Прывітанне ўдзельнікам і гасцям 31-га чэмпіянату Еўропы па мастацкай гімнастыцы

    Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь, Прэзідэнт Нацыянальнага алімпійскага камітэта Аляксандр Лукашэнка накіраваў прывітанне ўдзельнікам і гасцям 31-га чэмпіянату Еўропы па мастацкай гімнастыцы.

    "У Мінску вялікае спартыўнае свята - чэмпіянат Еўропы па мастацкай гімнастыцы, які сабраў лепшых прадстаўніц гэтага грандыёзнага віду спорту, - гаворыцца ў прывітанні. - Правядзенне ў нас турніру такога ўзроўню - гэта яшчэ адно сведчанне аўтарытэту айчыннай школы мастацкай гімнастыкі, багатай на зорныя імёны і перамогі".

    Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў апошнія гады Беларусь усё часцей прымае самыя прэстыжныя міжнародныя спаборніцтвы па многіх відах спорту. Пры гэтым удзельнікі і госці маюць цудоўную магчымасць азнаёміцца з краінай і набыць тут сяброў.

    "Упэўнены, што гэты чэмпіянат падорыць нам шмат памятных момантаў і натхніць маладое пакаленне на новыя спартыўныя здзяйсненні", - падкрэсліў Прэзідэнт.

    Аляксандр Лукашэнка пажадаў гімнасткам прыгожага саперніцтва і паспяховых выступленняў, гледачам - яркіх незабыўных уражанняў, а арганізатарам спаборніцтваў - плённай працы.