Рабочая паездка ў Гродзенскую вобласць
- 5
- 2:17
Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў больш эфектыўнага развіцця Гродзенскай вобласці па ўсіх напрамках. Гэта патрабаванне Кіраўнік дзяржавы агучыў 14 лістапада ў час рабочай паездкі ў Гродзенскую вобласць.
Кіраўнік дзяржавы наведаў Гродзенскую ГЭС, якая з'яўляецца буйнейшай на тэрыторыі Беларусі, і азнаёміўся з яе работай. Яе магутнасць складае 17 МВт. У эксплуатацыю яна ўведзена ў жніўні 2012 года. У мінулым годзе Гродзенскай ГЭС выпрацавана 91,7 млн кВт.гадз электраэнергіі, што дало магчымасць замясціць каля 22 млн куб.м імпартуемага прыроднага газу. Прычым сабекошт вытворчасці электраэнергіі на гэтай гідраэлектрастанцыі не перавышае 3,5 цэнта ЗША за 1 кВт.гадз. Яна можа забяспечыць электраэнергіяй патрэбнасці як мінімум двух раёнаў - Свіслацкага і Ашмянскага або ж Зэльвенскага і Мастоўскага.
Акрамя асноўнага прызначэння, вадасховішча можна выкарыстоўваць у тым ліку для развіцця водных відаў спорту і турызму. Прычым пры яго стварэнні не праводзілася адсяленне жыхароў, не зносіліся гаспадарчыя пабудовы. Створанае вадасховішча не займае землі сельгаспрызначэння і знаходзіцца ў межах узняцця вады ў рацэ Нёман у перыяд веснавых паводак. У выніку днопаглыбных і берагаўмацавальных работ добраўпарадкавана больш як 300 га раней невыкарыстоўваемай тэрыторыі.
Аляксандра Лукашэнку праінфармавалі аб выкананні яго даручэнняў наконт развіцця Беларускай энергетычнай сістэмы і будаўніцтва гідраэлектрастанцый.
Адным з напрамкаў зніжэння імпарту энерганосьбітаў з'яўляецца менавіта выкарыстанне гідраэнергетычнага патэнцыялу. Паводле ацэнкі спецыялістаў, максімальная магутнасць усіх вадацёкаў Беларусі складае 850 МВт.
Прэзідэнт Беларусі паставіў задачу дакладна вызначыцца з аб'ёмамі будаўніцтва гідраэлектрастанцый у бліжэйшай перспектыве ў Беларусі, цяпер у Беларусі дзейнічаюць 45 ГЭС. Дзяржаўная праграма будаўніцтва гідраэлектрастанцый у 2011-2015 гадах у Беларусі першапачаткова прадугледжвала будаўніцтва (рэканструкцыю) 33 ГЭС. У 2011-2013 гадах праграмай прадугледжваўся ўвод у эксплуатацыю 16 аб'ектаў агульнай магутнасцю 18,7 МВт. У 2013 годзе выпрацоўка электраэнергіі дзеючымі ГЭС склала 136,7 млн кВт.гадз, што ў 2,8 раза больш, чым у 2010 годзе.
Мінэнерга ў адпаведнасці з праграмай плануе рэалізацыю яшчэ трох праектаў. У прыватнасці, будаўніцтва Полацкай ГЭС магутнасцю 21,75 МВт на рацэ Заходняя Дзвіна, Віцебскай ГЭС магутнасцю 40 МВт таксама на Заходняй Дзвіне і Нёманскай ГЭС магутнасцю 20 МВт на рацэ Нёман. Акрамя аб'ектаў, уключаных у праграму, Мінэнерга таксама мае намер ажыццявіць праекты па будаўніцтве Бешанковіцкай ГЭС, Верхнядзвінскай ГЭС і каскада ГЭС на рацэ Днепр.
Спецыялісты расказалі, што ГЭС маюць вялікі перыяд акупнасці. Разам з тым у перспектыве, з улікам плануемага росту цэн на газ, гідраэлектрастанцыі будуць мець большае значэнне ў Беларускай энергетычнай сістэме.
