельніц, - упэўнены Аляксандр Лукашэнка. - Заканамерным вынікам павінна стаць трансфармацыя Садружнасці ў больш прывабную і ўплывовую на міжнароднай арэне структуру. Мы ўжо цяпер аператыўна і кансалідавана рэагуюць на сучасныя міжнародныя выклікі".
Прэзідэнт звярнуў увагу, што гэты юбілейны саміт дае магчымасць краінам азірнуцца на пройдзены шлях і зверыць планы на будучае. Тым больш што сёння падводзяцца вынікі праведзенай за год работы па мадэрнізацыі Садружнасці. "З задавальненнем падтрымліваю думку аб неабходнасці захавання СНД як міжнароднай арганізацыі з уласцівымі атрыбутамі. Было б неразумна страціць тое, чаго мы дабіліся за гэты час, - лічыць Аляксандр Лукашэнка. - Беларусь першапачаткова зыходзіла з таго, што кадравая аптымізацыя і ўзмацненне фінансавай дысцыпліны - а гэта трэба рабіць абавязкова - не павінны ператвараць Садружнасць у перыферыйную дыскусійную пляцоўку. Мы выступаем за захаванне дзейсных механізмаў выканання міждзяржаўных рашэнняў".
Кіраўнік дзяржавы заўважыў, што да рэформ СНД падштурхнула немагчымасць вырашаць неабходныя пытанні. "Мы разумеем, што СНД трэба, калі не рэфармаваць, то прыводзіць да цяперашніх рэалій - гэта факт. Паглыбляць супрацоўніцтва ў рамках СНД, навязваючы яму больш глыбінныя пытанні, якія мы павінны вырашаць, напэўна, у нас не атрымаецца. Гэта мы павінны прызнаць. Не атрымаецца як па суб'ектыўных прычынах, так і па аб'ектыўных. Час змяніўся, узнік шэраг іншых аб'яднанняў, у тым ліку на постсавецкай прасторы, дзе ўдзельнічаюць большасць з прысутных тут кіраўнікоў нашых краін. Іх гэта задавольвае. Гэта адна з аб'ектыўных прычын", - заўважыў беларускі лідар.
Разам з тым Аляксандр Лукашэнка лічыць, што СНД знайшла сваё месца ў сістэме інтэграцыі на постсавецкай прасторы і стала добрай пляцоўкай у тым ліку для двухбаковых сустрэч. "Мы, усе прысутныя тут кіраўнікі дзяржаў, заўсёды не перастаём гаварыць, што СНД знайшла сябе ў гэтым інтэграцыйным працэсе як пляцоўка для нашых стасункаў, заяў. Я іншым разам параўноўваю гэта з G20, пасяджэнне якой нядаўна прайшло: там таксама, напэўна, нічога канкрэтнага не прымалі, а зрабілі заявы, якія вызначаюць стратэгію развіцця чалавецтва, прынамсі, нашай планеты ў аглядным будучым. Прыкладна тое ж самае мы робім у рамках СНД, і нават больш - прымаем канкрэтныя рашэнні там, дзе няма рознагалоссяў", - падкрэсліў Прэзідэнт.
Закранаючы пытанне аб дубліраванні функцый СНД з функцыямі ЕАЭС і АДКБ, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што неабходна прызнаць - гэта так. "СНД ужо цяпер трэба прыводзіць да таго, што патрабуе час, але паспешліва прымаць меры, якія могуць прывесці да зніжэння ўзроўню ўзаемадзеяння з краінамі, якія не з'яўляюцца ўдзельніцамі ЕАЭС і АДКБ, нельга, - заявіў Кіраўнік дзяржавы. - Усё ж такі ў рамках СНД яны вядуць пэўную работу, і мы маем магчымасць хаця б узаемадзейнічаць з імі".
У час выступлення Кіраўнік дзяржавы таксама павіншаваў Расію са старшынствам у СНД у 2017 годзе. "Думаю, што нарэшце Расія выразна і гучна заявіць і адкажа на тыя пытанні, якія сёння стаяць у СНД, - сказаў Прэзідэнт. - Расія - вядучая дзяржава, і пры стварэнні арганізацыі яна выступала як вырашальны фактар, які аб'ядноўвае іншыя краіны. Ад гэтага старшынства будзем чакаць многага".
Вынікам юбілейнага 25-га саміту СНД стала прыняцце дакумента аб адаптацыі Садружнасці да сучасных рэалій. Таксама кіраўнікі дзяржаў зацвердзілі праграму супрацоўніцтва ў барацьбе з тэрарызмам і іншымі насільнымі праявамі экстрэмізму на 2017-2019 гады, праграму супрацоўніцтва краін арганізацыі ў барацьбе са злачынствамі, што ўчыняюцца з выкарыстаннем інфармацыйных тэхналогій на 2016-2020 гады, а таксама шэраг іншых дакументаў.
У прыватнасці, на пасяджэнні ў пашыраным складзе зацверджаны заявы кіраўнікоў дзяржаў - удзельніц СНД, прысвечаныя 25-годдзю Садружнасці, 70-годдзю завяршэння работы Нюрнбергскага трыбунала, заява аб далейшых сумесных намаганнях па процідзеянні міжнароднаму тэрарызму і па сусветнай праблематыцы наркотыкаў, а таксама заява па выніках Спецыяльнай сесіі Генасамблеі ААН па сусветнай праблематыцы наркотыкаў, што прайшла ў красавіку гэтага года ў Нью-Ёрку.
Падпісаны і блок дакументаў па развіцці супрацоўніцтва ў гуманітарнай сферы.