Рабочы візіт у Кітайскую Народную Рэспубліку
- 12
Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка 1-3 верасня зрабіў рабочы візіт у Кітайскую Народную Рэспубліку.
Кіраўнік дзяржавы прыняў удзел ва ўрачыстых мерапрыемствах, прымеркаваных да 70-годдзя перамогі ў антыяпонскай вайне і заканчэння Другой сусветнай вайны.
У ходзе візіту праведзены таксама шэраг двухбаковых сустрэч Аляксандра Лукашэнкі з кіраўніцтвам КНР.
Сустрэча з членам Пастаяннага камітэта Палітбюро ЦК КПК, першым намеснікам прэм'ера Дзяржсавета КНР Чжан Гаалі
Беларусь - не сітуатыўны сябар Кітая, а даўні надзейны партнёр. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння на сустрэчы з членам Пастаяннага камітэта Палітбюро ЦК КПК, першым намеснікам прэм'ера Дзяржсавета КНР Чжан Гаалі.
"У вас цяпер вельмі шмат сяброў. Вы набылі іх зусім нядаўна, калі Кітай стаў адной з уплывовых краін у свеце, фактычна другой кропкай прыцяжэння многіх дзяржаў нашай планеты", - адзначыў Прэзідэнт.
![]()
"Але ў Беларусі з Кітаем даўняя гісторыя. Уся навейшая гісторыя Беларусі звязана з Кітайскай Народнай Рэспублікай. Гэта значыць мы не сітуатыўныя сябры, не сябры ўчарашнія, а мы даўнія сябры кітайскага народа, і паміж намі сапраўды ўстанавіліся вельмі добрыя адносіны", - сказаў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на частату сустрэч кіраўніцтва дзвюх краін. На яго думку, гэта вельмі важна для двухбаковых адносін. "Чым часцей мы будзем сустракацца, тым больш пашыраны будуць нашы адносіны, тым эфектыўней будуць рэалізоўвацца нашы дамоўленасці", - лічыць Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што беларускі бок абсалютна задавальняе сфарміраваная формула перагавораў. "Мы вызначылі адзін аднаго як стратэгічных партнёраў", - падкрэсліў ён.
У асобе Беларусі Кітай мае надзейнага сябра і жалезнага партнёра. Аб гэтым заявіў сёння на сустрэчы з Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам член Пастаяннага камітэта Палітбюро ЦК КПК, першы намеснік прэм'ера Дзяржаўнага савета КНР Чжан Гаалі
Чжан Гаалі адзначыў, што паміж Беларуссю і Кітаем устаноўлены адносіны ўсебаковага стратэгічнага партнёрства. "І больш таго, паміж вамі і Старшынёй КНР Сі Цзіньпінам склалася глыбокая асабістая дружба. За кароткі тэрмін, 4 месяцы, у вас адбудзецца ўжо трэцяя сустрэча. Гэта вялікая рэдкасць у сусветнай палітыцы", - сказаў першы намеснік прэм'ера Дзяржсавета.
"У асобе Беларусі мы заўсёды маем надзейнага вялікага сябра. Мы заўсёды разглядаем вас як свайго жалезнага партнёра", - падкрэсліў ён. "Пад вашым кіраўніцтвам у Беларусі назіраецца палітычная стабільнасць, развіваецца эканоміка і ўвесь час павялічваецца ўзровень жыцця насельніцтва. Мы захапляемся вашымі дасягненнямі", - дадаў Чжан Гаалі.
Ён асабліва адзначыў, што ў гады Другой сусветнай вайны ў Беларусі, як і ў Кітаі, панеслі вялікія нацыянальныя страты, краіна ўнесла важкі ўклад у перамогу ў сусветнай антыфашысцкай вайне. "Такі подзвіг не забываецца і кітайскім народам, і народамі ўсіх краін свету", - упэўнены ён. Гаворачы аб маючых адбыцца 3 верасня ў Кітаі ўрачыстасцях, Чжан Гаалі заявіў, што мэта святкавання заключаецца ў тым, каб не забываць мінулае і шанаваць памяць загінулых герояў, даражыць мірам і адкрываць будучае.
Чжан Гаалі нагадаў, што на папярэдняй сустрэчы з кіраўніком беларускай дзяржавы ішла размова аб Кітайска-беларускім індустрыяльным парку, і бакі выйшлі на ўзаемаразуменне па гэтым праекце. Паводле яго слоў, пасля вяртання ў Кітай усе дасягнутыя дамоўленасці выконваліся. "Такім чынам, намечаны вельмі сур'ёзны крок наперад па рэалізацыі Кітайска-беларускага індустрыяльнага парка", - сказаў ён.
