Рабочая паездка ў Мінскую вобласць

  • 4

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка патрабуе ад аграпрамысловага комплексу эфектыўнай і арганізаванай работы ў гэтым годзе ў якасці арыенціра на будучыню. Такую задачу ён паставіў 27 мая ў час рабочай паездкі ў Мінскую вобласць.

У цэнтры ўвагі Кіраўніка дзяржавы знаходзіліся праблемы кормавытворчасці і павышэння эфектыўнасці жывёлагадоўлі.

Прэзідэнт наведаў РУП "Шыпяны-АСК" РУП "НПЦ НАН Беларусі па земляробстве" ў Смалявіцкім раёне, на прыкладзе якога азнаёміўся з тым, як вядзецца нарыхтоўка травяных кармоў.

Кормавытворчасць з'яўляецца важным складальнікам для эфектыўнай жывёлагадоўлі, таму гэтай праблеме ўдзяляецца вялікая ўвага.

Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў выканання жалезнай дысцыпліны пры нарыхтоўцы кармоў.

"Мы ўсе ведаем, як трэба рабіць, але з-за расхлябанасці часам страчваем вялікія грошы!" - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы. Паводле яго слоў, сельская гаспадарка ў мінулым годзе недаатрымала амаль Br7 трлн толькі ад работы малочнай галіны. "А лічы - усе Br20 трлн! Гэта тыя грошы, якія сёння патрэбны сельскай гаспадарцы. І хадзіць не трэба ні ў кога прасіць", - сказаў Прэзідэнт.

 Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што неабходна максімальна выкарыстаць спрыяльныя ўмовы надвор'я для эфектыўнага правядзення корманарыхтоўкі. "Такіх умоў надвор'я, як гэтай вясной, у нас не было наогул. З зімоўкі азімыя выйшлі 100 працэнтаў у вельмі добрым стане, быў час пасеяць яравыя культуры, - адзначыў Прэзідэнт. - Вясна - лепш не прыдумаеш. Парніковы эфект. Развіццё ідзе цудоўнае". Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што галоўнае пытанне цяпер - гэта хімічная праполка. "Такая вільгаць садзейнічае хуткаму прарастанню пустазелля і хваробам. Таму трэба ахаваць расліны. Вось гэта жалезабетонна трэба зрабіць! Калі не зробім, мы страцім ураджай, мы ў траве пакінем увесь хлеб", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

"Усіх перавесці на ваеннае становішча да ўборкі, асабліва хлябоў! Страцім - не возьмем. Тое ж датычыцца і нарыхтоўкі кармоў, - падкрэсліў Прэзідэнт. Усе павінны быць мабілізаваны на нарыхтоўку кармоў! Хопіць потым хадзіць і гаварыць, што ў нас каровы кульгаюць, страўнік у іх не такі, сэрца баліць... Чаму? Таму што мы структуру кармоў парушылі, не нарыхтоўваем кармы так, як трэба для жывёлы. Кормім сіласам - гэтай кіслатой. Напэўна, нашы продкі былі не дурні, калі нарыхтоўвалі даволі вялікую колькасць сена, каб накарміць карову і цяля паставіць на ногі".

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што ў Мінсельгасхарчы распрацавана структура вытворчасці травяных кармоў, якой неабходна строга прытрымлівацца. "У гэтым годзе - пераходны перыяд, блізкі да таго, што вы спланавалі. А ў будучым годзе - жалезабетонна мы павінны дзейнічаць па зададзенай структуры кармоў. І хопіць практыкавацца! За гэта ў крымінальным парадку будуць несці адказнасць ад кіраўнікоў, спецыялістаў да прэм'ер-міністра", - сказаў Прэзідэнт.

