Рабочая паездка ў Брэсцкую вобласць
- 3
- 2:17
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 30 снежня ў рамках рабочай паездкі ў Брэсцкую вобласць прыняў удзел у цырымоніі пуску ў эксплуатацыю энергаблока № 3 Бярозаўскай ДРЭС.
Кіраўнік дзяржавы азнаёміўся з ходам рэканструкцыі Бярозаўскай ДРЭС, а таксама сацыяльна-эканамічным развіццём Бярозаўскага раёна і горада Белаазерска.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў: "Зроблена вялікая справа: Бярозаўская ДРЭС узнята "з руін", і цяпер трэба, каб мы атрымлівалі тут танную электраэнергію і не куплялі яе ў іншых краінах. Пакуль што мы купляем, паколькі гэта танней". Прэзідэнт растлумачыў, што "беларускія станцыі старыя, і таму вельмі затратныя". У сувязі з гэтым у 2000 годзе было прынята рашэнне аб мадэрнізацыі Бярозаўскай ДРЭС. У рамках гэтага праекта чакаецца мадэрнізаваць яшчэ два блокі.
Выступаючы перад работнікамі Бярозаўскай ДРЭС і жыхарамі Белаазерска, Кіраўнік дзяржавы адзначыў: "Мы прапрацуем гэты варыянт, і калі для нас гэта будзе выгадна, то, магчыма, ужо ў наступнай пяцігодцы мы пабудуем новую сучасную станцыю па ўзорах лепшых у свеце". Размова ідзе аб зусім новай станцыі, такой, першы блок якой пабудаваны беларусамі ў Калінінградзе.
"З Бярозы пачыналася некалі вялікая энергетыка Беларусі", - растлумачыў Аляксандр Лукашэнка выбар месца для магчымага будаўніцтва. Прэзідэнт адзначыў, што неабходна пралічыць розныя варыянты фінансавання праекта, у тым ліку з прыцягненнем замежных інвестыцый.
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што адкрыццё новых аб'ектаў напярэдадні Новага года ўжо стала добрай традыцыяй.
Прэзідэнт адзначыў значнасць гэтага моманту для жыхароў усёй краіны: "Мы ўсе хочам жыць у незалежнай, суверэннай Беларусі. Але для таго, каб наша краіна была незалежная і суверэнная, самае галоўнае - мець энергетычную незалежнасць. Самае цяжкае, што сёння прыгнятае нас - гэта залежнасць ад іншых дзяржаў у набыцці энергарэсурсаў. Беларусь купляе газ, нафту, вугаль і многія іншыя рэсурсы, без якіх ні адна цывілізаваная краіна жыць не можа. Таму столькі ўвагі мы ўдзяляем энергетычнай бяспецы нашай дзяржавы".