Рабочая паездка ў Магілёўскую вобласць

  • 16

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ўпэўнены ў добрых перспектывах развіцця айчынных прамысловых прадпрыемстваў. Аб гэтым ён заявіў 22 ліпеня ў час рабочай паездкі ў Магілёўскую вобласць.

Кіраўніку дзяржавы далажылі аб сацыяльна-эканамічным развіцці Магілёўскай вобласці і абласнога цэнтра. Аляксандр Лукашэнка падрабязна азнаёміўся са станам спраў у прамысловым сектары вобласці, асабіста наведаў шэраг прадпрыемстваў, заслухаў адпаведныя даклады, а таксама сустрэўся з калектывамі заводаў.

Рабочая паездка пачалася з наведвання прыватнага прадпрыемства "Тэхналіт". Тут размова ішла аб развіцці інавацыйных тэхналогій у ліцці, пытаннях экспарту і імпартазамяшчэння. "Тое, што створана добрая вытворчасць, - гэта факт. Але гэта зярнятка, якое добра ўзышло, прарасло. Сёння ўбяром, а заўтра трэба пасеяць, каб больш атрымаць. Павінен быць мультыплікатыўны эфект", - сказаў Прэзідэнт, гаворачы аб перспектывах развіцця прадпрыемства.


Затым Аляксандр Лукашэнка накіраваўся на плошчу Славы, дзе азнаёміўся з горадабудаўнічымі планамі абласнога цэнтра, работамі па яго добраўпарадкаванні. Паводле слоў Кіраўніка дзяржавы, горадабудаўнічы план Магілёва неабходна ўдасканаліць. "Я сёння спецыяльна ўязджаў у горад з боку Мінска. І дамы быццам бы ёсць прыгожыя... Але няма глянцу, добраўпарадкавання і зручнасці для людзей. Гармоніі ніякай", - адзначыў беларускі лідар. Калі ў астатніх абласных цэнтрах ужо наведзены належны парадак, то Магілёў пакуль адстае ў гэтым пытанні. "Галоўнае, каб у вас быў па-гаспадарску складзены план мадэрнізацыі горада. Трэба да канца года нарысаваць і начарціць, якім будзе горад, пачынаючы ад галоўных магістралей і ўезду", - сказаў Прэзідэнт.

Там жа аб развіцці адной з галоўных вытворчасцей у горадзе - ААТ "Магілёўхімвалакно" - Кіраўніку дзяржавы далажыў генеральны дырэктар прадпрыемства Пётр Руднік. Паводле яго слоў, рэалізуюцца планы па мадэрнізацыі і закупцы новага абсталявання. Гэта дасць магчымасць выпускаць новыя віды валокнаў, запатрабаваныя на еўрапейскім рынку. У цэлым прадпрыемства не стаіць на месцы, яго вытворчыя магутнасці загружаны на 100 працэнтаў, а складскія запасы невялікія. Звыш палавіны прадукцыі экспартуецца ў Расію і краіны Еўрасаюза.

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што ў ААТ "Магілёўхімвалакно" ёсць шмат пустуючых будынкаў. У сувязі з гэтым даручана да лістапада прыняць рашэнне, што рабіць з незадзейнічанымі тэрыторыямі, і распрацаваць план па далейшым развіцці завода.

Наведваючы ААТ "Магілёўскі завод ліфтавага машынабудавання", Прэзідэнт заслухаў даклады аб развіцці прадпрыемства, выпуску новай прадукцыі і павышэнні яе канкурэнтаздольнасці, азнаёміўся з ходам тэхнічнага перааснашчэння завода.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што такія прадпрыемствы, як "Магілёўліфтмаш", неабходна актыўна развіваць. Аказваць падтрымку, паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, будуць таксама малому і сярэдняму бізнесу, у тым ліку за кошт кітайскіх крэдытных ліній.

У ААТ "Магілёўліфтмаш" Прэзідэнт сустрэўся з прадстаўнікамі працоўнага калектыву прадпрыемства і выказаў упэўненасць, што ў Беларусі будзе паспяхова пераадолены спад прамысловай вытворчасці. "Рух ёсць. Думаю, што пасля сённяшняй размовы павялічым тэмпы руху наперад. Мы павінны пераадолець той спад, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Сітуацыя была няпростая, але я бачу, што яна нават у Магілёўскай вобласці пачынае выпраўляцца".