"Калі гэтага не будзе, ніякага руху ў сельскай гаспадарцы насустрач быць не можа. Вы проста самі сабе ўведзяце дыктат у вёсцы. Мы не можам больш, укладваючы вялікія грошы, дараваць безгаспадарчасць", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

У сувязі з гэтым Кіраўнік дзяржавы чарговы раз звярнуў увагу на тое, што павінна быць забяспечана ахова раслін і праведзена неабходная падрыхтоўка да ўборкі хлябоў. Паводле яго слоў, у стане поўнай гатоўнасці павінна быць і тэхніка. Прэзідэнт закрануў таксама сітуацыю з рапсам, даручыўшы сабраць яго максімальна.

"Нічога новага, але жалезная дысцыпліна", - падвёў вынік Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка пабываў на кармавым полі гаспадаркі, азнаёміўся з сучаснымі тэхналогіямі і комплексамі машын беларускай вытворчасці для кормавытворчасці, іх параўнальнай эканамічнай эфектыўнасцю.

Прэзідэнт падрабязна цікавіўся структурай кармоў, а таксама прычынамі правалу ў мясной і малочнай жывёлагадоўлі.

Закранаючы тэму нарыхтоўкі кармоў, міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Леанід Заяц адзначыў, што ёсць праблемы з яго якасцю. Гэта адбіваецца на вытворчасці прадукцыі жывёлагадоўлі. Паводле яго слоў, ёсць страты ў аб'ёмах у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года за чатыры месяцы. Так, ёсць недабор амаль 28,6 тыс. т па малацэ і амаль 30 тыс. т па мясе. Як адзначыў міністр, на існуючай базе кармоў, з такой якасцю атрымаць вялікую аддачу немагчыма. Што датычыцца сітуацыі ў малочнай галіне, то тут найгоршае становішча ў Віцебскай вобласці. У той жа час міністр абяцае, што да канца года сітуацыя ў краіне выправіцца.

"Губернатару Віцебскай вобласці кажуць, што трэба развіваць малочнае пагалоўе, а ён усё роўна гне сваё! - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Значыць - адкажуць усе! Хопіць угаворваць адзін аднаго. А то сяляне дрэнныя, грошы ў банкі не даюць, таго не хапае... Мазгоў не хапае і адказнасці - вось і ўсё!".

Прэзідэнт запатрабаваў ад урада вырашыць праблему з няхваткай свініны. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што да зімовага перыяду ўсе свінакомплексы павінны быць напоўнены для таго, каб вырашыць праблему з гэтым мясам.

"Што за праблема? Гэта ж не быка выгадаваць, што яму трэба 18 месяцаў! Гэта на працягу года можна аднавіць пагалоўе. І мы аб гэтым дагаварыліся. Вы ж бачыце, што людзі патрабуюць: дай свініны, дзяцей карміць сёння няма чым", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся ў віцэ-прэм'ера Міхаіла Русага і міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Леаніда Зайца, як вырашаецца гэта праблема пасля мерапрыемстваў па ліквідацыі афрыканскай чумы свіней. Міхаіл Русы далажыў, што сёння ёсць 330 тыс. свінаматак, і ставіцца задача да 1 студзеня вырашыць усе пытанні. Аднак Прэзідэнт застаўся незадаволены тым, якімі тэмпамі запаўняюцца свінакомплексы. "Вы не гатовы! Вы мне казкі не расказвайце! - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Таму што вы не ходзіце на рынкі і не бачыце, як сёння ў цане вырасла свініна. І, павыразаўшы свіней, вы не падумалі аб тым, каб правесці дэзынфекцыю, адрамантаваць памяшканні і размясціць там жывёлу".

"Таму пагалоўе павінна быць адноўлена, - падкрэсліў Прэзідэнт. - І мы павінны не толькі аднавіць, а і перасягнуць былы ўзровень сельскай гаспадаркі. Вось і ўвесь наш ВУП".

Тут жа Аляксандр Лукашэнка правёў нараду па праблемах кормавытворчасці і павышэння эфектыўнасці жывёлагадоўлі.