Аляксандр Лукашэнка, выслухаўшы гэтыя довады, адзначыў, што ў свой час ён сам быў ініцыятарам устаноўкі ГЭС на раўнінных мясцовасцях. "Калі сёння або як мінімум заўтра, а не паслязаўтра належнага эфекту не будзе, то мы будзем думаць, што рабіць далей. Калі б былі лішнія грошы, то чаму тады не ўкласці. Але ў нашых цяперашніх умовах паўстае пытанне: ці варта ў такіх аб'ёмах гэтым займацца, будаваць гэтыя станцыі?" - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Разам з гэтым ён адзначыў, што будаваць гідраэлектрастанцыі, як бы там ні было, трэба. "Трэба хаця б для таго, каб захаваць гэту школу будаўніцтва гідраэлектрастанцый, каб у будучым яе потым не аднаўляць. Але галоўнае пытанне аб'ёмаў - ці трэба будаваць столькі", - падкрэсліў Прэзідэнт.
На думку першага віцэ-прэм'ера Уладзіміра Сямашкі, будаўніцтва ГЭС з'яўляецца мэтазгодным менавіта з улікам мяркуемага ў перспектыве росту цэн на газ. Міністр энергетыкі Уладзімір Патупчык таксама лічыць, што ў перспектыве будзе атрыманы вялікі сістэмны эфект ад будаўніцтва ГЭС. Аляксандр Лукашэнка даручыў усебакова вывучыць гэта пытанне з улікам эканамічнай мэтазгоднасці далейшага развіцця гідраэлектрастанцый у Беларусі.
Прэзідэнт Беларусі таксама запатрабаваў празрыстых тарыфаў у дзейнасці ЖКГ, у тым ліку на электраэнергію. "Мы павінны ведаць і празрыста паглядзець на ўсе тарыфы ў ЖКГ", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы. Ён адзначыў, што пры назначэнні міністра энергетыкі Уладзіміра Патупчыка ставіў такую задачу.
Потым у Гродне прайшла нарада з актывам Гродзенскай вобласці, у час якой старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Краўцоў далажыў аб стане і перспектывах сацыяльна-эканамічнага развіцця рэгіёна.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што пры назначэнні Уладзіміра Краўцова старшынёй Гродзенскага аблвыканкама была дамоўленасць: пасля таго як ён увойдзе ў курс спраў і асвоіцца на новым месцы, адбудзецца грунтоўная размова аб задачах і перспектывах развіцця рэгіёна. "Гродзеншчына ў нашай краіне на асаблівым рахунку, і я пастаянна стаўлю яе ў прыклад, - падкрэсліў Прэзідэнт. - У ёй актыўна вядзецца мадэрнізацыя многіх прамысловых і сельгаспрадпрыемстваў. Вобласць з'яўляецца адным з лідараў у вытворчасці малака, мяса, збожжавых культур. Удзельная вага рэгіёна ў валавым унутраным прадукце краіны складае 8,5%, сельскагаспадарчай вытворчасці - больш як 16%. Аднак апошнім часам выклікае занепакоенасць запаволенне тэмпаў сацыяльна-эканамічнага развіцця вобласці".
Як паказвае статыстыка, рэгіён паступова страчвае свае перадавыя пазіцыі ў сельскай гаспадарцы, хоць умовы на харчовых рынках краіны, Мытнага саюза, іншых рынках больш чым спрыяльныя для нарошчвання вытворчасці і экспарту сельскагаспадарчай прадукцыі, заўважыў Прэзідэнт. За студзень - верасень бягучага года рэалізацыя жывёлы і птушкі на забой скарацілася на 6%. Другі год запар назіраецца значнае зніжэнне пагалоўя свіней. Вытворчасць свініны зменшылася на 15 з 25 буйных свінагадоўчых комплексаў. А па аднаўленні і вытворчасці свініны было канкрэтнае даручэнне Прэзідэнта, і яго выкананне знаходзіцца пад пагрозай зрыву. Кіраўнік дзяржавы пацікавіўся, у чым прычына такога стану спраў.
"Традыцыйна наш народ любіць свініну. Гэта вельмі добрае мяса, - адзначыў Прэзідэнт. - А калі сала ёсць, то гэта карысны халестэрын. Гэта нават больш карысна, чым некаторае мяса".
"І ват не таму. А таму, што ўсюды абвал па свініне. І той, хто першым у гэтым плане выйдзе на паверхню, той атрымае найбольшы прыбытак, - лічыць Аляксандр Лукашэнка. - І вы ж разумееце, запоўніцца правал, але гэта ўжо іншая будзе гісторыя і іншыя цэны".