"Галоўны мой клопат, каб людзі былі заняты, але з адной толькі ўмовай: калі яны хочуць працаваць. Для жадаючых працаваць я гатовы рабіць усё, каб яны знайшлі сваё рабочае месца. І такіх рабочых месц і ўмоў для іх стварэння сёння дастаткова", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт Беларусі ў час рабочай паездкі ў Магілёў таксама незапланавана наведаў два праблемныя прамысловыя прадпрыемствы: завод "Строммашына" і філіял ААТ "МАЗ" завод "Магілёўтрансмаш". На сустрэчу з Кіраўніком дзяржавы на абодвух прадпрыемствах запрасілі прадстаўнікоў працоўных калектываў, прафсаюзных работнікаў, каб у іх прысутнасці абмеркаваць перспектывы гэтых заводаў.

Прэзідэнт заявіў аб неабходнасці дакладнага бачання перспектыў развіцця гэтых прадпрыемстваў, каб іх не толькі захаваць, але і вывесці на прынцыпова новы ўзровень. "Закасвайце рукавы або, як вы там жартуеце ў інтэрнэце, "распранайся і працуй". Можаце распранацца, можаце не, але з заўтрашняга дня вы пападаеце пад мой строгі кантроль", - падкрэсліў беларускі лідар пры наведванні "Строммашыны".

Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў, каб да 1 студзеня стан прадпрыемства даваў магчымасць работнікам быць упэўненымі ў перспектыўнасці вытворчасці.

Як і на іншых прадпрыемствах, самае важнае, на што звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка, - неабходнасць забеспячэння высокай канкурэнтаздольнасці. - Трэба рабіць тое, што мы ўмеем, чапляцца за рынкі і рабіць якасна, зніжаючы сабекошт", - падкрэсліў ён.

Кіраўнік дзяржавы ў Магілёве таксама зрабіў шэраг важных заяў на невытворчую тэматыку. Работніца аднаго з прадпрыемстваў пацікавілася, ад чаго залежыць бяспека і спакой у беларускім грамадстве і што трэба рабіць для іх захавання.

"Нам патрэбны людзі. На гэтым беларускім кавалку зямлі павінна жыць як мінімум у два разы больш чалавек - 20 мільёнаў. Гэта таксама бяспека, абарона, моц краіны. У нас насельніцтва не хапае, - заявіў Прэзідэнт. - Другое, што нас павінна хваляваць у плане бяспекі, - гэта работа эканомікі і прадпрыемстваў. Павінна працаваць вёска, горад - прамысловасць, транспарт, сувязь, будаўніцтва і гэтак далей. Калі ў нас будуць заняты людзі, гэта таксама моц дзяржавы. Іншых праблем на сённяшні дзень у беларусаў няма".

"Што датычыцца бяспекі, вы можаце за гэта не перажываць. Але залішне мяне не крытыкуйце за жорсткую палітыку. Хоць я не пераціскаю, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Мы нікому не закрываем рот. Ніколі нічога не бойцеся, гаварыце аба мне, аб кім хочаце, але помніце, што "ваяваць" (як у Турцыі, супраць Прэзідэнта і ўлады) можна толькі на выбарах".

"Будуць парламенцкія выбары - ідзіце і галасуйце за тых, хто вам патрэбны, каго вы хочаце выбраць. Прыйдуць прэзідэнцкія выбары - галасуйце так, як вы хочаце. Я гавару гэта шчыра і буду гэта забяспечваць. Нікога нельга прымушаць там, дзе ён мае права свабодна гаварыць і выказвацца", - заявіў беларускі лідар.

Кіраўнік дзяржавы пры гэтым падкрэсліў, што калі нейкая група людзей паспрабуе выйсці на вуліцы і арганізаваць беспарадкі, то рэакцыя ўлады будзе імгненнай.

Аляксандр Лукашэнка пракаменціраваў і апошнія допінгавыя скандалы ў спорце. "Я катэгарычна падтрымліваю тых, хто змагаецца з гэтай заразай. Нам гэта і па-дзяржаўнаму выгадна. Калі такі працэс не кантраляваць, мы заўсёды будзем у хвасце, таму што багатыя і магутныя дзяржавы знойдуць, што падсунуць спартсменам. Нават тое, што сёння не забаронена", - заявіў Прэзідэнт.

Разам з тым Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што з'яўляецца прыхільнікам таго, каб пакаранне было персаніфікаваным. "Гэтыя падыходы - агулам пакараць, нехта недзе сказаў, фактаў на руках няма і пачынаюць даймаць, б'юць па тых, хто ў перспектыве можа атрымаць медалі на Алімпіядзе, - сведчаць аб тым, што спорт даўно стаў вялікай палітыкай, нават становіцца нейкім тэатрам ваенных дзеянняў. Гэта няправільна", - лічыць Кіраўнік дзяржавы.