Прэзідэнт акцэнтаваў увагу на тым, што на нарадзе трэба будзе дэталёва разгледзець праблемы ў кормавытворчасці. Паводле яго слоў, як сведчаць матэрыялы, прадстаўленыя міжведамаснай рабочай групай на чале з прэм'ер-міністрам, менавіта недасканаласць кормавытворчасці з'яўляецца галоўнай прычынай невысокай эфектыўнасці ўсёй жывёлагадоўлі. "Дрэнныя кармы - няма мяса, малака ў тым аб'ёме, які неабходны", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Ён адзначыў, што рашэнне правесці нараду ў палявых умовах выклікана як аператыўнай абстаноўкай пачатку корманарыхтовак, так і агульнай сітуацыяй у развіцці жывёлагадоўлі. Прэзідэнт асабліва падкрэсліў значнасць гэтай галіны для беларускай эканомікі. Так, на долю жывёлагадоўчай прадукцыі прыпадае больш як 75 працэнтаў выручкі сельскагаспадарчых арганізацый і амаль 66 працэнтаў (у 2013 годзе амаль $4 млрд) аграрнага экспарту. Пры гэтым у структуры кошту прадукцыі жывёлагадоўлі доля кармоў складае больш за 57 працэнтаў.

"Цяпер задача ў тым, каб, забяспечыўшы нашу жывёлагадоўлю якаснымі, збалансаванымі па групах жывёл і недарагімі кармамі, атрымаць больш істотны эканамічны эфект. А гэта грошы, якія вельмі патрэбны нашай вёсцы, і грошы немалыя. Паводле ацэнкі Мінсельгасхарча, калі б у 2013 годзе мы расходавалі кармы з іх нарматыўнай аддачай, то змаглі б атрымаць больш за 2 млн т малака, або дадаткова атрымаць звыш Br6 трлн. Пры экспарце прадуктаў з гэтага малака мы маглі б выручыць яшчэ $1,5 млрд. Вось нашы страты", - адзначыў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка выказаў незадаволенасць негатыўнай тэндэнцыяй, што намецілася ў малочнай галіне, якая з'яўляецца базавай па даходнасці для большасці гаспадарак краіны. Прэзідэнт канстатаваў, што за мінулыя тры гады ніводнай вобласцю не выкананы заданні Рэспубліканскай праграмы развіцця малочнай галіны. Так, у бягучым годзе ўдой малака ад каровы зменшыўся больш як на 60 кг у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года.

"Мяне непакоіць і тое, што новая інфраструктура галіны (комплексы і фермы), на стварэнне якой затрачаны трыльёны фінансавых рэсурсаў, выкарыстоўваюцца неэфектыўна. І гаварыць пры гэтым аб акупнасці сэнсу няма", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

"Нягледзячы на мае даручэнні, прымаемыя ўрадам, Мінсельгасхарчам сумесна з Нацыянальнай акадэміяй навук меры пакуль не даюць патрэбных вынікаў", - адзначыў Прэзідэнт.

У той жа час ён канстатаваў, што пытанням кормавытворчасці ўдзяляецца недастаткова ўвагі як на рэспубліканскім, так і на рэгіянальным узроўні. "На жаль, з-за няўзгодненасці дзеянняў, розных, часам узаемавыключальных, пазіцый губернатараў, спецыялістаў Мінсельгасхарча і вучоных цярпела і церпіць справа. Таму сёння гэта адназначнае рашэнне: Мінсельгасхарч як штаб распрацаваў канкрэтнае заданне для кожнай вобласці, раёна і гаспадаркі. Гэта жалезна павінна быць выканана!" - сказаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што работы па нарыхтоўцы кармоў у бягучым годзе толькі пачаліся. "Травастоі вельмі добрыя. Спрыяльнае надвор'е і рэгулярныя дажджы забяспечваюць іх інтэнсіўны рост і развіццё. Фазы вегетацыі праходзяць хутка, што патрабуе паскораных тэмпаў выканання ўборачных работ, інакш страцім аптымальныя тэрміны і якасць кармоў. Мы дамовіліся: 20 дзён - гэта той тэрмін, за які павінны ўбраць пераважныя аб'ёмы кармоў, павінны нарыхтаваць да 90 працэнтаў за гэтыя 20 дзён. Прашу гэта прыняць як мой непасрэдны ўказ усім вам", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