Прэзідэнт лічыць, што краіне трэба скарыстацца перавагамі дзяржаўнай эканомікі і, згрупаваўшыся, нарасціць вытворчасць свініны.
"Прыватнік хутка не разгорнецца, вось паглядзіце. Прыватнік цяпер кінуў гэту свініну, заняўся нечым іншым, галоўнае - каб грошы ішлі. А нам трэба і народ накарміць, і разам аб'яднацца, згрупавацца і выскачыць ў сярэдзіне наступнага года на піку высокіх цэн, акупіць імгненна свае затраты па свініне", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Ён таксама засяродзіў увагу на сітуацыі з нядаўна ўведзенымі малочнатаварнымі комплексамі, дзе запланаваны ўдой забяспечаны толькі на трох з 17 комплексаў. У сувязі з гэтым Прэзідэнт задаў заканамернае пытанне: куды глядзяць члены выканкама, першы намеснік старшыні аблвыканкама?
Акрамя таго, Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на недастатковую загрузку прадпрыемстваў, якія перапрацоўваюць сельскагаспадарчую прадукцыю (па перапрацоўцы мяса загрузка складае 93%, што на 4% ніжэй за мінулагодні перыяд, па перапрацоўцы малака - 90%). Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што сёння ёсць унікальны шанц узняць гэту галіну на самы высокі ўзровень. У сувязі з гэтым ён пацікавіўся, як вобласць плануе нарасціць экспарт ва ўмовах павышанага попыту на прадукты харчавання.
Прэзідэнт асаблівую ўвагу ўдзяліў існуючым праблемным пытанням у прамысловасці. У бягучым годзе тэмп росту прамысловай вытворчасці ў вобласці склаў 101,2%. Прычым прырост дасягнуты пераважна за кошт шэрага прадпрыемстваў апрацоўчай прамысловасці. Напрыклад, у дрэваапрацоўцы рост аб'ёмаў выпуску - 21%. Але пры гэтым рэалізацыя прадукцыі значна адстае - амаль двухмесячны аб'ём вытворчасці ляжыць на складзе. "Каму патрэбна такая работа?" - задаў пытанне Аляксандр Лукашэнка.
Прадаўжаючы тэму, Прэзідэнт нагадаў аб мадэрнізацыі, у прыватнасці дрэваапрацоўчых прадпрыемстваў.
"Вельмі небяспечная тэндэнцыя, на якую я хачу звярнуць увагу і ўрада, і Камітэта дзяржаўнага кантролю - мы ўклалі вялікія сродкі, а яшчэ больш патрацілі нерваў і чалавечых лёсаў пры мадэрнізацыі, - адзначыў Кіраўнік дзяржавы. - мы столькі ўклалі. І вось калі мы мадэрнізуем прадпрыемствы, а прадукцыю, якую атрымліваем, потым не можам прадаць - гэта злачынства. Навошта мы ўкладвалі сродкі? Навошта мы пайшлі на гэтыя ўкладанні, ведаючы, што мы гэту прадукцыю не прададзім?"
"А хутчэй за ўсё пытанне яшчэ ў тым, што прадукцыю вырабілі, а да гэтага спалі, не паглядзелі на рынкі, не дамовіліся, кантракты не заключылі, - прадоўжыў Прэзідэнт. - Вось гэта вельмі важна - прымусіць мэблевыя прадпрыемствы працаваць і пастаўляць гэту прадукцыю на экспарт".
"Мы ішлі на мадэрнізацыю таму, што сыравіна ў нас свая, і, па-другое, разлічвалі, што гэта будзе запатрабавана на рынках. Вы ж мяне ў гэтым пераконвалі! Таму недапушчальна, калі прадпрыемствы мадэрнізавалі і не можам, атрымаўшы прадукцыю на новым прадпрыемстве, яе прадаць. Гэта злачынства!" - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Паводле яго слоў, у 10 з 17 раёнаў наогул няма прыросту вытворчасці. Напрыклад, Гродзенскі, Лідскі і Слонімскі раёны не выходзяць нават на мінулагодні ўзровень. Кіраўнік дзяржавы пацікавіўся, чаму за апошні год гэтыя развітыя ў прамысловых адносінах раёны не толькі не прыраслі, а пайшлі ў мінус.
Акрамя таго, Прэзідэнт звярнуў увагу на зніжэнне вытворчасці ў шэрага вала- і горадаўтваральных прадпрыемстваў вобласці. Сярод іх адкрытыя акцыянерныя таварыствы "Лідахлебапрадукт", "Скідзельскі цукровы камбінат", "Лакафарба" і "Белкард".
