Рабочая паездка ў Магілёўскую вобласць

  • 6

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка даручыў максімальна рэалізаваць сельгасарганізацыям складскія запасы тэхнікі на прамысловых прадпрыемствах. Аб гэтым Кіраўнік дзяржавы заявіў 24 мая, наведваючы з рабочай паездкай Клічаўскі раён Магілёўскай вобласці.

"Цяпер ёсць магчымасць купіць тэхніку. Учора я Прэм'ер-міністру паставіў задачу: неадкладна тэхніку, якая сёння не будзе рэалізавана на экспарт і знаходзіцца на складах, накіраваць у гаспадаркі. Гэта не бясплатна. Можа, у растэрміноўку. Калі хтосьці адразу будзе купляць, мы яму зробім добрую скідку да 25%, а можа, і 30%. Губернатары вырашаць, колькі і якая тэхніка ім неабходна", - сказаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што недапушчальна трымаць тэхніку на складах, калі вядуцца палявыя работы. "Таму трэба яе неадкладна адправіць у гаспадаркі - МАЗы, трактары МТЗ, тэхніку "Гомсельмаша", "Бабруйскаграмаша" - і падумаць аб узаемаразліках. Самае галоўнае цяпер - аддаць гаспадаркам тэхніку, каб яны яе ўключылі ў абарот", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

Асобнае даручэнне Аляксандр Лукашэнка даў па пытанню забеспячэння аграрыяў азотнымі ўгнаеннямі. "Увесь азот шукайце ў краіне, спыняйце ўсялякі экспарт, але я катэгарычна супраць таго, каб траціць валюту на закупкі азоту за межамі краіны", - заявіў ён.

Пры гэтым Прэзідэнт запатрабаваў, каб усе вобласці рэспублікі ў роўнай ступені забяспечваліся прадукцыяй прадпрыемства "Гродна Азот". "Асобныя губернатары скардзіліся на тое, што "Гродна Азот" спачатку забяспечвае Гродзенскую вобласць з лішкам, а потым астатніх. Я даручыў разабрацца. Калі гэта так - мала не здасца. У нас усе вобласці роўныя", - папярэдзіў Аляксандр Лукашэнка. У сувязі з гэтым старшыня Магілёўскага аблвыканкама Пётр Руднік далажыў Прэзідэнту, што ўсе сельгасарганізацыі рэгіёна забяспечаны азотнымі ўгнаеннямі пад поўную патрэбнасць.

У Клічаўскім раёне Кіраўнік дзяржавы наведаў УКСП "Саўгас "Дабраволец", які спецыялізуецца на вырошчванні збожжа, бульбы, вытворчасці малака і мяса. Тут Прэзідэнту далажылі аб завяршальным этапе веснавых палявых работ у Магілёўскай вобласці і Беларусі ў цэлым. Цяпер у краіне практычна поўнасцю завершана сяўба яравых. Таксама засеяна большая частка плошчаў, адведзеных пад іншыя сельгаскультуры.

Аляксандру Лукашэнку прадэманстравалі сучасную сістэму дакладнага земляробства, якая выкарыстоўваецца ў гаспадарцы. Гэта сістэма дае магчымасць пры дапамозе спадарожніка і ІТ-тэхналогій аптымізаваць і выраўнаваць глебавую ўрадлівасць поля, жыўленне раслін дзякуючы дыферэнцыраванаму ўнясенню ўгнаенняў. Гэта дае магчымасць сэканоміць да 25% угнаенняў, да 44% павысіць эфектыўнасць іх выкарыстання, а ўраджайнасць збожжавых культур узрастае на 8-9%.

Акрамя таго, у бягучым годзе ў арганізацыі пачалося асваенне сістэмы спадарожнікавага маніторынгу сельскагаспадарчай тэхнікі, абсталяваннем якой ужо аснашчаны 25 адзінак. Сістэма дае магчымасць адсачыць работу аўтамабіля (трактара) на працягу ўсяго рабочага часу. Прэзідэнту прадэманстравалі сістэму ў дзеянні і далажылі, што яе выкарыстанне дае магчымасць аптымізаваць расходаванне і сэканоміць значныя матэрыяльныя рэсурсы.

У час наведвання малочнатаварнага комплексу "Дуброва", які належыць саўгасу, абмяркоўваліся перспектывы стварэння і развіцця малакаперапрацоўчых холдынгаў на прыкладзе работы магілёўскай малочнай кампаніі "Бабуліна крынка". Цяпер вытворчыя магутнасці гэтага холдынга па перапрацоўцы малака складаюць 1 млн.т за год. Яго сыравінная зона ўключае 17 з 21 раёна Магілёўскай вобласці, якія прадаюць 80% малака-сыравіны, што атрымліваюць у рэгіёне. Экспарт за 2012 год перавысіў $172 млн., пры гэтым экспартуецца амаль 70% вырабляемай прадпрыемствамі холдынга прадукцыі. Выручка на аднаго работніка холдынга склала $113 тыс.

