Прывітанне ўдзельнікам XXVIII Міжнароднага форуму па інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогіях "ТІБО-2022"

    Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка накіраваў прывітанне ўдзельнікам і гасцям XXVIII Міжнароднага форуму па інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогіях "ТІБО-2022".

    "Свет уступіў у новую эпоху, і Беларусь па праву ўваходзіць у лік краін, якія найбольш актыўна ўкараняюць працэсы лічбавізацыі ў эканоміцы, дзяржаўным кіраванні, фінансавай і сацыяльнай сферах", - гаворыцца ў прывітанні.

    Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што пляцоўка форуму ўжо шмат гадоў дае выдатную магчымасць для абмеркавання новых падыходаў да кіравання лічбавым развіццём, шырокай прэзентацыі ўжо дасягнутых вынікаў, абмеркавання перспектыў будучых пераўтварэнняў. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што актыўны ўдзел у "ТІБО-2022" прадстаўнікоў Еўразійскай эканамічнай камісіі, дзяржаў - членаў ЕАЭС і СНД дазваляе спецыялістам і экспертам міжнароднага ўзроўню абменьвацца перадавым вопытам, пашыраць самыя крэатыўныя ідэі, заключаць выгадныя кантракты.

    "Упэўнены, што гэта сустрэча ў Мінску будзе яркай і плённай для прафесіяналаў ІТ-індустрыі і шматлікіх гасцей", - падкрэсліў беларускі лідар.

    Прэзідэнт пажадаў удзельнікам і гасцям форуму моцнага здароўя, паспяховай працы і рэалізацыі самых смелых ідэй.