"Мы павінны прывучыць і сялян працаваць вельмі эфектыўна, адказна і арганізавана ў гэтым годзе, каб ён стаў асноўным паказчыкам, крытэрыем, на які мы павінны арыентавацца ў будучыя гады. Калі мы адзін год настроімся і настроім усю сельскую гаспадарку працаваць у такім ключы, то гэта ўжо гарантыя, што і наступныя гады мы дакладна гэтак жа будзем працаваць", - лічыць Аляксандр Лукашэнка.

"Я вас сюды сабраў не для таго, каб угаворваць. Усё - ніякіх угавораў быць не можа! Я папярэдзіў кіраўніка ўрада, кіраўнікоў сельскагаспадарчай галіны, ведаюць аб гэтым губернатары. Мабілізоўвайце людзей, усе сілавыя структуры ў гэтым плане пераходзяць губернатарам у непасрэднае падпарадкаванне. Хопіць ужо балбатнёй займацца!" - падкрэсліў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка лічыць, што сельскай гаспадарцы пара паказваць рэзультатыўнасць. "Трэба даваць рэзультат. Гэта датычыцца не толькі грамадскага сектара, але і прыватнага. Уся ўлада ў вашых руках - дзейнічайце. Спасылкі на тое, што хтосьці там наверсе не спрацаваў, не прымаюцца!" - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Леанід Заяц на нарадзе далажыў аб праблемных пытаннях эканомікі кормавытворчасці і павышэнні эфектыўнасці жывёлагадоўлі.

Паводле яго слоў, заданні праграмы па вытворчасці малака ў поўнай меры не выканала ніводная вобласць. Недабор малака толькі за 2013 год склаў 2 млн т, а ўпушчаная выгада сельгасарганізацый - звыш Br6 трлн.

Адну з галоўных прычын існуючай сітуацыі Леанід Заяц бачыць у недасканаласці сістэмы кормавытворчасці, вельмі нізкім узроўні выкарыстання патэнцыялу травяных кармоў. "Недасканаласць кармавой базы праяўляецца як у нізкай якасці нарыхтаваных кармоў, так і ў самой іх структуры. Каля 20 працэнтаў кармоў, якія штогод нарыхтоўваюцца, адносіцца да някласных і толькі 25 працэнтаў - да першага класа. Недабор кармавых адзінак з-за нізкай якасці кармоў складае больш за 1,5 млн т. Акрамя таго, гэтыя кармы характарызуюцца нізкай энергетычнай пажыўнасцю", - канстатаваў ён.

Міністр пералічыў шэраг прычын нізкай якасці кармоў. Сярод іх - парушэнне тэрмінаў скошвання траў, неадпаведнасць структуры нарыхтаваных травяных кармоў заатэхнічным патрабаванням. Леанід Заяц далажыў аб мерах па ўстараненні існуючых недахопаў, а таксама адмовы ад імпарту па асобных пазіцыях.

Не менш важную ролю пытанне балансавання кармавых рацыёнаў адыгрывае таксама ў свінагадоўлі і птушкагадоўлі.

Мінсельгасхарч у мэтах кардынальнага вырашэння праблемы кормавытворчасці лічыць неабходным забяспечыць уборку травастою ў біялагічна аптымальныя тэрміны, завяршыць касьбу траў не пазней за 10 чэрвеня бягучага года, забяспечыць штодзённую ўборку на плошчы не менш як 8 працэнтаў, належны кантроль над ходам і якасцю нарыхтоўкі кармоў, вырашыць пытанні па іх захоўванні. Асобна Леанід Заяц падкрэсліў важнасць правядзення заатэхнічнага аналізу нарыхтаваных кармоў для наступнага выкарыстання атрыманых вынікаў пры складанні кармавых рацыёнаў, удасканаленні структуры пасеваў кармавых культур.