"Мне дакладваюць аб махінацыях са складскімі запасамі, - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. - На Лідскім заводзе электравырабаў скрылі ад уліку гатовай прадукцыі амаль на Br7,5 млрд. У Гродзенскім "Белдругаспалімеры" знізілі кошт запасаў да нарматыву толькі на паперы. Скажыце, каму трэба гэта ашуканства? Гэта наогул не гродзенскі стыль".
"Ну навошта вы гэта робіце? - адзначыў Прэзідэнт. - Не трэба чужое браць, тым больш у дзяржавы. Мы ваюем тут за кожны мільён долараў. А што перад падпісаннем саюзнага дагавора адбывалася па гэтым манеўры ў Расіі! Як $1,5 млрд адваявалі ў іх нашых жа грошай, а потым бах - па манеўры $1,5 млрд гэтак жа забралі! Там даходзіла да такой бойкі, што далей няма куды! І я што, буду цярпець, калі нехта ў мяне на вачах крадзе?! Ніколі не буду цярпець! Прытым я ўжо 20 гадоў усіх папярэджваю аб гэтым. Іншага не будзе. І заўсёды кажу: мужыкі, вы ўбачыце, што я што-небудзь узяў у дзяржавы, украў - крадзіце. Але калі ў вас няма такіх фактаў і вы ведаеце, што ні я нічога не ўкраў, ні мая сям'я - я нікому не дарую".
"Таму беражыце сябе, беражыце тых людзей, якія вам падначалены, лішні раз папярэдзьце, праверце. Ну няўжо дырэктару мясакамбіната чаго-небудзь не хапае, груба кажучы?! - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Тут палітыка стане больш строгай".
"Калі мне прыносяць недастаткова дакладную інфармацыю - шмат людзей было абаронена мной, але калі вось так робяць нягоднікі - літасці ніякай не будзе! - падкрэсліў Прэзідэнт. - У сувязі з гэтым хачу сказаць: вы самі перш за ўсё будзьце прыкладам для людзей, якія вам падначалены, і выкараняйце гэтых зладзюг. Таму што за карупцыю іх ніхто не выпусціць. За карупцыю будзеш сядзець усё жыццё. Тым больш заканадаўства становіцца больш строгім".
У сувязі з гэтым Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на неабходнасць ратацыі кадраў. "Тут марудзіць нельга. Няма выніку - прымайце рашэнне. Толькі сячы з-за пляча і крыўдзіць людзей не трэба", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт асабліва закрануў пытанне прыцягнення і эфектыўнага выкарыстання інвестыцый у асноўны капітал. На гэтыя мэты ў студзені - верасні бягучага года Гродзенская вобласць выкарыстала Br17,5 трлн. Аднак у супастаўных цэнах гэта ўсяго толькі 90,5% да ўзроўню 2013 года. Па такім важным паказчыку вобласць апусцілася на чацвёртае месца ў краіне.
Кіраўнік дзяржавы лічыць, што значнай праблемай рэгіёна з'яўляецца недастатковая эфектыўнасць капіталаўкладанняў, калі ўводзімыя ў строй вытворчасці працуюць не на поўную сілу. Адзін з негатыўных прыкладаў - прадпрыемства "Конус". Ужо амаль тры гады магутнасці тут загружаны толькі напалавіну. Пад гэту арганізацыю ў свой час ствараўся праект абароны ад карозіі буйнагабарытных металаканструкцый, на які было затрачана Br185 млрд. Аднак належнай аддачы ад інвестыцый да гэтага часу няма. "Вы скажаце, што гэта прадпрыемства рэспубліканскай формы ўласнасці. Але я ўсіх губернатараў папярэджваю аб адказнасці за кожны вытворчы аб'ект на тэрыторыі вобласці, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Паколькі калі распрацоўваўся і ажыццяўляўся гэты праект, мясцовая ўлада не пярэчыла. А цяпер што - гэты завод нікому не патрэбны?"
Прэзідэнт адзначыў, што ў цяперашніх умовах катэгарычна недапушчальны непрадуманыя фінансавыя затраты, ніякіх авантур тут быць не павінна. "Павінна быць строгае патрабаванне і персанальная адказнасць за бесгаспадарчасць", - запатрабаваў Аляксандр Лукашэнка.
