Прывітанне ўдзельнікам XXXIV пасяджэння Савета па супрацоўніцтве ў галіне аховы здароўя СНД

    Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка накіраваў прывітанне ўдзельнікам XXXIV пасяджэння Савета па супрацоўніцтве ў галіне аховы здароўя Садружнасці Незалежных Дзяржаў. 

    "Ваш савет адыгрывае важную ролю ва ўмацаванні супрацоўніцтва ў сферы аховы здароўя на ўсёй прасторы СНД і ў сённяшніх няпростых умовах каранавіруснай пандэміі на справе пацвердзіў сваю запатрабаванасць", - гаворыцца ў прывітанні.

    Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што дзякуючы своечасова прынятым мерам, абмену вопытам і навуковай інфармацыяй па COVID-19 санітарна-эпідэміялагічная сітуацыя ў дзяржавах Садружнасці знаходзіцца пад кантролем.

    "Упэўнены, што чарговае пасяджэнне савета, як заўсёды, пройдзе ў стваральным ключы, з захаваннем асноватворных прынцыпаў узаемнага даверу, раўнапраўя і з улікам інтарэсаў адзін аднаго, а яго рашэнні і рэкамендацыі стануць дастойным укладам ва ўмацаванне здароўя насельніцтва нашых краін і далейшае развіццё міждзяржаўных адносін", - падкрэсліў Прэзідэнт.