Старшыня Камітэта дзяржаўнага кантролю Аляксандр Якабсон таксама канстатаваў, што галоўнай прычынай нізкіх паказчыкаў у жывёлагадоўчай галіне з'яўляецца недасканаласць кармавой базы. Гэта абумоўлена як нізкай якасцю нарыхтаваных кармоў, так і структурай рацыёну. Праведзеныя даследаванні якасці паказалі, што каля 40 працэнтаў нарыхтаванага сенажу і палавіна сіласу не прыдатны для выкормлівання. Такая сітуацыя характэрна для ўсіх рэгіёнаў краіны. Недакорм і выкарыстанне няякасных кармоў стварылі праблему ўзнаўлення дойнага статка і негатыўна ўплываюць на аб'ём вытворчасці жывёлагадоўчай прадукцыі.

Паводле слоў Аляксандра Якабсона, аблвыканкамамі не выконваюцца даручэнні Кіраўніка дзяржавы па фарміраванні аптымальнай структуры кармавых угоддзяў, і ў бягучым годзе сітуацыя паўтараецца. Не ў поўнай меры выкарыстоўваецца патэнцыял павышэння прадукцыйнасці сенакосаў і паш за кошт выкарыстання мінеральных угнаенняў. Ёсць значныя праблемы і ў пытаннях захоўвання нарыхтаваных кармоў, гатоўнасці тэхнікі.

Гендырэктар Навукова-практычнага цэнтра НАН Беларусі па земляробстве Фёдар Прывалаў расказаў аб забеспячэнні жывёлагадоўлі раслінным бялком уласнай вытворчасці на прыкладзе РУП "Шыпяны-АСК" і ўнёс прапановы па ўдасканаленні гэтай работы на рэспубліканскім узроўні.

Шырокая дыскусія на нарадзе ўзнікла паміж прадстаўнікамі губернатарскага корпуса, вучонымі і кіраўніцтвам сельгасгаліны вакол пытанняў структуры пасеваў кармавых культур і вырошчвання канкрэтных відаў траў у розных рэгіёнах. У тым ліку гучалі папрокі ў недахопе насення, прыводзіліся доказы аб розным саставе і ўрадлівасці глеб.

Разам з гэтым Леанід Заяц адзначыў, што немалое значэнне мае яшчэ і кадравае пытанне, належная арганізацыя работы. У якасці прыкладу ён прывёў перадавыя гаспадаркі: "Простая ісціна ў тым, што сабралася каманда, зрабілі кармавую базу, адпрацавалі элементы тэхналогіі. А ферма, даільная зала нічым не адрозніваюцца ад іншых такіх жа".

"У будучым годзе мы павінны выйсці па ўсіх абласцях на нармальную структуру пасяўных плошчаў, у тым ліку і кармавых культур. Садзіцеся, ламайце галаву, спрачайцеся. Дастаткова ўжо фактычнага матэрыялу для таго, каб зрабіць вывады. Для таго каб вырашыць праблему, дастаткова свабодных плошчаў", - падвёў вынік дыскусіі Кіраўнік дзяржавы.

Гаворачы аб якасці кармоў, прэм'ер-міністр Міхаіл Мясніковіч адзначыў, што ў рэгіёнах ёсць спецыяльныя лабараторыі. "Трэба, каб гэтыя лабараторыі ўсе працавалі, каб быў лабараторны кантроль якасці, а не на вока", - сказаў ён.

