Рабочая паездка па рэгіёнах Беларусі

  • 7
  • 2

Галоўнай тэмай чарговага дня знаходжання Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі ў чарнобыльскіх рэгіёнах сталі асаблівасці вядзення сельскай гаспадаркі на меліяраваных землях і пытанні ўтрымання і аднаўлення меліярацыйных сістэм. Большую частку дня Кіраўнік дзяржавы правёў у Ельскім раёне Гомельшчыны, знаёмячыся з рэалізацыяй рэспубліканскай праграмы захавання і выкарыстання меліяраваных зямель у 2000-2005 гадах.

Комплексны падыход Прэзідэнта да праблем асушаных зямель не выпадковы: гэтыя пытанні вельмі актуальныя для Беларусі, а асабліва для Палесся. Шырокамаштабная меліярацыя зямель пачалася ў краіне ў канцы 60-х. На сённяшні дзень у рэспубліцы налічваецца амаль тры мільёны гектараў асушаных сельскагаспадарчых тэрыторый. З 1980 года тэмпы меліярацыйных работ знізіліся, таксама як і рэканструкцыі адпаведных сістэм. Гэта прывяло да пагаршэння іх тэхнічнага стану і негатыўна адбілася на прадукцыйнасці меліяраваных зямель.

Апошнія гады кіраўніцтва краіны пачало ўдзяляць больш увагі праблемам асушаных тэрыторый. Спецыялісты прапануюць новыя варыянты па выкарыстанню такіх зямель, пераважна пад шматгадовымі травамі. Пры правільным падыходзе можна акупіць усе ўкладзеныя раней сродкі і вырошчваць танныя кармы, што, у сваю чаргу, знізіць сабекошт сельскагаспадарчай прадукцыі.

Новыя падыходы да вядзення гаспадаркі на меліяраваных землях Кіраўнік дзяржавы абмеркаваў з практыкамі - работнікамі камунальнага сельскагаспадарчага прадпрыемства "Саўгас "Камуніст" і кіраўніцтвам Гомельшчыны, для якой гэта праблематыка з'яўляецца жыццёва важнай.

Пытанні  меліярацыі, паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, стануць адным з важных напрамкаў праграмы адраджэння вёскі, якая распрацоўваецца.

З просьбай аб дапамозе ў рэканструкцыі 140 тысяч  гектараў асушаных  тэрыторый да Прэзідэнта звярнуліся спецыялісты Гомельскай вобласці. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што дзяржава дапаможа гаспадаркам у вырашэнні сур'ёзных праблем па адраджэнні меліяраваных зямель.  Аднак і кіраўніцтва Гомельшчыны, і самі сельгаспрадпрыемствы павінны самастойна вырашыць палову гэтых пытанняў. Паводле ацэнак спецыялістаў, рэканструкцыя толькі 50-60 тысяч гектараў такіх тэрыторый будзе каштаваць прыкладна 600 мільярдаў рублёў. 

Прэзідэнт не выключыў магчымасці дэцэнтралізацыі сістэмы, якая курыруе аднаўленне меліяраваных зямель і нагляд за імі. "Няхай у вобласці самі гэтым займаюцца. Мы ім толькі перашкаджаем",- адзначыў ён.

Штодзённа ў рамках сваёй шматдзённай паездкі па чарнобыльскіх рэгіёнах Кіраўнік дзяржавы асабіста знаёміцца з пасяўной кампаніяй, якая, паводле яго ацэнкі, праходзіць нядрэнна. Паводле слоў Прэзідэнта, у гэтым годзе не праводзілася традыцыйная  селектарная нарада, тым не менш "сеюць не горш, чым тады, калі я ўмешваўся". Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што настаў час частку клопатаў у аграпрамысловым комплексе перакласці на плечы губернатараў. Кожнаму старшыні аблвыканкама будуць пастаўлены  канкрэтныя задачы па вядзенні сельскай гаспадаркі ў рэгіёне. А на ўзроўні Кіраўніка дзяржавы будуць вырашацца стратэгічныя пытанні, сярод якіх і праграма па адраджэнні вёскі.

У рэалізацыі задач, якія стаяць перад АПК, немалаважную ролю адыгрывае і аснашчанасць сельгаспрадпрыемстваў тэхнікай. У рамках паездкі ў Ельскі раён гэтыя пытанні таксама знаходзіліся ў цэнтры ўвагі Прэзідэнта. Кіраўнік дзяржавы паставіў задачу ў гэтым годзе абнавіць машынны парк сельгасарганізацый на тысячу камбайнаў. Разам з тым Аляксандр Лукашэнка адзначыў неабходнасць у бліжэйшы час значна павысіць якасць і канкурэнтаздольнасць айчынных сельгасмашын. "Мы будзем падтрымліваць беларускіх вытворцаў аграрнай тэхнікі. Але больш я "націскаць" на гаспадаркі не буду. Дагаворвацца пакупнік з прадаўцом будуць без майго ўдзелу. Калі вырабіце добры камбайн, то зможаце без цяжкасцей рэалізаваць яго", - сказаў Прэзідэнт.

У саўгасе "Камуніст" Аляксандр Лукашэнка агледзеў выстаўку сельскагаспадарчых машын, прызначаных для дрэнажных работ і апрацоўкі меліяраваных зямель. 

З сельгаспрадпрыемства Прэзідэнт накіраваўся ў вёску Зашыр'е, дзе каля будынка культурна-спартыўнага цэнтра яго чакалі мясцовыя жыхары. Кіраўнік дзяржавы ўважліва і падрабязна цікавіўся ўсімі праблемамі вяскоўцаў. Жыхары выказалі свае скаргі на работу мясцовых устаноў аховы здароўя, транспарту. Непакоіліся і аб газіфікацыі раёна, вырашэнні пытанняў працаўладкавання, збыту вырашчанай на асабістых падворках прадукцыі.

У ходзе сустрэчы размова зайшла і аб парадку, адказнасці і дысцыпліне - залогу стабільнай і эфектыўнай работы прадпрыемстваў і працвітання вёсак, гарадоў. Такі курс будзе ў краіне працягвацца і ў далейшым, падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Ён таксама паставіў перад кіраўніцтвам раёна задачу ствараць новыя рабочыя месцы і больш прывабныя ўмовы для маладых спецыялістаў.

У размове ўдзельнічалі і самыя юныя грамадзяне, якія з задавальненнем дзяліліся з Прэзідэнтам сваімі школьнымі поспехамі. Нефармальны характар сустрэчы пацвердзіла і маляўнічае выступленне калектыву дзіцячага ўзорнага ансамбля "Сонейка". Маладыя таленты асабіста выказалі падзяку Кіраўніку дзяржавы: у 2001 годзе з фонду Прэзідэнта па падтрымцы таленавітай моладзі былі выдзелены сродкі на закупку сцэнічных касцюмаў для "Сонейка".

На памяць аб наведванні Зашыр'я дзеці паднеслі Прэзідэнту ў падарунак умела выразаную з дрэва шкатулку.

22 красавіка Кіраўнік дзяржавы зрабіў таксама паездку ў Лельчыцкі раён.

Першы дзень знаходжання на Гомельшчыне, 21 красавіка, Аляксандр Лукашэнка поўнасцю прысвяціў пытанням укаранення ў Беларусі высокарэнтабельных экспартаарыентаваных сельскагаспадарчых культур. Таксама Прэзідэнт займаўся вырашэннем актуальных эканамічных і сацыяльных праблем жыхароў Петрыкаўскага раёна.