Рабочая паездка ў Брэсцкую вобласць

  • 5

Стратэгію развіцця машынабудавання вызначаць у Беларусі ў бліжэйшы час. Аб гэтым 27 мая заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў час наведвання прадпрыемства холдынга "Амкадор" у Пінску.

"Мы рыхтуем вялікую нараду на ўзроўні Прэзідэнта, каб прыняць стратэгічныя рашэнні, - заявіў Аляксандр Лукашэнка. - Цяпер спецыялісты працуюць над праграмай стратэгіі ў машынабудаванні. Але скажу галоўнае: нашаму машынабудаванню быць, і не ва ўрэзаным выглядзе. Мы канкурэнтаздольныя. Ужо няма размовы аб тым, што мы не можам канкурыраваць з Германіяй, Швецыяй або Францыяй. Умеем рабіць не горш за іх".

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што ў свой час было шмат размоў наконт таго, ці трэба ў Беларусі захоўваць і развіваць буйныя прамысловыя вытворчасці, такія як МТЗ, МАЗ, БелАЗ, "Амкадор". Выказваліся меркаванні, што іх трэба ліквідаваць або прадаць, а займацца чым-небудзь іншым. "Мы ўсё гэта захавалі, у тым ліку "Амкадор". Сёння гэта ўжо не тое прадпрыемства, якое было некалі. Гэта вялікі холдынг, куды ўваходзіць каля двух дзясяткаў прадпрыемстваў з больш як 6 тыс. работнікаў. Гэта новая прадукцыя самага высокага ўзроўню, якая карыстаецца попытам у свеце", - канстатаваў Прэзідэнт.

Трэба развіваць тое, што ўмеем рабіць. Таму мы заняліся машынабудаваннем і поўныя рашучасці тут дабавіць", - падкрэсліў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка не выключыў, што інтарэс да арганізацыі вытворчасці ў Беларусі можа праявіць шэраг замежных інвестараў. "У тым ліку еўрапейскія, кітайскія, і ў Расійскай Федэрацыі ёсць людзі з грашамі. Калі ласка, мы іх сюды запрашаем. Мы будзем ствараць беларускі прадукт. Калі яны хочуць укласці свае грошы, калі ласка, укладвайце, разам будзем працаваць."

Як было даложана Прэзідэнту, прадпрыемствы холдынга "Амкадор" у цэлым і ЗАТ "Амкадор-Пінск" у прыватнасці працуюць устойліва, асвойваюць вытворчасць новых перспектыўных лінеек тэхнікі, вырабляюць канкурэнтаздольную прадукцыю і бачаць перспектывы росту. Разам з тым ёсць пэўныя цяжкасці, абумоўленыя знешнімі фактарамі, курсавымі розніцамі, неабходнасцю абслугоўваць крэдыты, узятыя пад стварэнне новых магутнасцей. Усё гэта вымывае частку абаротных сродкаў, якія вельмі неабходны для вытворчасці, асабліва з улікам тэндэнцыі, што намецілася, па росце попыту на адпаведную прадукцыю.

Аляксандр Лукашэнка заявіў, што пытанне аб магчымасці падтрымкі планаў развіцця холдынга "Амкадор" будзе разгледжана. "Каб выйсці з гэтай сітуацыі, не так шмат і трэба - каля $35-40 млн, каб закруціць вытворчасць і выйсці на той узровень у канцы года, які вы плануеце. Паспрабуем вам дапамагчы. Думаю, мы знойдзем такую магчымасць. Але, вядома, патрэбна аддача. Толькі наперад, чаго б нам ні каштавала", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Гаворачы аб рабоце на знешніх рынках, Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што беларускім прадпрыемствам не трэба там канкурыраваць і дзейнічаць раз'яднана. За мяжой неабходна ствараць адзіныя пляцоўкі для продажу тэхнікі і прадастаўлення паслуг.

Асобна Аляксандр Лукашэнка закрануў тэму занятасці, назваўшы найвышэйшай каштоўнасцю захаванне кадравага патэнцыялу, кампетэнтных спецыялістаў рознага ўзроўню. Гэта асабліва актуальна ў крызісны перыяд, калі, дзейнічаючы выключна на рыначных прынцыпах, можа ўзнікнуць спакуса пайсці па самым простым шляху, скараціўшы колькасць работнікаў. У выніку можа быць страчана кампетэнцыя ў той ці іншай сферы і нанесены ўдар па будучым развіцці прадпрыемства. "Гэтага дапусціць нельга. Няхай гэты чалавек крыху менш атрымлівае, але крызіс калісьці заканчваецца", - падкрэсліў беларускі лідар.

