Прывітанне ўдзельнікам ХІV Нацыянальнага тэлевізійнага конкурсу "Тэлевяршыня"
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка накіраваў прывітанне ўдзельнікам ХІV Нацыянальнага тэлевізійнага конкурсу "Тэлевяршыня".
"Гэта яркая і важная падзея ў прафесійным жыцці ўсіх, хто штодзённа стварае інфармацыйную карціну сучаснай гісторыі Беларусі, - гаворыцца ў прывітанні. - Дзякуючы вашым талентам, майстэрству і імкненню да ўдасканалення беларускае тэлебачанне набыло пазнаваемы і непаўторны стыль. Сапраўдным адкрыццём стала айчынная аўтарская журналістыка - вострая і дынамічная, якая пераканаўча адказвае на інфармацыйныя выклікі нашага часу".
Кіраўнік дзяржавы выказаў удзячнасць усім, хто, прытрымліваючыся прынцыпаў журналісцкай этыкі і пераемнасці традыцый, цікава і аб'ектыўна асвятляе падзеі ў краіне і свеце, адкрывае новыя старонкі гістарычнага, культурнага і духоўнага жыцця беларускага народа, стварае ў эфіры вобраз роднай Беларусі.
"Няхай у тэлевізійным і творчым жыцці вам заўсёды спадарожнічаюць глядацкая любоў і прызнанне. Будзьце заўсёды на вяршыні прафесійнага поспеху", - пажадаў Аляксандр Лукашэнка.