Прэзідэнт пацікавіўся ў кіраўніка Мінсельгасхарча, што ў цэлым больш за ўсё насцярожвае ў працэсе корманарыхтоўкі. Леанід Заяц падкрэсліў, што, як бы ні было цяжка, неабходна да 5-7 чэрвеня абавязкова завяршыць першы ўкос. "Трэба ўстаць усім, вырашыць праблему паліва, пагаварыць з механізатарамі, забараніць водпускі, камандзіроўкі, максімальны час выкарыстоўваць тэхніку", - сказаў міністр.

Асабліва Леанід Заяц адзначыў нізкія тэмпы ўборкі кармавых культур у Віцебскай вобласці, дзе, паводле даных Мінсельгасхарча, убрана ўсяго каля 2 працэнтаў. "Дык калі вы ўбіраць будзеце?" - адрасаваў пытанне Аляксандр Лукашэнка губернатару Віцебскай вобласці Аляксандру Косінцу.

"Мы пачалі ўборку. Ёсць травы ранняспелыя, сярэдняспелыя, познаспелыя. Ранняспелых у нас 48 тыс. га. Мы да 1 чэрвеня іх убіраем. Сярэдняспелыя травы - да 7 чэрвеня. Познаспелыя травы мы ўбіраем да 15 чэрвеня", - далажыў губернатар.

"Калі ён да 15 чэрвеня ў Віцебскай вобласці не ўбярэ травы, значыць, гэта яго апошнія дні, - падкрэсліў Прэзідэнт. - Не будзе зроблена - праект указа на стол. За словы трэба адказваць".

"Адказваць трэба за ўсё, і перш за ўсё за кадры", - дадаў Кіраўнік дзяржавы.

Адносна кадравага пытання выказаўся таксама прэм'ер-міністр. "Кадры ў Віцебскай вобласці, я маю на ўвазе старшынь райвыканкамаў і кіраўнікоў гаспадарак, пачынаюць рабіцца нахабнымі, правы качаць. Некаторае ўтрыманства праглядаецца ў кадраў у Магілёўскай вобласці. Лічу, што крыху пасіўна сябе паводзяць кадры ў Гомельскай і Брэсцкай абласцях", - сказаў Міхаіл Мясніковіч.

"Яшчэ раз падкрэсліваю: у вас пераходны перыяд - гэты год. З наступнага года дырэктыўна вы павінны давесці кожнаму заданне. Не намнога адрозніваецца Брэсцкая вобласць ад Гомельскай, а розніца вялікая. Тае ж самае Віцебская вобласць ад Мінскай не намнога адрозніваецца, - падкрэсліў Прэзідэнт. - Проста трэба вырошчваць і апрацоўваць тое, што там расце, і карміць тых жывёл, якіх трэба там карміць. Усё, чаго не хапае, паставім з рэспублікі. Адзін больш малака вырабіць, аддасць у рэспубліканскі фонд, а мы яму мяса перакінем. А не тое што ўдзельнымі князькамі сталі: "Мне трэба карміць народ". Ды вы вырабіце тое, што трэба па заданні, а народ накормяць каму трэба. Больш на гэту тэму ніхто размаўляць не будзе".

Аляксандр Лукашэнка таксама жорстка папярэдзіў аб недапушчальнасці далейшага зацягвання тэрмінаў па ўводзе малочнатаварных комплексаў і рэканструкцыі ферм.

Падводзячы вынік нарады, Кіраўнік дзяржавы яшчэ раз адзначыў, што рэзерваў для ўдасканалення структуры пасеваў кармавых культур у рэгіёнах дастаткова, але неабходна прыкладаць намаганні і шукаць шляхі рэалізацыі пастаўленых задач. "Няўжо ваяваць, як ва Украіне, лепш, чым жыць спакойна. Няўжо вы гэтага не разумееце? - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Яны ж цяпер там развернуць гэта ўсё, і гэтая ж зараза палезе да нас. Калі вы гэтага не ведаеце, дык я гэта ведаю".