Ён адзначыў, што ў Гродзенскай вобласці няважныя справы з замежнымі інвестыцыямі. За 9 месяцаў на чыстай аснове прыцягнута толькі каля $49 млн. У параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года гэта менш амаль на 35%.
У сувязі з гэтым Прэзідэнт пацікавіўся, што робіцца ў Гродзенскай вобласці для больш актыўнага выкарыстання свайго суседства з краінамі Еўрапейскага саюза, напрыклад Літвой і Польшчай. "Кожны год праводзіце нейкія інвестыцыйныя форумы, шмат шуму ў прэсе. Гэта правільна. А дзе вынік? У вас павінны быць польскія і літоўскія прамыя інвестыцыі, а не чаўнакі, якія шмыгаюць туды і назад праз граніцу", - сказаў Прэзідэнт.
Паводле яго слоў, амаль трэць насельніцтва ў прыгранічных раёнах нідзе толкам не працуе і жыве за кошт паездак у суседнія краіны Еўропы. "Куды гэта варта, што мы параджаем? Пакаленне спекулянтаў, якое плодзіць ценявую эканоміку? Ад такіх "прадпрымальнікаў" добрых інвестыцый не дачакаешся", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.
Ён таксама пацікавіўся, ці ўсё зрабіла мясцовая ўлада для рэалізацыі праектаў па развіцці вытворчасцей з выкарыстаннем мясцовай сыравіны, імпартазамяшчэння, выпуску экспартаарыентаванай прадукцыі, як уключаецца прадпрымальніцкая ініцыятыва ў прыярытэтныя для краіны напрамкі.
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка адзначыў сур'ёзныя хібы ў рабоце з кіруючымі кадрамі ў Гродзенскай вобласці. Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, асобныя арганізацыі і прадпрыемствы гадамі застаюцца без кіраўнікоў, замяшчэнне вакантных пасад вядзецца недапушчальна марудна. Кадравыя рашэнні ў аграпрамысловым комплексе прымаюцца з вялікім спазненнем, толькі пасля таго, як правалы ў рабоце ўжо відавочныя. Так адбылося і пры змене кіраўніцтва Іўеўскага, Лідскага і Слонімскага райсельгасхарчаў, а таксама валаўтваральных гаспадарак.
Усяго за апошнія два з палавінай гады з 17 начальнікаў упраўленняў па сельскай гаспадарцы і харчаванні ў райвыканкамах змяніліся 16, у тым ліку толькі з красавіка па кастрычнік гэтага года - 6 чалавек.
Прэзідэнт лічыць, што прынцыповая ацэнка прафесійных і асобасных якасцей кандыдатаў на вышэйстаячыя пасады часта даецца павярхоўна. Таму бывае так, што назначаюцца прафесійна непадрыхтаваныя людзі.
"Што датычыцца стылю работы, трэба прызнаць, што кіраўніцтва вобласці знізіла кантроль за выкананнем пастаўленых задач. Гэта не можа не насцярожваць", - перакананы Кіраўнік дзяржавы. На яго думку, з прыходам новага старшыні аблвыканкама ў кіраўнікоў мясцовых органаў улады стала больш магчымасцей для праяўлення ўласнай ініцыятывы, і гэта добра. Разам з гэтым не ўсе з іх былі гатовы да такіх метадаў работы. "Асобныя кіраўнікі зразумелі такую самастойнасць па-свойму, як вольніцу ў выкананні даручэнняў вышэйстаячых органаў, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Усё гэта прывяло да зніжэння выканальніцкай дысцыпліны і сацыяльна-эканамічных паказчыкаў".
Прэзідэнт падкрэсліў, што новаму губернатару Уладзіміру Краўцову пры назначэнні былі дадзены ўсе правы і ён абавязаны строга патрабаваць з падначаленых за вынікі работы. "Двойчы паўтараць у цяперашніх умовах не даводзіцца, тым больш угаворваць, - лічыць Кіраўнік дзяржавы. - Вашы патрабаванні павінны няўхільна выконвацца".
Кіраўнікам выканкамаў усіх узроўняў трэба не толькі ведаць рэальную сітуацыю, але і аператыўна рэагаваць па кожнай негатыўнай з'яве на прадпрыемствах і ў арганізацыях, запатрабаваў Аляксандр Лукашэнка.