Як першы віцэ-прэм'ер Дзяржсавета, які курыруе эканамічныя пытанні, Чжан Гаалі запэўніў, што будзе няўхільна рэалізоўваць дамоўленасці, дасягнутыя на вышэйшым узроўні.
Сустрэча са Старшынёй Кітайскай Народнай Рэспублікі Сі Цзіньпінам
Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка дзякуе Старшыні Кітайскай Народнай Рэспублікі Сі Цзіньпіну за кітайскія інвестыцыі і крэдыты, прадастаўленыя для рэалізацыі інфраструктурных праектаў. Аб гэтым ішла размова сёння на сустрэчы кіраўнікоў дзяржаў у Пекіне.
За кошт гэтых сродкаў у Беларусі будуюцца дарогі, прапрацоўваецца шэраг праектаў для асваення фінансаў.
![]()
Прэзідэнт падкрэсліў, што нядаўні візіт Сі Цзіньпіна ў Беларусь стаў гістарычным і прарыўным. "Сёння супрацоўніцтва вельмі эфектыўна развіваецца", - сказаў беларускі лідар.
Ужо нямала зроблена па будаўніцтве Кітайска-беларускага індустрыяльнага парка "Вялікі камень". "Вы яго назвалі жамчужынай Шаўковага шляху. Гэта будзе ўнікальны праект", - сказаў Кіраўнік беларускай дзяржавы. Ён дадаў, што там значна актывізаваліся работы.
Аляксандр Лукашэнка падзякаваў таксама кітайскаму боку за ўвагу, што ўдзяляецца з боку дзяржавы памяці ахвяр Другой сусветнай вайны, у якой як Савецкі Саюз і Еўропа, так і Кітай панеслі сур'ёзныя страты.
Прэзідэнт таксама ўпамянуў аб праведзенай у першай палавіне дня сустрэчы з першым намеснікам прэм'ера Дзяржаўнага савета КНР Чжан Гаалі. На ёй былі акрэслены пытанні, якія Беларусі і Кітаю трэба вырашыць у бліжэйшай перспектыве. Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, бакі не адыходзілі і ад абмеркавання праблемных пытанняў. Чжан Гаалі запэўніў, што рашэнні кіраўнікоў дзяржаў будуць няўхільна выконвацца.
Зыходзячы з прынцыпаў стратэгічнага партнёрства, Кітай гатовы падтрымліваць Беларусь. Аб гэтым заявіў сёння на сустрэчы з Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам Старшыня Кітайскай Народнай Рэспублікі Сі Цзіньпін.
"Мы гатовы і далей працаваць з Беларуссю, каб дабівацца яшчэ большых вынікаў у сумеснай дзейнасці", - сказаў Старшыня КНР.
Сі Цзіньпін звярнуў увагу на тое, што беларуска-кітайскае партнёрства ўстойліва развіваецца. "Спадзяюся, што бакі будуць актыўна супрацоўнічаць для захавання высокай дынамікі адносін", - адзначыў ён.
На сустрэчы размова ішла таксама аб Кітайска-беларускім індустрыяльным парку. Сі Цзіньпін адзначыў важнасць гэтага праекта. "Мы ўжо многае сумесна зрабілі па гэтым праекце. Спадзяюся, што сумеснымі намаганнямі мы зможам зрабіць парк узорным прыкладам ініцыятывы эканамічнага пояса вялікага Шаўковага шляху", - сказаў Сі Цзіньпін.
Ваенны парад у Пекіне
3 верасня Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прысутнічаў на ваенным парадзе ў Пекіне, што праводзіўся ў азнаменаванне 70-годдзя Перамогі ў антыяпонскай вайне і заканчэння Другой сусветнай вайны.
![]()
Менавіта ў гэты дзень, 3 верасня, у Кітаі святкуецца Дзень Перамогі над японскім мілітарызмам і заканчэнне Другой сусветнай вайны.
Упершыню з моманту ўтварэння КНР у краіне праводзіцца буйнамаштабны ваенны парад не з нагоды нацыянальнага свята - Дня ўтварэння Кітайскай Народнай Рэспублікі.
На парадзе прысутнічалі каля трох дзясяткаў лідараў замежных дзяржаў і міжнародных арганізацый. У прыватнасці, сярод запрошаных гасцей былі кіраўнікі Расіі, Чэхіі, Сербіі, Венесуэлы, КНДР, краін Цэнтральнай і Паўднёва-Усходняй Азіі.
Лідары дзяржаў на працягу паўгадзіны прыбывалі на плошчу Цяньаньмэнь. За варотамі павільёна "Дуаньмэнь" іх вітаў Старшыня КНР Сі Цзіньпін. Пасля калектыўнага фатаграфавання кіраўнікі дзяржаў, у ліку якіх быў і Аляксандр Лукашэнка, прайшлі на трыбуну, адкуль назіралі за маляўнічым дзействам, што разгортвалася на плошчы.