Прэзідэнт у сувязі з гэтым адзначыў, што многія госці праведзенага ў Мінску чэмпіянату свету па хакеі былі здзіўлены парадкам у краіне і тым, што Беларусь выглядае вельмі па-еўрапейску. "У вас, кажуць, палі пасеяны... Расіяне, суседзі, з Урала прыязджаюць - вочы на лоб: "Мы ехалі ў вёску, а тут Еўропа", - расказаў Аляксандр Лукашэнка. "Вось гэта галоўнае. Гэта з'ядноўвае народ. Таму трэба напружвацца", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт адзначыў, што цяпер прапануецца адпусціць закупачныя цэны на малако і мяса, каб перапрацоўчыя прадпрыемствы маглі ў краіне закупляць гэту прадукцыю ў любым месцы. "Хутчэй за ўсё, мы на гэта пойдзем. І тады ўжо Дворнік з Косінцам і асабліва Шапіра не скажуць: не, мяса я туды не павязу, таму што мне тут падаткаў не будзе", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.

"Таму заканчвайце з гэтай удзельшчынай. Канкурэнцыя - гэта святое", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.

"Я больш не хачу да гэтых пытанняў вяртацца. Таму давайце дамовімся: кожны адказвае за свой участак. Мы тут на самым высокім узроўні сабраліся, каб актуалізаваць праблему. Але не больш", - папярэдзіў Кіраўнік дзяржавы.

"Мы вельмі акуратна і спакойна выкрышталізавалі тыя сістэмы, якія павінны працаваць у тым ліку і на корманарыхтоўках, - адзначыў Прэзідэнт. - І самае галоўнае - дысцыпліна і арганізацыя. Уся тэхніка павінна быць у полі".

"Не кідайце кармы ў дрэнныя сховішчы. Самым жорсткім чынам у гэтым годзе праверым. Мы ж губім паліва, тэхніку, зарплату людзям плацім. Мы ўсё закопваем у зямлю. Гэтага быць не павінна. Таму мабілізоўвайцеся. Вось адзіны вывад", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

Асобнае даручэнне Аляксандр Лукашэнка даў у частцы забеспячэння попыту на свініну: "Мы дамовіліся па гэтых дзевяці комплексах. Гэта палітычная праблема. Мала таго што цэны выраслі - свініну не знайсці. Таму, Міхаіл Іванавіч (віцэ-прэм'ер Міхаіл Русы), ваша задача - вырашыць пытанне свініны, пакуль мы не запоўнім гэтыя комплексы".

"Свініны ў свеце хапае, і ў нас гэту праблему трэба зняць. Прытым не за наш кошт. Ёсць людзі, якія прывязуць, перапрацуюць і па той цане, па якой мы ўкажам, выгадна прададуць тут. Таму вырашайце гэта пытанне. Але да зімова-стойлавага перыяду дзевяць комплексаў і тыя фермы на 3-4 тыс. галоў, якія вы цяпер рамантуеце, трэба запоўніць жывёлай. Мы павінны атрымаць свініну ў поўным аб'ёме не пазней, чым першы квартал будучага года", - запатрабаваў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка таксама даручыў ураду звярнуць пільную ўвагу на кантроль за якасцю вырабляемай сельгастэхнікі.

"Я стаўлю жорстка пытанне таму, што на стале дэкрэт, аб якім я гаварыў раней. Учора мне яго паклалі на стол наконт, скажам прама, "прыгоннага права". Мы замыкаем на губернатараў усё. Ты не звольнішся і не пяройдзеш (помніце, я гаварыў у Пасланні), - заявіў Прэзідэнт. - Дык пачынайце ж вы варушыцца, каб народ не сказаў: што вы нас заціскаеце, а самі незразумела як працуеце. Таму ўсе паўнамоцтвы ў бліжэйшы тыдзень пяройдуць у рукі органаў улады і "так-сяк" ужо не будзе".