"Накіроўваючы новага губернатара ў Гродзенскую вобласць, я не хацеў, каб сюды прыйшоў чалавек, які без разбору махае шашкай, здымаючы галовы дзе трэба і не трэба. Тут вельмі талковыя і дасведчаныя людзі, адказныя, амбіцыйныя і сумленныя, як нідзе ў нашай краіне. Але гродзенцы з гэтымі станоўчымі якасцямі маюць патрэбу ў вельмі строгай і дакладнай дысцыпліне і кантролі, і яны заўсёды гэта падтрымлівалі. Калі вы прынялі нейкае рашэнне або губернатар што-небудзь даручыў, гэта павінна няўхільна выконвацца. У адваротным выпадку гродзенцы гэта зразумеюць адразу і заўтра вы ўжо не зможаце імі кіраваць", - падкрэсліў Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы, закранаючы тэму карупцыі ва ўладзе, падкрэсліў: "Я ўжо неаднаразова гаварыў, што гэта зло мы будзем выпальваць гарачым жалезам. Тут недатыкальных няма і быць не можа. Вы аб гэтым ведаеце, гэта не навіна".
"Але што адбываецца на Гродзеншчыне?" - задаў пытанне Прэзідэнт. За 9 месяцаў бягучага года 69 службовых асоб органаў улады і кіравання, дзяржаўных устаноў, арганізацый і прадпрыемстваў учынілі злачынствы карупцыйнай накіраванасці.
"Гэта выклікае асаблівае абурэнне, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Замест таго, каб стаяць на варце дзяржаўных інтарэсаў, яны наносяць значны ўрон эканоміцы і падрываюць аўтарытэт улады".
Прэзідэнт запатрабаваў прыцягваць да адказнасці тых, хто перасаджвае з аднаго кіруючага крэсла ў іншае кіраўнікоў, якія правалілі справу. Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў, каб усе гэтыя факты ў бліжэйшы час былі прааналізаваны Адміністрацыяй Прэзідэнта, а Камітэт дзяржкантролю пракантраляваў гэта пытанне. "Мне павінны быць пакладзены на стол меры, якія прыняты да тых, хто іх перасаджваў з аднаго месца на іншае. Такія з'явы трэба выкараняць у зародку, каб не было панадна нікому", - запатрабаваў Кіраўнік дзяржавы.
Паводле слоў Прэзідэнта, сёння шмат размоў аб тым, што "ў нас не так добра, у нас наогул недзе дрэнна, а вось побач, у Польшчы, вунь як жывуць". "Не мне вам тлумачыць, як жывуць у Польшчы. Гэта вы ведаеце лепш, і, калі вы яшчэ тут да гэтага часу жывяце, значыць вы зрабілі правільны вывад. Там добра, дзе нас няма", - прадоўжыў Кіраўнік дзяржавы.
Паводле яго слоў, Польшча, ды і іншыя краіны пільна прыглядаюцца да Беларусі, асабліва да Гродзенскай вобласці, адной з жамчужын рэспублікі. На думку Аляксандра Лукашэнкі, такой прыроды і прыгажосці, як у гэтым рэгіёне, такога горада, як Гродна, у свеце больш не знойдзеш. "Усе кажуць: вось Швейцарыя. Так, я быў у Швейцарыі, але я там жыць не хацеў бы. Прыгожыя мясціны, горы, але тэрыторыя краіны празмерна перанаселена. А ў нас такая ж прыгажосць. Ніхто нікому не перашкаджае жыць. Гэта я вам кажу не для таго, каб вас агітаваць любіць сваю зямлю. Гэта справа густу. Я, вядома, хацеў бы, каб вы яе любілі і ставіліся да яе так, як стаўлюся я, - адзначыў Кіраўнік дзяржавы. - Але запомніце адно - і рускія, і ўкраінцы, і яўрэі, і палякі - гэта наша, ваша зямля, і вас ніхто нідзе не чакае. Лепшай зямлі для вас не будзе".