Кіраўнік дзяржавы азнаёміўся з выстаўкай узораў найноўшай і перспектыўнай тэхнікі, выпускаемай на прадпрыемствах холдынгаў "Амкадор" і "Салеа". Названыя холдынгі з'яўляюцца буйнейшымі ў Беларусі вытворцамі спецыяльнай тэхнікі і аўтакампанентаў шырокага профілю. Прадпрыемствы холдынгаў вырабляюць 90 мадэлей машын і абсталявання, а таксама больш за 2 тыс. розных відаў вырабаў для гідраўлічных сістэм мабільнай тэхнікі і станочнага абсталявання.

ЗАТ "Амкадор-Пінск" , якое наведваў Прэзідэнт, спецыялізуецца на выпуску экскаватараў, пагрузчыкаў, дарожных каткоў і іншай тэхнікі. "Гэта вялікая вытворчасць. У зямлі свідравіну прабурыць і нешта здабыць таксама патрэбны вопыт і ўменне, але гэта значна прасцей, чым ствараць такое. Мы гэта навучыліся рабіць, у тым ліку "Амкадор", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

У час рабочай паездкі ў Брэсцкую вобласць размова таксама ішла аб сацыяльна-эканамічным развіцці рэгіёна і горада Пінска. Кіраўнік дзяржавы падрабязна цікавіўся ходам нарыхтоўкі кармоў у сельскай гаспадарцы.

Аляксандр Лукашэнка таксама паразмаўляў з прадстаўнікамі працоўнага калектыву ЗАТ "Амкадор-Пінск". Адно з галоўных пытанняў, на якое адказаў Прэзідэнт, датычылася маючага адбыцца Усебеларускага народнага сходу. Гэта мерапрыемства перш за ўсё важна для кіраўнікоў рознага ўзроўню. "Яны павінны пачуць і бачыць, у якім напрамку будзе развівацца краіна, - адзначыў Прэзідэнт. - Будзе сур'ёзная дыскусія па праблемных пытаннях. Гэта няпростыя пытанні. Яны перш за ўсё адчуюць на сабе той груз задач, якія будуць пастаўлены, і будуць прымаць удзел у выпрацоўцы гэтага курсу".

На мерапрыемстве таксама будуць прадстаўлены перадавыя рабочыя, працаўнікі АПК і іншых галін, якія выступяць ад імя сваіх працоўных калектываў.

"Усебеларускі народны сход выпрацоўвае перспектыву. Ён будзе глядзець у цэлым на прамысловасць, як будзем развівацца, якімі тэмпамі, на сельскую гаспадарку, транспарт, будаўніцтва і г.д.", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

"Але галоўны блок - гэта эканоміка. Усе астатнія напрамкі мы прапрацавалі. А па эканоміцы вельмі шмат спрэчак, нават рознагалоссяў. Таму я даручыў на працягу дзесяці дзён дапрацаваць гэту праграму", - дадаў Прэзідэнт.

На яго думку, у праграме сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на пяцігоддзе, якая будзе вынесена на абмеркаванне ў час Усебеларускага народнага сходу, павінны быць прапісаны даволі сур'ёзныя і напружаныя заданні для ўрада. "Мы павінны за пяцігодку, я так думаю, прырасці хаця б на 12 працэнтаў па ВУП. Урад прапануе пакуль 10,1 працэнта", - адзначыў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка таксама расказаў аб рабоце па дыверсіфікацыі экспартных рынкаў, шляхах пераадолення крызісных з'яў у эканоміцы, падыходах да развіцця прамысловасці.

Не засталася ўбаку і спартыўная тэма, у прыватнасці, няўдачнае выступленне зборнай Беларусі па хакеі на чэмпіянаце свету, што прайшоў нядаўна. "Вядома, плюнулі ў душу народу. Такі настрой ва ўсіх. Але не будзем глыбока смуткаваць. Спорт ёсць спорт - усе хочуць выйграць, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Сёння ў хакей не гуляюць, на хакейнай пляцоўцы нават не змагаюцца. Сёння на хакейнай пляцоўцы і ў іншых відах спорту ваююць. Калі ты туды выходзіш, то павінен біцца да апошняга. Мы гэтага не зрабілі. Вось галоўны недахоп нашых хакеістаў. Гэта датычыцца і некаторых іншых нашых спартсменаў".

Прэзідэнт падкрэсліў, што ў тым, што датычыцца дзяржавы, для развіцця хакея зроблена ўсё неабходнае. "Нам трэба ўдзяліць асаблівую ўвагу ўнутранаму чэмпіянату, каб тут былі добрыя ігракі і каманды гулялі на высокім узроўні. Не трэба спадзявацца на адно "Дынама", - заявіў Аляксандр Лукашэнка. - Унутраны чэмпіянат, трэнерскія кадры і строгі падыход да падрыхтоўкі хакеістаў. Спачатку вынік - потым зарплата. Такі будзе падыход".