Як далажыў Пётр Руднік, стварэнне такога буйнога холдынга дало магчымасць фарміраваць адзінавую цэнавую палітыку, і цяпер Магілёўская вобласць у частцы малочнай прадукцыі выступае на знешніх рынках пад адзіным брэндам "Бабуліна крынка", пастаўляючы тавар па максімальна выгадных цэнах. "Ён канкурыруе нараўне з буйнымі расійскімі і сусветнымі кампаніямі", - падкрэсліў губернатар.

Разам з тым Аляксандр Лукашэнка папярэдзіў, што ў пытаннях экспарту нельга дапускаць празмернай канкурэнцыі паміж аналагічнымі холдынгамі з іншых рэгіёнаў. "Канкурыруйце, але гэта канкурэнцыя не павінна прывесці да зніжэння цаны на знешніх рынках", - сказаў Прэзідэнт.

Генеральны дырэктар ААТ "Кіруючая кампанія холдынга "Бабуліна крынка" Ігар Кананчук адзначыў, што калі з 1 студзеня цана на малочную прадукцыю на ўнутраным рынку не ўзнімалася, то экспартныя цэны значна выраслі, і прадукцыя прадаецца толькі па перадаплаце. Ён таксама падкрэсліў станоўчы эфект для галіны ад работы ва ўмовах Мытнага саюза і Адзінай эканамічнай прасторы Беларусі, Расіі, Казахстана. "Гэты саюз вельмі дапамог, у прыватнасці, нам, малочнікам", - сказаў гендырэктар.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на некалькі прынцыповых пытанняў. Адно з іх - неабходнасць ва ўмовах жорсткай канкурэнцыі падтрымліваць нязменную якасць і рэпутацыю выпускаемай прадукцыі. Акрамя таго, трэба пастаянна ўдзяляць увагу развіццю сыравіннай базы.

У сувязі з гэтым Прэзідэнту далажылі аб эфектыўнасці работы малочнатаварных комплексаў, пабудаваных у адпаведнасці з Указам ад 13 чэрвеня 2008 года № 332. Размова ідзе аб 118 малочнатаварных фермах, кожная з якіх у сваім раёне павінна была стаць узорам таго, як эфектыўна весці гаспадарку ў гэтай сферы. Цяпер на іх утрымліваецца 86 тыс. кароў пры стапрацэнтным запаўненні пагалоўем. Рэнтабельнасць рэалізацыі малака з гэтых ферм даволі высокая, але разам з тым значна адрозніваецца. Так, за мінулы год больш як 30% яна складае на 58 фермах, ад 10 да 30% - на 54 і менш як 10% - на 6 фермах. Пры гэтым, напрыклад, у СВК "Прагрэс-Верцялішкі" Гродзенскага раёна на такой ферме рэнтабельнасць рэалізацыі малака атрымана на ўзроўні большым за 98%.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што калі нейкія з гэтых ферм працуюць дрэнна, то гэта вялікі мінус для адказных за такую сітуацыю. "Мы будавалі гэтыя 118 ферм для таго, каб навучыць іншых. Яны павінны быць флагманамі, маякамі, каб былі ўзорам для астатніх", - заўважыў Кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт растлумачыў, што наступны крок у гэтым напрамку - яго даручэнне па рэканструкцыі 1,2 тыс. ферм у краіне і пераўтварэнне іх у малочнатаварныя комплексы, каб у іх у канчатковым выніку былі такія ж паказчыкі эфектыўнасці, як у 118 ферм, пабудаваных у адпаведнасці з Указам. "І мы пераходзім ад раёна на ўзровень асобных гаспадарак, каб у кожнай з іх была адна такая вучэбная ферма", - сказаў беларускі лідар.

Паралельна ўзнікла пытанне забяспечанасці сучасных ферм кваліфікаванымі кадрамі. Паводле слоў чыноўнікаў, гэта таксама адна з прычын таго, што ў адрозненне ад мяснога напрамку жывёлагадоўчай галіны, якая развіваецца ўстойліва, у малочным - мае месца зніжэнне дасягнутага ўзроўню. На вырашэнне гэтай праблемы арыентаваны аграрныя навучальныя ўстановы краіны.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ў малочнай жывёлагадоўлі неабходна строга захоўваць тэхналагічныя працэсы, не забываючы пры гэтым, што камп'ютар не можа ўзяць на сябе абсалютна ўсе функцыі. "Галоўнае - гэта якасныя кармы, нармальны рацыён, своечасова накарміць і падаіць", - дадаў ён.

Прэзідэнт агледзеў малочнатаварны комплекс "Дуброва", азнаёміўся з сучаснымі тэхналагічнымі працэсамі вытворчасці малака. Потым Кіраўнік дзяржавы наведаў малочнатаварную ферму "Бацэвічы" КСВК "Калгас імя Леніна". Тут асноўная ўвага была ўдзелена падыходам да рэканструкцыі такіх ферм і, у прыватнасці, з выкарыстаннем драўляных канструкцый. Як далажылі Прэзідэнту, такі праект апраўданы як з пункту гледжання якасці, так і цаны пытання.

На заканчэнне Аляксандр Лукашэнка звярнуў асаблівую ўвагу на неабходнасць дабівацца высокай вытворчай культуры як у земляробстве, так і ў жывёлагадоўлі, што ў сваю чаргу звязана непасрэдна з якасцю, аб'ёмамі і канкурэнтаздольнасцю вырабляемай прадукцыі.