"Калі мне з Польшчы афіцыйныя асобы і іншыя пачынаюць гаварыць аб паляках, я ў іх адразу пытаюся: вы аб якіх паляках? Вы павінны запомніць, што ў Гродне палякі - гэта нашы палякі, і гэта іх зямля. І парабкамі нават там, дзе жывуць іх суайчыннікі, яны не будуць. Яны будуць гаспадарамі, але на гэтай зямлі", - прадоўжыў Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы таксама падкрэсліў, што зрабіў усё, што абяцаў ва ўсе свае перадвыбарныя кампаніі. "Ніхто над вамі не стаіць, - сказаў ён. - Вы вучыцеся, працуеце. Колькі працуеце - столькі зарабляеце. Вы ходзіце сваёй дарогай да храма. У той храм, у які вы хочаце. Ніхто ніколі не будзе вам перашкаджаць - гэта справа вашага сумлення". "Сумленнасць і справядлівасць, якую я вам абяцаў, да гэтага часу ў аснове маёй палітыкі", - запэўніў Аляксандр Лукашэнка.
"Я падладжваццані пад каго не маю намеру. Падладжваннепрыводзіць да развалу, распаду дзяржавы. Як толькі мы пачнём дзяліць нашу зямлю па нацыянальнай прыкмеце, вы ведаеце, як будзе, - прыклад на поўдні, - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы. - Гэта ваша зямля, і вы павінны клапаціцца, каб яна станавілася прыгажэйшай і лепшай. Але для гэтага трэба ўкладаць свой розум і сваю працу".
"Трэба фарміраваць кіруючы склад, які будзе балець за краіну. Іншай зямлі ў нас не будзе, - сказаў Прэзідэнт. - Мы павінны гэту зямлю ўтрымаць. Я часта кажу: пад бізуном нам надакучыла ўжо хадзіць і не трэба рабіць так, каб нашы дзеці потым пасля нас пакутавалі. Таму цана пытання - наша незалежнасць, сапраўдная, не ўяўная, не палітычная балбатня і размовы. Мы стварылі з вамі сваю дзяржаву, дык трэба яе ўмацаваць сёння".
Аляксандр Лукашэнка лічыць, што ў аснове ўсяго стаіць эканоміка.
"Калі ў нас будзе эканоміка працаваць, як трэба, нам нічога не страшна: ні каляровыя рэвалюцыі, ні знешнія інтэрвенцыі - нічога! Але калі мы самі нахілімся, загразнем у карупцыі, безадказнасці, невыканаўчасці - гэта будзе глеба для гэтых каляровых рэвалюцый. І гэта будзе галоўны фактар перамогі гэтых каляровых рэвалюцый", - адзначыў Прэзідэнт.
"Ва Украіне так было. І так было ва ўсіх краінах, дзе зрабілі гэтыя перавароты. Для гэтага павінны ўмовы наспець. Калі б мы далі хоць найменшую падставу за гэтыя гады нашай навейшай гісторыі, нас даўно ўжо ў бараноў рог скруцілі б. Калі такую вельмі багатую дзяржаву, як Украіну, размазалі, то мы былі б першымі на постсавецкай прасторы. Або поўзалі б пад імі, схіляючыся. А нам трэба ўтрымацца. Нам трэба выстаяць. Нам трэба ўмацаваць нашу дзяржаву, якую мы пабудавалі. І галоўнае пытанне - гэта пытанне эканомікі. А ўсё астатняе ў нас ёсць", - лічыць беларускі лідар.
Гродзенская вобласць фарміруе 8,5% валавога ўнутранага прадукту краіны, 16,7% сельгасвытворчасці, 10% прамысловай вытворчасці. Прычым у параўнанні з пачаткам пяцігодкі ўдзельная вага вобласці па кожным з гэтых паказчыкаў, за выключэннем экспарту тавараў, павялічылася.
Уладзімір Краўцоў лічыць, што ў вобласці ёсць усе перадумовы і склалася неабходная дынаміка для выканання большасці паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця па выніках года.
На думку Уладзіміра Сямашкі, вобласці ў цэлым можна даць станоўчую ацэнку. Яна займае другое месца сярод рэгіёнаў па тэмах валавога рэгіянальнага прадукту, уступаючы толькі Мінскай вобласці.
У той жа час ён звярнуў увагу на складаную фінансавую сітуацыю. Першы віцэ-прэм'ер лічыць, што выхад на бясстратную работу суб'ектаў гаспадарання, зніжэнне крэдыторскай, дэбіторскай запазычанасці павінны пастаянна знаходзіцца ў полі дзейнасці кіраўнікоў абласных структур.
