Рабочая паездка ў Гродзенскую вобласць

  • 13

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў прыняцця дзейсных мер для больш эфектыўнага сацыяльна-эканамічнага развіцця Гродзенскай вобласці. На гэтым Кіраўнік дзяржавы акцэнтаваў увагу 13 жніўня ў час рабочай паездкі ў Гродзенскую вобласць.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што пачаў гэту рабочую паездку не з наведвання канкрэтных прадпрыемстваў, а з аналізу сацыяльна-эканамічнага развіцця рэгіёна. "Мяне цікавіць перш за ўсё, як выконваюцца тыя планы, якія былі акрэслены як "Матрыца задач для вертыкалі ўлады" - яна была распрацавана ў канцы мінулага года. Дамовіліся, што будзем рэгулярна кантраляваць працэс рэалізацыі важнейшых прагнозных паказчыкаў. Мяне хвалюе, што ў такім моцным рэгіёне, як Гродзеншчына, па выніках першага паўгоддзя не выкананы пяць з васьмі ключавых паказчыкаў эфектыўнасці работы", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт падкрэсліў, што чакае прынцыповай размовы аб прычынах дапушчанага адставання і невыканання шэрага даручэнняў, а таксама аб канкрэтных мерах па ўстараненні недахопаў і вырашэнні існуючых у рэгіёне праблем. Кіраўнік дзяржавы дадаў, што таксама хоча пачуць пазіцыю прадстаўнікоў кантралюючых органаў і міністэрстваў, у чым недапрацоўваюць мясцовыя ўлады, якое іх узаемадзейнічанне з рэспубліканскімі структурамі. "Мы сабраліся для таго, каб не пакараць адзін аднаго, не напружыць абстаноўку, а дакладна, пэўна адказаць на тыя выклікі, якія кідае нам час", - падкрэсліў беларускі лідар.

Як далажыў Прэзідэнту Старшыня Камітэта дзяржкантролю Леанід Анфімаў, многія пытанні ў рэгіёнах не вырашаюцца з-за таго, што мясцовыя органы ўлады не даводзяць наяўнасць праблемных сітуацый да ўрада краіны. Ён у сваю чаргу знаходзіцца ў няведанні і не можа вырашыць праблемы. "Ёсць такія пытанні, якія трэба вырашаць на ўзроўні міністэрстваў і ўрада, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Я ведаю гэту праблему, яна ёсць: губернатары не паставілі жорстка пытанні ва ўрадзе, але ва ўрадзе і рады, што перад імі жорстка не паставілі пытанне".

Прэзідэнт падкрэсліў: "За гэта будзе строгае патрабаванне. Калі губернатар не вядзе дыялог з урадам, значыць, будзе новы губернатар. Калі ўрад не разумее мясцовыя органы ўлады, значыць, будзе новы ўрад".

У ходзе нарады адбылася грунтоўная і дэталёвая размова аб недапрацоўках і праблемах, якія існуюць у вобласці. Сваё бачанне сітуацыі выклалі як кіраўнікі ведамстваў, вобласці і раёнаў, так і некаторых прадпрыемстваў, дзе ёсць пэўныя пытанні з выкананнем прагнозных паказчыкаў.

У прыватнасці, Кіраўніка дзяржавы цікавіла, як развіваецца ААТ "Краснасельскбудматэрыялы". Дырэктар таварыства Валянцін Вераціла далажыў Прэзідэнту, што прадпрыемства мае намер выйсці на прыбытковую работу да канца 2016 года. "Мы ўтрымаліся на рынках, нарошчваем экспарт, плацежаздольнасць прадпрыемстваў палепшылася, таму да канца года выйдзем на прыбытковую работу. Ужо сёння Br13,5 млрд (недэнамінаваныя рублі) чыстага прыбытку мы атрымалі ад рэалізацыі прадукцыі па выніках чэрвеня. І нарошчваем аб'ёмы вытворчасці цэменту", - сказаў Валянцін Вераціла.

Як адзначыў на нарадзе Прэзідэнт, каб даведацца, якія праблемы існуюць у рэгіёнах, ён наведвае як перадавыя, так і адстаючыя прадпрыемствы. "Пры маім наведванні таго ці іншага рэгіёна кожны стараецца не ўдарыць у гразь тварам і прадставіць лепшае, што ёсць. Але тым не менш я павінен бачыць і горшае. Гэта паскарае работу і мясцовых кіраўнікоў, і губернатара. Яны больш пачынаюць удзяляць увагі тым прадпрыемствам, якія маюць патрэбу ў гэтым, а лепшыя і без нашай увагі будуць развівацца", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Адразу ж пасля нарады Кіраўнік дзяржавы наведаў стратны Ваўкавыскі завод дахавых і будаўніча-аддзелачных машын, што не было прадугледжана праграмай рабочай паездкі.

На прадпрыемстве Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з турэцкім інвестарам, які хацеў бы набыць праблемны завод. "Калі мы дамаўляемся, што вы за два гады прыведзяце тут усё ў парадак, паставіце высокатэхналагічнае абсталяванне і пачняце вырабляць экспартна арыентаваную прадукцыю, то вам будзе прадастаўлена пяцігадовая адтэрміноўка", - адзначыў беларускі лідар. Пры гэтым Прэзідэнт падкрэсліў, што падтрымліваць новаўвядзенні і дапамагаць інвестару будуць кіраўніцтва раёна і вобласці. Аляксандр Лукашэнка даручыў Старшыні КДК Леаніду Анфімаву курыраваць рэалізацыю гэтага праекта.

Незапланаваным стала і наведванне Кіраўніком дзяржавы адной з лепшых гаспадарак рэгіёна ААТ "Хацькоўцы", у прыватнасці малочнатаварных ферм "Янова" і "Рупейкі".

Прэзідэнт падрабязна азнаёміўся з тым, як функцыянуе гаспадарка, якія ёсць праблемы. "Чаму я на гэтыя фермы заехаў? Мы пачынаем ствараць новыя комплексы - новае з'явілася, а пра старыя фермачкі забываем", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што на гэтых фермах заўсёды павінен быць парадак.