У сувязі з гэтым Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на неабходнасць ліквідацыі ў рэгіёне дэбіторскай запазычанасці. "Мы амярцвілі больш як $5 млрд па краіне ў гэтай дэбіторцы, гэтых складскіх запасах", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
"Вось вы зрабіце гэта, а я вам гарантую, што будзе нармальная працэнтная стаўка. Але калі вы затрацілі каласальныя сродкі, вырабілі тавар і яго не прадалі - слухайце, мужыкі, ну адкуль грошы?" - адзначыў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка дадаў, што пачалася ўжо работа адносна банкаў па пытанні дарагоўлі крэдытаў: "Я паспрабую патанніць тое, што ўзялі. Вось яны цяпер паясы зацягнуць, 3% або 4% атрымаюць маржы, а ўсё астатняе - трэба патанніць крэдыты і тыя, якія сёння ёсць".
Прэзідэнт падкрэсліў, што Гродзенская вобласць не павінна забываць аб тым, што ідзе ў авангардзе развіцця.
"Вядома, дрэнна, што не выконваюцца паказчыкі, называліся 5 з 9, дрэнна, што ў нас у Гродзенскай вобласці ў два разы павялічылася колькасць стратных прадпрыемстваў, нікуды не варта, калі растуць складскія запасы і яшчэ аб'ёмы гоніце на склад. Гэта недапушчальна - амярцвляць сродкі, іх і так сёння не хапае. Дрэнна, што ў вас будуецца жыллё ў вёсцы, больш як 200 з лішнім дамоў у год, а незаселеных - больш за 600", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.
"Але яшчэ больш дзіўна, што вы плануеце павелічэнне вытворчасці агародніны і садавіны, і гэта правільна, на вашай зямлі гэта ўсё павінна расці, але вы апераджальнымі тэмпамі або хаця б сінхронна не пабудавалі сховішчы. Гэта што, зноў па-савецку? Вырасцім і 30% потым спішам на гніллё? Гэта недапушчальна", - падкрэсліў Прэзідэнт.
"Паглядзіце, як мы пачалі працаваць, калі пабудавалі сховішчы па агародніне, садавіне і бульбе. Мы ў іх заклалі прадукцыю, бачым - цана не тая, чакаем, цана ў два-тры разы вышэйшай стала - пачалі прадаваць. І рэнтабельнасць 70% і вышэйшая. На нафце столькі сёння не заробіш. 70% рэнтабельнасць бульбы там, дзе нармальна вырошчваецца", - прывёў прыклад Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка закрануў таксама пытанне нарошчвання паставак прадукцыі на экспарт.
"Мяне здзіўляюць вашы стогны па Расіі. Так, дэвальвацыя расійскага рубля, наш асноўны рынак. Хоць я мог сказаць: трэба было і іншыя рынкі шукаць. Але іх так хутка не знойдзеш. Але глядзіце: сёння расійскае эмбарга распаўсюджана на вашых суседзяў, перш за ўсё Польшчу і Літву, - адзначыў Прэзідэнт. - Вы чаму, каб урон ад дэвальвацыі пераадолець, не выкарыстоўваеце сыравіну Польшчы і Літвы? Танную сыравіну? Вазьміце ў іх за паўцаны сёння гэту сыравіну або за трэць цаны, па сабекошце, ім дзявацца няма куды, яны нас нахілялі, а цяпер мы давайце іх нахілім, перапрацуйце ў сябе. У вас, аказваецца, на 10%, а можа, і на 15% недазагружаны магутнасці, танную ўзяўшы сыравіну, чытай - таннейшую, чым наша, прадайце па тых цэнах, што цяпер, у Расіі! Яны не вельмі для нас выгадныя, але ў вас сабекошт будзе ніжэйшы. Вы над гэтым хаця б падумалі?"
"Менш як 1% - гэта што, закупкі? І вы што, адным працэнтам хочаце перакрыць дэвальвацыю расійскага рубля? Варушыцца трэба!" - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт нагадаў, што ў наступным годзе органам улады трэба будзе здаваць экзамен перад народам.
"Давайце дастойна рыхтавацца да экзамену, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Трэба ісці на прэзідэнцкія выбары і людзям сказаць, калі мы, вядома, пойдзем на іх, калі ўсё нармальна будзе, як цяпер, каб не бегаць за людзьмі і не прасіць іх, людзі павінны самі разумець: так, улада не без недахопаў, але дай бог, каб гэта ўлада згадзілася з намі і далей працаваць".
Звяртаючыся да губернатара Гродзенскай вобласці, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што чакае выканання тых абяцанняў, якія былі дадзены на нарадзе.
![]()